Такім чынам, уцячы адсюль не ўдалося. Трэба было заставацца ў Полацку, трэба было наведаць гаруправу ды паліцыю, гэта азначае пачаць той самы шлях, які мог прывесьці занадта далёка, шлях, ад якога, пасьля расповедаў чыгуначніка, найбольш хацелася пазбавіцца. Памочнік камэнданта паведаміў, што ў гаруправе вельмі патрэбныя культурныя сілы; а перакладчык камэнданта — халодны вымуштраваны чалавек яшчэ даволі маладога веку, які, нягледзячы на нашае валоданьне нямецкай мовай, аніяк не хацеў дапусьціць нас да беспасярэдняй гутаркі зь немцамі, — даў ад сябе самога цыдулку да кіраўніка мясцовага банку. Гэты апошні нібыта меў добрыя вакансіі.
Страшэнны шлях пачаўся з наведаньня гарадзкога галавы, або бургамістра. Ен прыняў нас у сваім кабінэце ў прысутнасьці дзьвюх жанчынаў: кіраўніцы справамі і перакладчыцы. Са словаў нашага чыгуначніка мы ўжо ведалі, што першая — сужыцелька бургамістра ды былая жонка буйнога энкавэдыста, які перад самай вайною зьехаў у адпачынак на поўдзень, а другая — вядомая ў горадзе асьведамляльніца НКВД, якая зьнішчыла шмат настаўнікаў. Нас прыязна ды падрабязна распытвалі пра ўсё; мы рабілі намаганьне быць асьцярожнымі пры адказах, як гэта адбывалася і пры Савецкім Саюзе. Ніякай працы для нас не знайшлося, але нам абяцалі, што нас «будуць мець на ўвазе». На разьвітаньне бургамістар, які трошкі страціў сваю прыязнасьць, параіў зьвярнуцца да кіраўніка банку, «які, магчыма, нечым вам дапаможа».
Давялося ісьці ў банк, мы ня мелі ўжо чаго есьці, а бясконца сядзець на шыі ў чыгуначніка таксама не было выйсьцем.
Першае, што кінулася мне ў вочы на ўваходзе ў гэтую ўстанову, была постаць энкавэдыста высокага росту, які стаяў, апрануты ў поўную форму, пасярэдзіне вялікага пакою. Найвышэйшыя кіраўнікі НКВД у СССР выразна адрозьніваліся сваім адзеньнем ад усіх іншых грамадзянаў: яны насілі гэтак званую «бэкешу», асаблівага крою паліто-шынэль з рэменем і футравым каўняром.
Бэкеша была сымбалем працы ў НКВД: яе нельга было купіць ці апрануць звычайным сьмяротным. Такім чынам, чалавек у бэкешы быў кіраўніком банку. Ён ня меў часу на размову са мною зараз жа, але, прачытаўшы цыдулку ад перакладчыка, паведаміў, што будзе ўвечары таго ж дня чакаць мяне дома, і даў адрас. Калі пазьней я ішоў, хістаючыся ад голаду, па зусім цёмных вуліцах незнаёмага гораду ў пошуках кватэры кіраўніка банку, мне ўвесь час падавалася, што зь цемры на мяне пазіраюць ягоныя злыя, маленькія, блізка пасаджаныя вочы. Яны падаваліся мне яшчэ горшымі за бэкешу і надзвычай удала яе дапаўнялі. Такія вочы знаёмыя кожнаму грамадзяніну СССР, якога хоць некалі дапытвалі ў Маскве на Лубянцы.
Вечаровая сустрэча ды гутарка з кіраўніком банку засталася ў маёй памяці назаўсёды. Калі я прыйшоў, гаспадар быў ужо моцна п’яны. Ад гарэлкі ды гумору вочы ягоныя страцілі цьвёрдую мэтанакіраванасьць сьледчага; тым ня менш, ён пачаў гаворку са мною з самага звычайнага допыту: хто я, адкуль і куды, навошта, як і чаму.
У зыркім коле моцнай электрычнай лямпачкі я сядзеў перад п’яным кіраўніком банку, распавядаў яму звыклую гісторыю ўцекача, а ягоная жонка збоку, зь цемры, моўчкі назірала за намі. Мая балбатня, наўрад ці ўвогуле прымальная, яму, аднак, спадабалася; ён падбадзёрваў мяне, хваліў чамусьці за асьцярожнасьць і ўвесь час п’янай думкай вяртаўся да нейкіх «інструкцыяў», якімі ён сёньня ня ў стане займацца. Я гэтак і не зразумеў, хто каму мусіць даваць інструкцыі — я яму ці ён мне.
Напрыканцы, нягледзячы на пратэсты жонкі, ён запатрабаваў, каб я разам зь ім выпіў бутэльку гарэлкі. Як я ні баяўся піць — галодны ды змардаваны, — было зразумела, што вырвацца без скандалу з уладных абдымкаў майго новага знаёмага зусім немагчыма. Таму я ня стаў асабліва спрачацца, тым больш што вызначыцца ў гэты момант, што больш небясьпечна — застацца або пайсьці — было надзвычай цяжка. Я застаўся, а ягоная зусім цьвярозая жонка, якая безнадзейна пратэставала, была хутка з бойкаю выгнаная мужам з пакою.
Мы пачалі есьці ды піць, і я, ці то ад прагнасьці ежы, ці то ад страху, п’янеў надзвычай павольна. Але чаго толькі не давялося мне тады пачуць! Ён казаў больш намёкамі, ня ўсё наўпрост, шмат што ўвогуле толькі згадвалася. Але што такое «намёк» з вуснаў п’янага чалавека! Часьцяком ён больш красамоўны, чым самая бессаромная адкрытасьць. Адным словам, калі б і не было ў свой час зроблена папярэджаньне з боку чыгуначніка, я б усё роўна з адной гэтай размовы мог упэўніцца, што, нягледзячы на нямецкую акупацыю, гарадзкія справы ў значнай частцы па-ранейшаму знаходзяцца ў руках бальшавікоў, якія, як і даўней, тэрарызуюць насельніцтва да крайняй ступені.
Читать дальше