
Фрагмент стэнаграмы выступлення Адама Мальдзіса падчас абмеркавання рамана «Каласы пад сярпом тваім» з праўкамі Мальдзіса. Захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.
І сапраўды, жыццёвы фінал былога ідэолага незайздросны: Пілатовіч скончыў жыццё самагубствам — застрэліўся. Але памёр не адразу, а колькі дзён яшчэ пакутаваў. Хавалі яго, былога члена ЦК КПСС і пасла СССР у Польшчы, ціха — без дзяржаўных ушанаванняў і некралогаў. Нават абвесткі ў газеце не было.
Прароцтва Адамовіча
Аднак вернемся да аб’яднанага пасяджэння. Пасля выступлення рэцэнзента Салаўя ўсё паўстала на свае месцы — было відавочна, што хто б з пісьменнікаў што далей ні казаў, гэта ні на што ўжо не паўплывае — раман усё адно выдадзены не будзе.
З гэтага і пачаў сваё выступленне Алесь Адамовіч, які зусім нядаўна адмовіўся падпісаць калектыўны ліст супраць выдаўшых за мяжой «антысавецкіх» твораў Андрэя Сіняўскага і Юлія Даніэля і ў выніку вымушаны быў звольніцца з Маскоўскага ўніверсітэта і вярнуцца ў Мінск: «Мы — тыя, што сабраліся тут, хацелі б не проста скалынаць паветра, абмяркоўваючы раман і даючы яму ацэнкі, каб выдавецтва потым, як заўсёды, наплявала на нашы размовы і, як заўсёды, зрабіла так, як яно захоча. [...]

Фрагмент стэнаграмы выступлення Алеся Адамовіча падчас абмеркавання рамана «Каласы пад сярпом тваім» з праўкамі Адамовіча. Захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.
Гаворка ідзе не пра адну кнігу, а пра ўсю творчасць Валодзі Караткевіча. Кожны з нас можа перастаць пісаць, і ў адным выпадку гэта будзе вялікая шкода, у іншым меншая, але калі Караткевіч кіне пісаць — гэта будзе незаменная страта для беларускай літаратуры.
Караткевіч робіць тую справу, якую мы ўсе, хто сабраўся тут, не можам рабіць, бо з’явіўся ў Беларусі чалавек, які заняўся ўсур’ёз тым, што рабіў у Англіі Вальтэр Скот, у Расіі — Лажэчнікаў і Загоскін».
І, нарэшце, несуцяшальны прагноз Адамовіча: «Я ўпэўнены, што раман Караткевіча не будзе выдадзены ў найбліжэйшыя пяць гадоў, нягледзячы на ўсе нашы размовы. Ён не будзе выдадзены таму, што Саюз [пісьменнікаў] для нашага выдавецтва — гэта арганізацыя, якая чамусьці піша нейкія кнігі, якія трэба чамусьці выдаваць…»

Фрагмент стэнаграмы выступлення Алеся Адамовіча падчас абмеркавання рамана «Каласы пад сярпом тваім» з праўкамі Адамовіча. Захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.
У сваю чаргу, меркаванне былога рэпрэсаванага, сталага і паважанага пісьменніка Янкі Скрыгана прагучала нечаканым дысанансам: на ягоную думку, Караткевіч не толькі не ў меру захапляецца другарадным, але і ігнаруе пэўныя акцэнты. «Ёсць жа яшчэ палітычны погляд на гэтыя рэчы, а яны ў рамане вельмі склізкія, напрыклад, пра гістарычную місію беларусаў, — зазначыў Янка Скрыган. — Чытаецца падтэкст так, што беларуская нацыя вышэй другіх нацый. У рамане гэта ёсць». — «Сорамна так гаварыць, гэта палітычны данос з трыбуны, — запярэчыў Караткевіч і ў адказ на заўвагу Мележа: «Паважайце прамоўцу!» дадаў: — Такога прамоўцу паважаць нельга». Аднак трэба сказаць, што словы Янкі Скрыгана былі адзіным выключэннем у гэтым сэнсе і ніяк не стасаваліся з тым, што казалі іншыя:
«…У нашай літаратуры ёсць той недахоп, што мы паказваем свайго чалавека неяк прыніжана. Тут справа ідзе аб тым, каб узняць нашага чалавека. Такія спробы ўзняць нашага чалавека, беларуса, ужо зроблены ў “Птушках і гнёздах”. Можа быць, такая спроба ўзняць чалавека, беларускага чалавека, ёсць і ў Караткевіча. Вось, скажам, Міхаіл Шолахаў вельмі ўзнімае свайго чалавека, а мы чамусьці яго некалькі прыніжаем» (Вячаслаў Адамчык).
«…Па прыродзе таленту Караткевіч выключны рамантык. Гэта божы дар, з якім ён прыйшоў у літаратару і робіць тое, што ніхто не рабіў да яго ў беларускай літаратуры. Тое, што піша Караткевіч, гэта не раман у гістарычным жанры, а рамантызацыя гістарычнай хронікі. І толькі так трэба падыходзіць да рамана. […] Відаць, Караткевіч не перапрацуе раман у тым плане, калі яшчэ некалькі сямей сялянскіх увядзе, і я не ведаю, ці патрэбна гэта рабіць» (Іван Навуменка).
Читать дальше