«Я таксама не зусім разумею, што такое хроніка князёў Загорскіх. Не павінна быць ні хронікі сялян, ні хронікі князёў Загорскіх. […] Правільная заўвага наконт таго, як падаецца натоўп, але там няма тых людзей, якіх мы ведалі б. Аднак цяпер усё гэта перакантоўваць — гэта азначала б пісаць усё ўноў. Мне здаецца, што гэта было б не зусім разумна» (Алесь Асіпенка).
«Не зразумела, чаму мы не лічымся з задумай самога аўтара, з тэмай аўтара» (Ніл Гілевіч).

Прароцтва Брыля
Адным жа з найбольш падрыхтаваных да абмеркавання (разам з гісторыкам Генадзем Кісялёвым і пісьменнікам Алесем Асіпенкам) быў супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР Адам Мальдзіс, які казаў, у прыватнасці: «Галоўнае, што інкрымінуецца Караткевічу, гэта тое, што ён, маўляў, напісаў не хроніку народнага жыцця, а хроніку роду князёў Загорскіх. Ці правільна такое сцверджанне? Ці меў аўтар права пісаць хроніку Загорскіх? Мы ж не крытыкуем Льва Мікалаевіча Талстога за тое, што ён пісаў “хроніку” Растовых і Балконскіх, а не паказваў вайну 1812 года праз успрыняцце тых сялян, якія вынеслі на сваіх плячах ўсю гэтую вайну. Ніхто не прапанаваў бы ў свой час і не сказаў бы Талстому, каб убраць князя Балконскага, таму што гэта не прадстаўнік працоўнага народа. Справа ў тым, што з тых жа самых князёў, з шляхты выходзілі тыя людзі, якія ў свой час рухалі прагрэс. Гэта не выкінеш з гісторыі. Рэдактара, мабыць, больш устрайвала б, каб у цэнтры рамана быў не пан Загорскі, а які-небудзь беларускі Пугачоў. Але гэта не адпавядала б гістарычнай праўдзе. Паўстанне 1863 года не было сялянскім паўстаннем. З гэтым усе гісторыкі — і рускія, і польскія — згаджаюцца, а вось беларускія гісторыкі яшчэ не сказалі свайго слова аб паўстанні 1863 года. І ў гэтым адна з прычын таго, чаму з боку некаторых літаратараў гэты раман выклікаў такія адносіны, якія мы маем з боку выдавецтва».

У якасці ж аргументаў на карысць пазіцыі аўтара “Каласоў…” Мальдзіс цытаваў Леніна, запярэчыць чаму ў той час было не проста недапушчальна, а палітычна рызыкоўна: “Тут дакаралі аўтара, што ён любуецца шляхтай. Але Ленін пісаў, што тады маса шляхты стаяла на чале рэвалюцыйнага руху ў Еўропе. Значыць, Караткевіч любуецца тым, кім трэба было любавацца, бо іменна такая шляхта ўзначальвала паўстанне 1863 года”. Да таго ж Адам Іосіфавіч прымяніў яшчэ адзін “недазволены” прыём, калі паведаміў, што пра “Каласы...” ўжо ведаюць па-за межамі Беларусі, і калі раман не будзе выдадзены, гэта выкліча “толькі задавальненне і радасць з боку нашых ворагаў, якія сказалі б, што, маўляў, бальшавікі вось як душаць усё прагрэсіўнае”.
У сваю чаргу іншы блізкі сябар аўтара “Каласоў…” — сталы і аўтарытэтны празаік, сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Янка Брыль, які выступаў ужо напрыканцы абмеркавання, казаў пра Караткевіча: “Давайце падумаем аб тым, які пісьменніцкі лёс у гэтага чалавека. Ці многа мы знойдзем людзей, якія будуць пісаць, пісаць, а іх не будуць друкаваць, і ўсё ж такі пасля гэтага чалавек зноў садзіцца і піша. На мой погляд, аб гэтым трэба сказаць і працягнуць руку дапамогі нашаму добраму таварышу, тым больш, што наўрад ці знойдзецца ў нас кім замяніць яго ў такой тэме, у такім жанры”.

Ілюстратарам першага выдання «Каласоў пад сярпом тваім» быў мастак Арлен Кашкурэвіч.
Увогуле, па вобразным вызначэнні Брыля, слушных аргументаў у абарону Караткевіча было сказана многа, і яны зваліліся на беднага Льва Салаўя нібы капа сена. Але галоўная праблема, на думку Івана Антонавіча, заключалася не ва ўпартай пазіцыі Караткевіча, а ў тым, як “знайсці агульную мову з выдавецтвам”, паколькі раман гэты “нам патрэбны, і ён павінен быць выданы”. “Не хачу, каб здзейсніліся словы Сашы Адамовіча (ціпун табе на язык!), што не выйдзе раман, як і да гэтага часу не выйшаў, — заключыў Брыль. — Магчыма, трэці том і не выйдзе, але два тамы выйдуць абавязкова, і ў бліжэйшы час — праз год-два”. Пры гэтых словаў ў зале ўзнікла ажыўленне.
“Прыміце мяне такім, які я ёсць”
Адным з апошніх выступаў аўтар “Каласоў…”: “Вы павінны ведаць адно: твор яшчэ не закончан, — казаў ён. — Я не магу супраць гістарычнай праўды гаварыць, што сялянства было рухаючай сілай паўстання. Пачыналі яго не тыя людзі. Іншая справа, што тое ж самае сялянства пасля зразумела праўдзівасць тых людзей, якія паўсталі за яго, але я не магу сказаць аб гэтым з самага пачатку. Празрэнне гэта – не такая лёгкая рэч, як вы думаеце. Усё было там. За наша празрэнне прышлося слязьмі і крывёю заплаціць. А на абман вы мяне не штурхнеце. Прыйшла чарга сказаць у нашай літаратуры самую шчырую праўду. Мы людзі, мы грашым, і абманваем часамі, і робім, што хочаце, але ў адным ёсць наша праўда, і мы павінны быць нязломны, і ніякія меркаванні кан’юктурнага парадку, ніякія меркаванні грашовыя не могуць нас зрушыць. […]
Читать дальше