– Наша задача – укаранiць цябе ў злачынную групу, ты павiнен стаць для iх сваiм.
– Стаць членам банды?!
– Так.
– А закон?! – не верачы пачутаму, разгубiўся Крывiцкi. – Мне ж прыйдзецца яго парушаць…
– Закон я ведаю не горш, – спахмурнеў Астроўскi. – Канечне, без нейкiх парушэнняў не абысцiся, але ж, па вялiкiм рахунку, iсцi на гэта трэба. Iнакш можа стацца, што Кузаўкоў i Бусел – не апошнiя ахвяры. А можа, ты па нейкiх iншых прычынах сумняваешся ў правядзеннi такой аперацыi?
Крывiцкi спадылба зiрнуў на маёра i, натыкнуўшыся на адкрыты, далiкатны позiрк, сумеўся.
– Не падумайце нiчога кепскага, – таропка пачаў апраўдвацца лейтэнант, – я не баюся, але раптам прыйдзецца разам з бандай учыняць цяжкiя злачынствы? Адмовiцца нельга i зрабiць таксама. Як тады быць?
– У кожным канкрэтным выпадку будзем разважаць пра ўсё i вырашаць разам, – супакоiў лейтэнанта Астроўскi. – Адзiн на адзiн з iмi не застанешся, буду асабiста падстрахоўваць. Цяпер давай пакумекаем, як правесцi аперацыю па ўкараненнi ў злачынную групу. У мяне ёсць задумка…
Маёр устаў i нейкi час, засяроджана разважаючы, хадзiў па пакоi, потым зноў сеў у крэсла, пацягнуўся па цыгарэты. Крывiцкi таксама закурыў. Шызы дым паволi пацягнуўся пад столь i адтуль палоскай да адчыненай форткi.
– Скажы, Алесь, цi не было выпадку, каб рэкецiры зводзiлi з кiм рахункi?
– Было такое, – не разумеючы, куды хiлiць Астроўскi, сказаў Крывiцкi. – Днi чатыры таму гуртам наляцелi на мужчыну, быццам знарок. Бiць – не бiлi, а тавар ягоны: мяса, сала, каўбасы – усё iмгненна апынулася пад нагамi. Стаўклi ў гразь i нават палiлi нечым смярдзючым, ацэтонам, цi што.
– Чаму яны так зрабiлi?
– Думаю, чалавек адмовiўся плацiць цi мала даў. А яшчэ раней бачыў не кiрмашных рэкецiраў. Яны ў аўтааматараў забiралi запчасткi, каму што трэба, а нашыя толькi насмiхалiся, брывом не павялi, што хтосьцi iншы гаспадарыць на iхняй тэрыторыi. Канечне ж, дамоўленасць памiж iмi была. I яшчэ, – Крывiцкi нейкiм вiнаватым позiркам паглядзеў на Астроўскага, – у мяне склалася ўражанне, што i з мясцовай мiлiцыяй у iх сяброўскiя адносiны, i з падатковымi iнспектарамi. А пра кiрмашнае начальства нават гаварыць не прыходзiцца, рэкецiры перад iмi – сама дабрачыннасць. Бачыў некалькi разоў, як яны размаўляюць з дырэктарам, быццам салдаты з генералам.
– Няма сумненняў, – задуменна зазначыў Астроўскi, – мы сутыкнулiся з добра арганiзаванай злачыннай групай, а калi так, то нехта ж ёй кiруе. Людзi ў скуранках, што збiраюць грошы як данiну, – выканаўцы.
– Неяк бачыў з iмi чалавека, больш падобнага на артыста, чым на рэкецiра.
– Ну-ну, цiкава, а больш дакладна, чым ён запомнiўся?
– Па-першае, слухалiся яго хлопцы ў скуранках, па-другое, апрануты быў, як кажуць, з iголачкi. Гарнiтур цёмна-сiняга колеру, белая кашуля, замест гальштука – матылёк, на вачах прыцемненыя акуляры ў залатой аправе.
– Цяпер не лета, каб хадзiць у касцюмчыку, – засумняваўся Астроўскi.
– Зусiм вылецела з галавы, – усмiхнуўся Крывiцкi, – галоўнае, чым прыцягнуў увагу «артыст» – гэта белы «мерседэс». Ён нахабна зарулiў прама на кiрмаш, у мяне дзесьцi i нумарок пазначаны на ўсялякi выпадак.
– Малайчына! – прасвятлеў маёраў твар. – Твой «артыст» на белым «мерседэсе» нам спатрэбiцца.
Астроўскаму з кожнай хвiлiнай усё больш i больш падабаўся лейтэнант. Крывiцкi валодаў iнтуiцыяй, пачуццём, якое прымушае быць у патрэбны час у патрэбным месцы i запомнiць падзеi, якiя, з першага погляду, быццам бы нязначныя i не маюць анiякага дачынення да крымiнальнай справы. За гады службы маёр навучыўся адрознiваць сапраўдных сышчыкаў ад людзей часовых, якiм аператыўная работа патрэбна толькi як чарговая прыступка ў кар’ерыстычнай лесвiцы. Тут сакрэту анiякага не было: работнiк, якi не быў на аператыўнай рабоце, з цяжкасцю рабiў кар’еру. Праўда, гэтае, як лiчыў Астроўскi, правiльнае патрабаванне тычылася не ўсiх, на таго-сяго яно не распаўсюджвалася.
– Нешта не так? – насцярожыўся Крывiцкi.
– Усё нармальна, – бадзёра азваўся маёр. – Я гэтую паперу з нумарам машыны забяру, праверым «артыста» на белым «мерседэсе». А цяпер галоўнае: пакумекаем над тваёй легендай, як лепш укаранiцца ў банду. Спадзяюся, ты справiшся…
…Астроўскi прачнуўся, як заўсёды, а шостай гадзiне. Адразу прыгадаў жонку, якая паехала ў Вiцебск да сына, i настрой крыху сапсаваўся. Ён быў рашуча супраць гэтай паездкi, але ж пераканаць Надзею было немагчыма. Прайшло паўгода, як сына прызвалi ў войска, а мацi ўжо якi раз пакацiла з вiзiтам, быццам не служыць хлопец, а ў турме сядзiць. Канечне, Сяргей мог больш напiсаць пра службу, не абмяжоўвацца адным словам, бо менавiта ягонае «нармальна» i гонiць Надзею ў дарогу.
Читать дальше