– Я хачу сказаць, што мiнiстр занепакоены забойствам капiтана Бусла, – больш спакойна працягваў Качан, – нагадаў, што выкрыць забойцу – справа гонару мiлiцыi.
У акно палахлiва зазiрнула восеньскае сонца. Промнi прабеглi па сцяне, слiзганулi на вялiкi стол, блiснулi на дзяржаўным гербе, на тэлефоне i, спатыкнуўшыся аб крышталёвую вазу, з якой тырчалi, быццам пiкi, вострыя алоўкi, заiскрылiся, замiтусiлiся зайчыкамi па тварах сышчыкаў i быццам знялi нейкую напругу.
– На сёння ўсё, – устаў з-за стала Качан i, гледзячы на Астроўскага, дадаў: – Анатоль Пятровiч, заўтра ў гэты ж час…
Макрыцкi непрыхiльна, з насцярожанасцю паглядзеў на Астроўскага. Яго непакоiла, цi звярнуў увагу гэты ўдумлiвы, ураўнаважаны маёр на ягоны спалох перад палкоўнiкам. Маёр i брывом не павёў, павольна склаў паперы i, развiтаўшыся, накiраваўся да выхаду. Сонечны прамень нарэшце пакiнуў у спакоi крышталёвую вазу, зноў слiзгануў на сцяну i растварыўся ў блакiтных шпалерах.
У калiдоры Астроўскага ледзь не збiў з ног лейтэнант Мiрончык, высокi, хударлявы, з чорнымi даўгаватымi валасамi, якiя вiхром спадалі на шырокi, бугрысты лоб. Маёр ведаў гарачы, хуткi на дзеянне характар падначаленага, але такiм злым i ўстрывожаным бачыў упершыню. Наткнуўшыся на Астроўскага, лейтэнант роспачна, не стрымлiваючы гневу, ускрыкнуў:
– Анатоль Пятровiч, бяда! Скакун…
– Цiха, – перапынiў падначаленага маёр i моцна сцiснуў лейтэнантаву руку вышэй локця, – думаю, тваё паведамленне не для староннiх вушэй.
Мiрончык адразу сцяўся i, азiраючыся, выдыхнуў:
– Вiнаваты…
Астроўскi душой адчуў, што i сапраўды здарылася штосьцi надзвычайнае, i таксама захваляваўся. У кабiнеце Мiрончык, трывожна пазiраючы на маёра, патлумачыў:
– Скакун нашага чалавека ледзь не забiў, цудам ацалеў.
– Калi гэта здарылася? Чаму адразу не паведамiлi? Дзе цяпер Верабей? – засыпаў пытаннямi Мiрончыка ўсхваляваны Астроўскi; ён нацадзiў з сiфона вады, залпам асушыў, другую шклянку працягнуў лейтэнанту i больш спакойна прамовiў: – Далажы па парадку.
Лейтэнант узяў з рук начальнiка шклянку, але пiць не стаў, як i трэба, удакладнiў:
– Паведамiлi са следчага iзалятара паўгадзiны таму. Турбаваць палкоўнiка Качана не наважыўся, лепш Вы самi…
– Правiльна, – накiдваючы на плечы палiто, мiралюбiва пахвалiў лейтэнанта Астроўскi; ён ужо прыняў рашэнне: – З дакладамi спяшацца не будзем, спярша трэба разабрацца самiм. Апранайся, едзем у следчы iзалятар i на месцы ўсё высветлiм.
Андрэй Бусел значыўся ў спiсах пражываючых у гатэлi як Мiкалай Фёдаравiч Мельнiк, камерцыйны дырэктар прадпрыемства «Свiтанак». Цяпер Бусла было не пазнаць. Валасы пафарбаваў у чорны колер, праўда, за бародку i вусы фарба чамусьцi не ўзялася, i яны сталi цёмна-каштанавымi. Але, агледзеўшы сябе ў люстэрку, Бусел застаўся гэтым нават задаволены. Валасы прыкрывалi вушы, вiхурылiся на каўняры пiнжака, а акуляры з прыцемненымi шкельцамi ў тоўстай залацiстай аправе пасавалi, надавалi iнтэлiгентнасць.
Бусел нецярплiва чакаў Зондакса, якi пазнiўся на цэлую гадзiну. Нарэшце ў дзверы грукнулi, i адразу ў пакой увалiўся расчырванелы, мокры ад дажджу Зондакс.
– Ну i надвор’е! – здароўкаючыся i страсаючы дажджавыя кроплi са скуранога капелюша, забасiў Петэрс i, зiрнуўшы на Бусла, засмяяўся: – Ты i спiш у акулярах? Зусiм закансперыраваўся, глядзi, каб гэта не перарасло ў якую хваробу.
Петэрс зняў вiльготную куртку, павесiў яе на спiнку крэсла i падсунуў блiжэй да ацяпляльнай батарэi.
– Пакуль мы тут «ля-ля, тапаля», яна i падсохне, – пацiраючы далонi, задаволена зазначыў ён. – Вымак да нiткi, машына ляснулася. Крыўдна, з паўкiламетра не дацёгся да гатэля.
– Штосьцi сур’ёзнае? – думаючы зусiм пра iншае, спытаў Бусел.
– Дробязь, кола прабiў, але ж пад такiм дажджом мяняць – сабе шкодзiць. Вось пагрэемся, пагаворым, глядзiш, i дожджык скончыцца.
Бусел прайшоў да ложка, сеў. Гэтымi днямi ён нiяк не мог пазбавiцца адчування вiны перад сям’ёй Зондакса. Што нi кажы, а ён перакладваў цяжар небяспекi на плечы сябра, i гэта непакоiла, раздражняла. Адказнасць за жыццё Зондакса зрабiлася невырашальнай турботай, ён нi пра што iншае не мог думаць.
– Петэрс, я падумаў i вырашыў, што аднаму разбiрацца ўва ўсiм усё ж спадручней, менш прыцягваю ўвагі. Ты i так дастаткова зрабiў…
Зондакс адразу стаў сур’ёзны, паўнаваты твар яшчэ больш пачырванеў: Петэрс зразумеў, куды хiлiць Бусел.
– Вось, аказваецца, што цябе турбуе! – нядобра прагаварыў камісар i праз хвiлiну здзеклiва ўскрыкнуў: – Хочаш сам разабрацца? Кажаш, аднаму спадручней?
Читать дальше