Заява Уладзіміра Караткевіча ад 17 кастрычніка 1966 года ў сакратарыят Саюза пісьменнікаў з просьбай абмеркаваць раман «Каласы пад сярпом тваім». Захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.
Ужо ў той жа дзень сакратар праўлення СП БССР Іван Мележ (які, па сведчанні А. Мальдзіса, быў гарачым прыхільнікам гэтага абмеркавання) звярнуўся ў выдавецтва «Беларусь» з просьбай прадставіць не толькі рукапіс «Каласоў…», але і Лужанінскую рэцэнзію. Праўда, чакаць канчатковага вырашэння лёсу свайго рамана аўтару давялося досыць даўгавата — аб’яднанае пасяджэнне сакратарыята, секцый прозы і крытыкі адбылося толькі праз чатыры месяцы, 22 лютага 1967 года. Старшынстваваў на ім Іван Паўлавіч Мележ.
Ультыматум
Добрае слова пра раман казалі практычна ўсе выступоўцы. Што ж датычыць хібаў «Каласоў...», дык, на думку першых прамоўцаў, яны былі не надта каб дужа істотныя. Як зазначыў навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР Мікола Лобан, «ёсць і слабыя да наіўнасці раздзелы. А яны яшчэ, як правіла, бываюць расцягнутымі», таму некаторыя раздзелы «просяцца скараціць або зусім зняць». Аднак разам з тым М. Лобан не бачыў сур’ёзных прычын, каб не друкаваць раман.
Яшчэ больш аўтарытэтнай была пазіцыя навуковага супрацоўніка Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы Генадзя Кісялёва, які, будучы спецыялістам па апісанай у рамане эпосе, задаўся бадай што галоўным пытаннем: наколькі правільна адлюстроўвае гістарычныя падзеі Караткевіч?
«Усе вы, вядома, ведаеце, што гісторыкі да самага апошняга часу працягваюць спрачацца пра гэтыя падзеі, прычым спрачаюцца да таго, што нават не могуць дамовіцца, чым жа было паўстанне 1863 года, — гаварыў Г. Кісялёў. — Адны сцвярджалі, што гэта шляхецкае паўстанне, іншыя казалі, што сялянскае. [...] Мне прыйшлося падняць нямала матэрыялаў па паўстанню 1863 года [...], і я магу сказаць, што Уладзімір Караткевіч вельмі правільна разабраўся ва ўсіх складаных супярэчнасцях гэтай эпохі, якую ён малюе. Ён добра знаёмы з дакументамі, яму дапамагае ў многіх выпадках выдатная інтуіцыя мастака».
Зрэшты, першыя прамоўцы знаходзіліся ў пэўнай разгубленасці. Справа ў тым, што хоць раман чыталі ўсе прысутныя, аднак далёка не ўсе былі знаёмыя з рэцэнзіяй Лужаніна. Сам жа Аляксандр Амвросьевіч на сходзе не прысутнічаў. Таму пералом у абмеркаванні наступіў толькі пасля выступлення Льва Салаўя, які прыкрываўся Лужанінскай рэцэнзіяй як ахоўнай граматай. Невыпадкова Вячаслаў Адамчык заўважыў: «Мне здаецца, што рэдактар гэтага рамана не мае сваёй выразнай пазіцыі». Калі ж Салавей следам за Лужаніным казаў, што трэба было б пашырыць і ўмацаваць сялянскую лінію, дзеля чаго трэба «лакалізаваць непамерна шырокую не толькі па колькасці старонак лінію княжацкую», хтосьці з прысутных слушна запярэчыў: «Гэта новы раман трэба пісаць».
Наогул, толькі двойчы Леў Антонавіч сказаў нешта ад сябе. Так, да прыкладу, калі Караткевіч заўважыў, што скараціў раман на чвэрць, Салавей парыраваў: «Але гэта вельмі вялікі раман, і ён значна перавышае планавы аб’ём». І другім разам: «Трэба яшчэ раз прачытаць твор, паставіць мастацкія акцэнты. Валодзя Караткевіч, калі гэтыя акцэнты пастаўлены не будуць, дык раман выдавацца не будзе».
Гэта быў ультыматум. Не асабіста рэдактара выдавецтва «Беларусь» Льва Салаўя, канешне, а ведамства Захара Матузава, а калі быць дакладным, дык ультыматум таго, хто быў вышэй за Матузава, а менавіта сакратара ЦК КПБ па пытаннях ідэалогіі Станіслава Пілатовіча. Гэта на ім, паводле сцвярджэння Адама Мальдзіса, была ў вялікай ступені віна за цкаванне аўтара «Каласоў…», бо гэта найперш Пілатовіч выступіў супраць выдання рамана асобнай кніжкай. І нельга выключаць, што гэта менавіта з ягонай ініцыятывы з’явілася ў «Советской Белоруссии» разгромная рэцэнзія Я. Герцовіча, якая і дала пачатак усёй гэтай антыраманнай кампаніі. І гэта паводле ўказання Пілатовіча ў «ЛіМе» ў 1969 годзе быў дадзены адпор эсэ Караткевіча «Званы ў прадоннях азёр». Прозвішча пісьменніка згадвалася ў той час у афіцыйных выступленнях як жупел ідэйнай заганнасці і ледзь не варожасці. Хоць, па словах Мальдзіса, Караткевіч быў першы, хто адкрыта казаў, што меліярацыя вядзецца на Палессі па-варварску, і хто, прадбачачы экалагічныя крызісы, пачаў біць у званы. Эсэ «Званы ў прадоннях азёр» выклікала рэзкую крытыку ў партыйным друку, а Пілатовіч, абвінавачваючы аўтара ў тым, што ён не ўбачыў на Палессі нічога новага, заявіў, што той хоча стварыць з палешукоў «рэзервацыю». «Я помню, як горка рыдаў Караткевіч, калі даведаўся, што Пілатовіч даў каманду зганьбіць эсэ, — прыгадваў Адам Мальдзіс. — Валодзя ніколі нн быў помслівы, але тут сказаў на адрас Пілатовіча: “Хай у яго будзе такі лёс, які ён заслугоўвае”».
Читать дальше