Уладзімір Караткевіч
Крытыка
Калі мяне папрасілі напісаць артыкул аб перакладах твораў Байрана на беларускую мову, я не адразу даў згоду, бо недастаткова ведаю мову арыгінала. І ў тым, што вы чытаеце гэтыя радкі, вінавата мая любоў. Любоў да роднай мовы і любоў да Байрана.
Я чытаў творы паэта ў перакладах на іншыя мовы. Чытаў і некалькі дакладных — слова ў слова — празаічных перакладаў ягоных твораў.
Але мне хочацца пагаварыць аб адным: наколькі па-беларуску, наколькі поўна і дакладна гучаць вершы паэта. Ці не супярэчаць яны агульнаму духу мовы, складу думкі? Ці не зрабіў перакладчык з крылаў — купы лахманоў, з каменнай вежы — груды руін? Ці не стаў Байран заікацца?
Практыка нашага перакладу адмяла ўбок шырока распаўсюджаны цяпер сярод паэтаў Захаду дакладны празаічны пераклад сэнсу верша. Бо ён, пакідаючы непарушным "што", незваротна разбурае "як": музыку верша, яго інтанацыі, гучанне слоў і гукаў — усё тое, што складае магію паэзіі, усё, за што мы так пяшчотна яе любім.
І аднойчы сасніўся ёй дзіўны сон,
Родны край, палі і зямля,
І пачула далёкі падводны звон
Лілафея, дачка караля.
Я паспрабаваў перакласці гэта іхнім метадам.
"Аднойчы Лілафея, дачка караля, сасніла дзіўны сон. Сасніла зямлю, палі і родны край. І тут пачула яна далёкі звон пад вадой…" Міла. Прыемна. Прыдасца нават у казку. Але нікуды не варта.
Нашы перакладчыкі разумеюць непадзельнасць "што" і "як", яны абралі свой шлях, бязмерна больш цяжкі, але і больш удзячны: перадаць душу паэта, не страціўшы ні грана сэнсу, ані гуку.
…Я тройчы прачытаў кнігу перакладаў, і яна пакінула ў мяне прыемнае, харошае ўражанне. Гэта сапраўды Байран, які гаворыць "дзе" і "чаго".
І, насуперак выдумкам дасужых балбатуноў (чуў я і такое), гэта яму аніяк не шкодзіць. Англійскі паэт ходзіць у новым, але сваім плашчы, і ён яму пасуе. Відаць, Байран, каб дажыў, слухаў бы гэтыя незнаёмыя гукі з прыемнасцю, а магчыма, і палюбіў бы нас — нават калі б не ведаў усяго астатняга, за што нас варта паважаць і любіць.
Што дзіўнага? Перакладчыкі таксама любяць яго.
Паспрабую сказаць пра іх некалькі слоў. Па парадку. А гэта цяжка, бо я адразу быў уладна захоплены лаканізмам "Урыўка" (пераклад Я. Семяжона) і простай гаротнасцю верша "Што ж, ты — шчаслівая" ў яго ж перакладзе. Нібы і тугі асаблівай няма, часам верш нібы кідаецца ў прозу, але сэрца аж заходзіцца ад болю.
Мікола Аўрамчык зрабіў адзін з найлепшых перакладаў зборніка. Гэта верш "Не ўспамінай, не ўспамінай". Паэту ўдалося перадаць нясцерпную страснасць шэдэўра. Трэба падкрэсліць, што пераважная большасць перакладаў зроблена на ўзроўні гэтага:
Ці ж мне забыць, забыць цябе,
Як расплятаў касу ўсю ноч,
Як сэрца білася, бы птах?
Нібыта бачу зноў цябе —
З паглядам млявых мілых воч,
З агнём кахання на губах.
.
Павекі сплюшчвала ўжо ты,
Яны звужаліся, пакуль
Не прыкрывалі сінь, бы ў сне.
І два чмялі расніц густых
Зляталі ценем на шчаку.
Як ворана пяро — на снег.
Тут усё Байранава. І ўсё — наша. Нават строфіка адпавядае беларускаму сказу, пявучаму, завершанаму ў сваім узвышэнні і падзенні. Сказу, які канчаецца толькі тады, калі не хапае ў грудзях паветра.
"Яўрэйскія мелодыі" — адзін з самых славутых цыклаў паэта — увогуле атрымаўся горш, чым можна было зрабіць. На маю думку, лепшы ў гэтым цыкле верш "Галашэнне Ірада па Марыямне" (пераклад Ю. Гаўрука). Гаўрук наогул шмат зрабіў для таго, каб даць пераклады правільныя, дакладныя, зробленыя на высокім, хоць, можа, і трохі сухаватым прафесійным узроўні. "Схмурнеў мой дух" (пераклад У. Дубоўкі) і "Як ноч у месячнай красе" (пераклад Я. Семяжона) — работы добрыя, але ніжэй магчымасцей перакладчыкаў. Мы будзем яшчэ гаварыць пра гэта.
Спачатку пра Уладзіміра Дубоўку. "Схмурнеў мой дух" — верш выключны, але, па-мойму, мала падыходзіць Дубоўку па духу і самому ладу думкі. У ім — змрочная, сапраўды "біблейская", хмурная патэтыка. Гэта сім-тым эклезіяст, як амаль уся Біблія. А перакладчык — чалавек светлы, рамантычна-мужны, сапраўдны славянскі паэт. Нешта светлае, сімпатычнае, бязмерна трывалае, нягледзячы на душэўную тонкасць, прысутнічае ў ягоным вершы. І вось таму так выключна добра атрымаліся ў яго пераклады двух вершаў са "Стансаў да Аўгусты". Гэта — "Калі згасіў праменне змрок" і "Закацілася сонейка лёсу".
Яны зусім розныя. Першы пераклад вельмі англійскі па манеры выканання. Другі — як славянскі плач. І ўсё ж я сэрцам адчуваю, што тут перакладчык узяўся за самае сэрца, за самую сутнасць гэтых вершаў. І што мне з таго, што гэта, магчыма, не такая высокая паэзія, як "Схмурнеў мой дух". Гэта проста элегічная, вельмі добрая песня — нібы жаўранак вырваўся з роснай травы; і я веру перакладчыку, што ён зразумеў душу Байрана. У гэтым, відаць, уся справа.
Читать дальше