То вось, маё апошняе злачынства было каляднае – радаснае, утульнае ангельскае злачынства сярэдняга дастатку; злачынства ў духу Чарлза Дыкенса. Я ўчыніў усё ў добрым нябедным старадаўнім доме ля Путні, у доме з выгнутаю дарожкаю для экіпажаў, у доме са стайняю пры ім, у доме з назваю, пазначанаю на адных і на другіх варотах, у доме з араўкарыяй у садзе. Ну досыць, вы ўжо ўявілі яго да дробязі. Што ні кажы, а Дыкенса я ў той раз пераймаў і ўмела, і па-мастацку. Амаль шкада, што я зрокся ліхога жыцця ў той жа вечар”.
І Фламбо пачынаў расказваць гэтую гісторыю знутры, і нават знутры яна аказвалася дзіўнаю. Калі ж на яе паглядзець звонку, то будзе і наогул нічога не зразумела. Вось менавіта звонку з гэтай гісторыяй і належыць знаёміцца ўпершыню. З такога гледзішча можна сказаць, што ўсё пачалося надвячоркам у другі дзень Раства, калі дзверы дома са стайняю расчыніліся ў сад з араўкарыяй, і маладая дзяўчына выйшла з хлебам у руках карміць птушак. У яе быў мілы тварык і задзірлівыя карыя вочы, а постаць – неадгадальная, бо яна так захуталася ў бурае футра, што нават не разрозніць было, дзе каўнер таго футра, а дзе – яе ўласныя валасы. Калі б не слаўны твар, то выглядала б яна нязграбным мядзведзікам.
Зімовы надвячорак учырвоньваўся ў вечар, і рубінавае святло ўпала ўжо на бяскветныя клумбы, запоўніўшы іх нібыта прывідамі мёртвых ружаў. Стайня была па адзін бок ад дома, а па другі пачыналася алея – ці нават галерэя – з лаўраў, якая вяла ў большы сад за домам. Юная лэдзі накрышыла на зямлю хлеба (у чацверты ці пяты раз за дзень, бо яго пад'ядаў сабака) і, не навязваючы птушкам свайго таварыства, рушыла па дарожцы між лаўрамі ў вечназялёнае мігценне саду. Там яна падняла вочы на высокую агароджу і ўскрыкнула ў здзіўленні – ці то шчыра, ці то проста для парадку; бо агароджу дзівачна асядлала дзівачная постаць.
– Вы толькі не скачыце адтуль, містэр Крук, – занепакоена ўсклікнула дзяўчына, – тут завысока!
Чалавек, які сядзеў на сцяне бы на лятучым кані, быў цыбаты вуглаваты хлопец з натапыранаю шчоткаю цёмных валасоў і з тварам разумным, нават вытанчаным, але хваравіта-бледым і амаль нетутэйшым. Яшчэ заўважнейшаю рабіў гэтую бледасць напорыста-чырвоны гальштук – здаецца, адзіная хоць неяк прадуманая дэталь у адзенні юнака. Магчыма, гэта быў сімвал. Не зважаючы на ўстрывожаную мальбу дзяўчыны і на рызыку пераламаць ногі, хлопец конікам скочыў на зямлю.
– Я з'явіўся на свет, мяркую, каб стаць рабаўніком, – ціхамірна заўважыў ён, – і стаў бы, канечне, калі б не нарадзіўся выпадкам у тым слаўным суседнім доме. Ды і якая тут бяда, у кожным разе?
– Як можна такое казаць? – запярэчыла дзяўчына.
– Разумееце, – адказаў хлопец, – калі хтосьці нарадзіўся не па той бок ад агароджы, то я зусім не бачу, чаму б яму яе не пералезці.
– Ніколі не ведаю, што вы праз імгненне скажаце ці ўчыніце, – сказала яна.
– Я і сам часта не ведаю, – адказаў містэр Крук, – але прынамсі цяпер я з патрэбнага боку агароджы.
– А які бок агароджы вам патрэбны? – спытала дзяўчына з усмешкаю.
– Той, з якога вы, – адказаў малады Крук.
Яны рушылі разам дарожкаю паміж лаўрамі, і тут трыкроць прагучаў аўтамабільны гудок, з кожным разам бліжэй, і машына – дзівосная хуткасцю, надзвычайная элегантнасцю ды бледна-зялёная колерам – птушкаю падляцела да дома і стала, дрыжучы, ля ўваходу.
– Ого-го! – сказаў юнак у чырвоным гальштуку. – Вось ужо хто з пэўнасцю нарадзіўся з патрэбнага боку агароджы. Я і не ведаў, міс Адамс, што ў вас такі найсучаснейшы Санта-Клаўс.
– А, гэта мой хросны, сэр Леапольд Фішэр. Ён заўсёды прыязджае адразу пасля Раства.
Рубі Адамс на імгненне прымоўкла, міжволі выдаўшы тым не дужа вялікае захапленне, і дадала:
– Ён вельмі добры.
Джон Крук, журналіст, чуў пра гэтага важнага магната з Сіці; а ў тым, што магнат з Сіці пра журналіста не чуў, той быў зусім не вінаваты, бо ў пэўных артыкулах “Трубнага голасу” ці “Новага веку” для сэра Леапольда не знайшлося ніякай літасці. Але цяпер Крук нічога не сказаў і толькі змрочна назіраў, як разгружаюць машыну – а гэта была няхуткая справа. Рослы ахайны шафёр у зялёным выбраўся з пярэдняй дзверкі, дробны ахайны слуга ў шэрым выбраўся з задняй, і разам яны перамясцілі сэра Леапольда на ганак і пачалі распакоўваць, быццам вельмі рупліва загорнутую пасылку. Яны размотвалі пледы, якіх стала б на цэлую краму, футры ўсіх лясных звяроў ды шалікі ўсіх колераў вясёлкі, пакуль нарэшце не паказалася нешта кшталту чалавечай постаці – постаці прыязнага, але чужаземнага з выгляду старога джэнтльмена з сівою казлінаю бародкаю і ззяючаю ўсмешкаю, які паціраў адна аб адну вялікія футравыя рукавіцы.
Читать дальше