9-га жніўня. Раніцой зноў заходзілі дзяўчаты з Музея гісторыі літаратуры — забралі шмат чаго нарыхтаванага для маёй выставы. Удакладнілі назву апошняй: “І ўсё ж такі я веру!..” Прапанова Лідзіі Макарэвіч. Пагадзіўся. Узяліся за справу музейніцы вельмі сур’ёзна. Можа, штось і атрымаецца. Добрыя сябры мне хочуць дапамагчы ў сённяшняй маёй сітуацыі. Назло ўсім нядобразычліўцам і галоўнаму з іх. Толькі разумеючы гэта, я, удзячны сябрам, і даў у прынцыпе згоду на стварэнне выставы.
13-га жніўня. Хадзіў на магілу Коласа. У ліку іншых і я сказаў слова. Сказаў аб тым, якая дарагая нам сёння мара Коласа пра свабодную, незалежную Беларусь і які зразумелы нам яго боль, яго гнеў у вершы 21-га года: “Нас падзялілі. Хто? Чужаніцы!..” Жалобная сходка ўпершыню прайшла без Данілы Канстанцінавіча — адышоў нястомны руплівец пра гонар і славу Бацькі. Пасля сходкі Ала Цімафееўна запрасіла на кватэру. Пасядзелі, памянулі, пагутарылі. З пісьменнікаў чамусьці нікога не было (адзін крытык У. Г.) Сядзеў я побач з сынам Коласа Міхасём. Шмат расказаў цікавага — з успамінаў пра бацьку, але і трохі стаміў мяне сваімі гумарыстычнымі вершамі (на дзвюх мовах, між іншым).
14-га жніўня. Званіў Лучанок, але мяне не застаў, дык выказаў усё, што меў, Ніне Іванаўне. Па-першае, падзякаваў за верш аб Славянскім базары, які фактычна прысвечаны яму. Па-другое, зноў бясконцая крыўда: чаму я зрабіў міністрам Вайтовіча, а не Лучанка; а Лучанок нават звання прафесара не мае. Колькі тлумачыў яму, што міністрам Вайтовіча зрабіў ЦК КПБ — не ўспрымае! Ну, а наконт звання прафесара я і сам дзіўлюся, бо ў першыню чую, што чалавек доўгі час быў рэктарам Кансерваторыі і не быў прафесарам. Нейчы вельмі прыкры недагляд!..
21-га жніўня. Заходзіў пасланец з Маладзечна, вядомы там беларус-патрыёт і дэмакрат Алесь Капуцкі. Інжынер па адукацыі. Заходзіў з просьбай, каб я даў згоду вылучыцца кандыдатам у Вярхоўны Савет — на асенніх давыбарах. Па той акрузе вылучаўся ён, і не прайшоў. І шанцаў, што пройдзе, мала. А шкада! Вельмі сімпатычны і разумны, сур’ёзны, прынцыповы таварыш. Шкада! Прыйшлося расчараваць яго: ні ў якія дэпутаты ўжо мяне і вяроўкамі не зацягнеш! Хоць бы даў Бог трохі патрымацца ды напісаць сёе-тое! Горача параіў яму выпрабаваць лёс яшчэ раз — вылучыцца нанова.
28-га жніўня. Вечар правялі з Нінай у Бураўкіна. Віншавалі з юбілеем. Былі Карпенка, Матукоўскі. Быў і Быкаў (пагаварыць не давялося). Генадзь хутка пачаў мітынгаваць, як заўсёды, стала нецікава. Быў і яго зямляк Я. — перакананы ідэйны праціўнік незалежнасці, рэформ і БНФ. Такая “кумпанія”, такое спалучэнне. Так і жывём, і сябруем. А што зробіш? Тыповы беларускі менталітэт!..
Дадому — Быкава, Карпенку і мяне з Нінай — адвёз на сваёй “інамарцы” вядомы палітолаг А. Майсеня. Па просьбе Карпенкі прыехаў. Сказаў: хутка будзе ў друку яго вялікі артыкул — “антыпрэ”, вядома.
29-га жніўня. Быў у Н. Вылчава — ён прыехаў на сталую працу ў балгарскае пасольства. Павіншаваў яго з днём нараджэння (69), агледзеў апартаменты. Пасядзець не давялося, яму стала кепска (страўнік), ужо ўсе дні, сказаў, нешта не тое ў страўніку. Начаваць ён пайшоў да калегі Караджова.
1-га верасня. А паўвосьмай пазваніла Макалёва жонка — ноччу памёр Пятрусь. На кватэры ў сябра мастака. Седзячы — сплючы — у крэсле. Днём пілі ў Макаля. Вечарам пайшлі працягваць да мастака. Апоўначы гаспадар пазваніў Галі: “Пятрусь спіць у крэсле, хай спіць; прыйдзе як праспіцца…” Яна супакоілася, да такога прывыкла. Не праспаўся і не прыйшоў.
Няшчасце Беларусі і беларускай літаратуры. Можа, ужо сотая смерць ад гарэлкі. Але ж і паказчык! Баюся, што ў Еўропе мы на першым месцы. Значыць, на апошнім па культуры.
Паўдня шукаў кіраўнікоў СП — каб сказаць пра Макаля. Ні аднаго ў Мінску.
2-га верасня. З раніцы — у ПТВ № 38, паліграфістаў, у сувязі з Днём пісьменства і культуры. Слухалі, але… У большасці — без жывінкі ў вачах. Хоць будуць рабіць кніжкі.
У 12 гадзін быў на юбілеі (25 гадоў працы ў музвучылішчы) А. Мурзіча. Пераканаўся, як яго шануюць і любяць. Педагог па прызванню.
4-га верасня. Быў на развітанні з Макалём. Хворы. На могілкі не паехаў. Усё думаю пра тое ж: пра наша пракляцце.
15-га верасня. Сёння многія паехалі на радзіму Драздовіча. А я не магу. Хварэю. А так хацелася пабыць там! Пакланіцца яго зямлі і яго магіле. На такіх непахісных і апантаных, як ён, мы трымаліся і трымаемся дагэтуль. І вытрымаем!
23-га верасня. Сустрэча ў Смалявічах, у школе. Арганізавала былая наша студэнтка Лук’янава (Белановіч) А.В. Быў В. Баркун — мой аднакурснік па педвучылішчы. Па друку за мною сочыць. Але — ні слова такога, каб… Больш, нават настойліва, пытаўся пра маю кватэру, дачу, пенсію… Была і К. Юша — як і ў студэнцтве, душа светлая і ўзнёслая. І беларуская. Сустрэча, на жаль, прайшла па “плану ўрока”, які вяла настаўніца. Ініцыятыва была не ў мяне. На жаль.
Читать дальше