A выпускнік Грышкевіч, паводле публікацыі газеты, сваё выступление скончыў "глыбокай, ад усяго сэрца ідучай удзячнасцю Партыі, ураду, асабіста таварышу Сталіну".
На школьным вечары было 11 выпускнікоў. Дванаццаты сядзеў у Маладзечанскай катавальні, i жыць яму заставалася менш як чатыры месяцы...
Вось i ў далёкай Маскве ў сярэдзіне лета 1950 года згадваюць пра недахопы ў рабоце камсамольскіх арганізацый Маладзечанскай вобласці, i бюро ЦК ВЛКСМ прымае адмысловую крытычную пастанову. 20 жніўня (дакладна праз месяц пасля заканчэння суда) адбываецца новы пленум Мядзельскага райкама камсамола дзеля абмеркавання пастановы бюро ЦК ВЛКСМ i "Савецкая веска" піша: "Сакратар райкома ЛКСМБ тав. Лугавы паведамляе, што ЦК ВЛКСМ у сваёй пастанове адзначыў нездавальняючы стан кіраўніцтва Маладзечанскага абкама ЛКСМБ пярвічнымі камсамольскімі арганізацыямі, слабую палітыка-выхаваўчую работу i палітычную асвету сярод камсамольцаў i моладзі. Многія камсамольскія арганізацыі яшчэ недастаткова ўцягваюць камсамольцаў, i асабліва моладзь, якая не састаіць у камсамоле, у палітгурткі i палітшколы, дапускаюць сур'ёзныя недахопы ў ix рабоце. Указаныя ў пастанове ЦК ВЛКСМ недахопы ў рабоце абкома камсамола маюць месца i ў рабоце нашай раённай камсамольскай арганізацыі". Сабраныя на пленум слухалі гэтыя казённа-дзяжурныя фразы пастановы i цудоўна разумелі, якія факты i падзеі хаваюцца за імі.
"Чорная прапаганда" спецслужбаў ды i плёткі, што імі распускаліся, прыпісвалі падземнікам розныя жахі, кшталту падрыхтоўкі выбухаў на выбарчых участках, у прыватнасці ў Маладзечне. Акрамя таго, у прапагандысцкія схемы не ўкладвалася, што моладзь сама, без падбухторвання "мацёрых ворагаў савецкай ўлады" магла стаць на шлях арганізаванага супраціву. Таму ў вушы тутэйшага люду ўклалі, што ўсім гэтым кіраваў загадчык Маладзечанскага аблана [23]Ілліч.
Гэтая справа з Аляксандрам Максімавічам Іллічом, чалавекам адукаваным, з веданнем замежных моваў, добрым арганізатарам, увогуле загадкавая. Былая працаўніца Маладзечанскага аблана расказала, як ездзіла ў красавіку 1950 года разам з Іллічом у Юрацішкаўскі раён ствараць калгасы. У адным з мястэчак клуб, дзе праходзіў сход, абкружылі "лясныя браты" пад кіраўніцтвам вядомага тады ў наднёманскіх лясах партызанскага камандзіра Браніслава Юргеля. Сход распусцілі, але агітатараў з абласнога цэнтра не кранулі i нават дазволілі ад'ехаць на аўтамашыне. Такое было нечуваным у тыя жорсткія часы. Пра здарэнне нехта паведаміў у Маладзечна, i назаўтра Ілліча выклікалі да першага сакратара Маладзечанскага абкама КПБ Клімава. Гутарка была доўгая i, без сумневу, вельмі цяжкая для загадчыка аблана, якога, мабыць, вінавацілі ў сувязі з "бандытамі". Пасля вяртання з абкаму Ілліч застрэліўся ў сваім кабінеце. Гэтае самагубства атрымала вялікі розгалас. А праз пару тыдняў у кабінет загадчыка аблана прыйшлі два эмгэбісты з вобшукам i потым прадэманстравалі супрацоўнікам нібыта знойдзены ў рабочым стале Ілліча друкавальны апарат. Магчыма, гэтым хацелі паказаць, што не грубы разнос у кабінеце начальніка стаў прычынай самагубства гэтага чалавека, а яго нейкія антысавецкія справы. Нічога дзіўнага, што яму прыпісалі i кіраўніцтва мядзельска-смаргонскім падзем'ем. Самыя ж падземнікі сцвярджаюць, што ні пра якага Ілліча з Маладзечна нават i не чулі i што імі ніхто з старэйшых не кіраваў.
Апошнім рыкашэтам "справы Лапіцкага" стаў арышт у 1951 годзе, з ініцыятывы міністра дзяржбяспекі БССР Цанавы, міністра асветы БССР Платона Саевіча. Яго засудзілі на 25 гадоў. Сярод шэрагу абвінавачанняў, выстаўленых міністру, быў i "нацыяналізм" — смяротны грэх перад маскоўскімі камуністамі.
За мяжою цярпення * Што думалі i пра што гаварылі сяляне? * За "Песню калгасніка" — шэсць гадоў канцлагера * Шырокі супраціў беларусаў * Судовы канвеер
Сустракаючыся з былымі ўдзельнікамі антыкамуністычных рухаў, я часта пытаўся, што ix падштурхнула на шляхтакога, здавалася б, безнадзейнага i небяспечнага супраціву сістэме. Той жа Часлаў Каспарэўскі стрымліваў свайго адчайнага сябра: "Ты бачыш, якая моц прыйшла? І што ты можаш зрабіць супраць яе з адным мінамётам?". Пералічваліся розныя прычыны, але найбольш змястоўна i лаканічна выказаўся колішні сябра Ляхавіцкай падземнай антыкамуністычнай арганізацыі (1956-1957 гг.) Вячаслаў Анушкевіч: "Я не мог цярпець гэтай сістэмы!" У гэтых людзей канец цярпенню прыходзіў тады, калі інстынкт свабоды пачынаў пераважаць інстынкт самазахавання.
Читать дальше