– У нас таксама многа жадаючых трапiць у групу Астроўскага, але маёр абмежаваўся асобнымi даручэннямi…
– Пэўна, па нейкай прычыне?
У адказ Сушынскi толькi няўпэўнена перасмыкнуў плячыма.
Зондакс, каб не выклiкаць падазрэнняў залiшняй цiкаўнасцю, паспрабаваў перамянiць тэму гаворкi:
– Як хутка вернецца Сарока? – ён адсунуў ўбок невялiкую купку газет, што высiлася на стале, i ледзь не ўскрыкнуў ад радасцi: пад вялiкiм тоўстым шклом ляжаў такi ж фотаздымак, якi Фiлiн перадаў Буслу.
– Маёр з’явiцца не раней, як праз тыдзень, – адказаў лейтэнант i выключыў кiпяцiльнiк.
– Тут фотаздымак, вiдаць, адзiн з апошнiх. Мо i для мяне знойдзецца экземпляр?
Сушынскi адказаў не адразу. Ён устаў, падышоў да стала, за якiм сядзеў Зондакс, прыўзняў шкло, дастаў фотаздымак i, углядаючыся ў твары калег, сярод якiх быў i капiтан Бусел, цяжка ўздыхнуў:
– Сапраўды, гэта адзiн з апошнiх, трэба было б перазняць.
– У Вас такога не было? – надаючы голасу i свайму выгляду як мага больш абыякавасцi, спытаў Зондакс i сцiшыўся, чакаючы, што скажа лейтэнант.
Камісар iнтуiтыўна адчуў, што зараз нiтачка можа пацягнуцца.
– Быў i ў мяне, – горка ўсмiхнуўся Сушынскi, – толькi прапаў.
– Справа звычайная, хтосьцi з Андрэевых сяброў «пазычыў».
– Ён знiк яшчэ да таго, як з Андрэем Фёдаравiчам здарылася бяда, – лейтэнант звыклым рухам змахнуў з iлба непаслухмяныя валасы, вярнуўся да свайго стала.
Зондакса ў гэтую хвiлiну цiкавiў толькi фотаздымак, i ён настойлiва перапынiў лейтэнанта:
– Адкуль такая ўпэўненасць? Трэба пашукаць у стале, у сейфе.
Сушынскi адразу ўлавiў перамену ў голасе i ўважлiва, спадзеючыся разгадаць прычыну нервознасцi, паглядзеў на Зондакса. Петэрс зразумеў, што перацiскае, i, каб трошкi змякчыць сiтуацыю, пасмiхнуўся:
– У мяне быў такi выпадак. Памятаю, пiсьмо ад будучай жонкi атрымаў, прачытаў – i ў шуфлядку. А потым з iншымi матэрыяламi выпадкова падшыў у крымiнальную справу… Во рагатаў пракурор, калi прачытаў пакаянную злодзея, а следам жончыны прызнаннi.
– Бывае, – думаючы пра сваё, вымушана ўсмiхнуўся Сушынскi, – толькi не ў маiм выпадку.
У словах Сушынскага чулася няўлоўная трывога, i Зондакс зразумеў, што лейтэнант нешта замоўчвае, недагаворвае, але дапытвацца i прыспешваць падзеi не стаў.
– Буду рабiць копiю гэтага здымка, калi хочаце, штампану i для Вас, – прамовiў лейтэнант.
– Лаўлю на слове, – заклапочана азваўся Зондакс, які быў задаволены размовай, нават не спадзяваўся, што адразу так пашанцуе.
Потым пiлi каву, узгадвалi Бусла, некалькi разоў у кабiнет заходзiлi невядомыя, пыталiся Глушакова. Зазiрнуў чарнявы капiтан i незадаволена выпалiў:
– Сушынскi, цябе чакае пракурор.
Петэрс заспяшаўся. Яны развiталiся амаль сябрамi, i ўсё ж нейкая няўлоўная перашкода засталася памiж iмi. Петэрсу здалося, што развiтваўся Сушынскi з нейкiм пачуццём вiны, хоць i сiлiўся не паказваць гэтага.
Вулiца сустрэла золкай, калючай макрэддзю, хлёсткiм ветрам i цяжкiмi, свiнцовымi лужынамi на дарозе. Зондакс нацягнуў капялюш ледзь не на самыя вочы, наставiў невялiкi каўнер, быццам гэта магло ўратаваць ад стыхii, i подбегам пашыбаваў да суседняга завулка, дзе ў машыне чакаў Бусел. Камісар быў задаволены першай «вылазкай», а вiдавочная разгубленасць Сушынскага, выклiканая знiкненнем фотаздымка, гаварыла за тое, што яны з Буслам дзейнiчаюць правiльна. Зондаксу вельмi карцела спытацца ў Сушынскага, калi i як ён выявiў прапажу, але цiснуць на лейтэнанта яшчэ ранавата. Сышчык сам у роздуме, вось няхай i пакумекае, мо нешта i ўзгадае.
– Ну?! – нецярплiва запытаў Бусел, як толькi Зондакс залез у машыну.
– Поўны парадак! – усмiхнуўся Петэрс i весела ляпнуў сябра па плячы. – Парадак, кажу, у танкавых войсках, – заводзячы машыну, напусцiў ён на сябе важнасць, чамусьцi захацелася пакпiць з Бусла.
– Не цягнi жылы, – узмалiўся насуплены капiтан.
– Па дарозе ўсё раскажу, – вырульваючы са стаянкi, прагаварыў Зондакс i, крыху счакаўшы, дадаў: – Па-першае, наш аднакашнiк, маёр Сарока, у камандзiроўцы, будзе не раней чым праз тыдзень. Па-другое, Мiкола Сушынскi перадае прывiтанне.
– Ты расказаў яму праўду? – усклiкнуў Бусел.
– Не, толькi частку праўды, – засмяяўся Зондакс. – Здаецца мне, ён хлопец надзейны, i пра цябе ўспамiнаў са слязамi на вачах, так што не ўсе ў мiлiцыi звязаны з мафiяй.
– Я гэтага не казаў, – са злосцю прабурчэў капiтан. – Чым менш людзей будзе ведаць праўду, тым хутчэй мы рассячом гэты гордзiеў вузел.
– Маеш рацыю, – пасур’ёзнеў Зондакс. – Але ж пра галоўнае: Сушынскi згубiў фотаздымак.
Читать дальше