Моруа Андрэ
Вяртанне з палону (на белорусском языке)
Андрэ Маруа
ВЯРТАННЕ З ПАЛОНУ
Гэта - праўдзiвая гiсторыя. Падзея адбылася ў 1945 годзе ў французскiм сяле, якое мы назавём умоўна Шардэйль, сапраўдную ж назву пакiнем у сакрэце па прычынах зразумелых. Пачалося гэта яшчэ ў цягнiку, якi вёз з Германii палонных французаў. Iх было дванаццаць у купэ, разлiчаным на дзесяць. Страшэнна змораныя, яны сядзелi ў цеснаце, але ўсхваляваныя i шчаслiвыя, бо ведалi, што нарэшце, пасля пяцi гадоў разлукi, iзноў пабачаць сваю радзiму, свой дом, сваю сям'ю.
Усю дарогу перад вачамi амаль кожнага з iх стаяў адзiны вобраз, якi нiяк не выходзiў з галавы, - вобраз жонкi. Кожны думаў аб ёй з любоўю, з надзеяй, некаторыя з трывогай. Цi такая яна, як была? Цi захавала вернасць? Каго яна бачыла, што рабiла ў гэтыя цяжкiя гады чакання i адзiноты? Цi можна будзе жыць з ёю разам, як i раней? Тыя, хто меў дзяцей, былi спакайнейшыя. Iхнiм жонкам трэба было выхоўваць малых, i прысутнасць дзяцей, якiя з цiкавасцю сустрэнуць бацьку, уцешыць у першыя днi.
У кутку купэ сядзеў высокi худы чалавек. Яго бледны гарачы твар i блiскучыя вочы хутчэй нагадвалi iспанца, чым француза. Прозвiшча яго - Рэно Леймары, а родам ён быў з Шардэйля з паўднёва-заходняй правiнцыi Перыгор. Цягнiк iмчаўся ўночы. Глуха грукаталi колы, i толькi свiсток паравоза час ад часу парушаў iх аднастайны, iмклiвы рытм. Леймары размаўляў са сваiм суседам:
- Скажы мне, Сатурнiн, ты жанаты?
- А то як жа. Вядома, жанаты... Гады два да вайны, i хлопчыкаў двое... Завуць яе Марта. Хочаш, пакажу?
Сатурнiн, вясёлы нiзенькi чалавек са шрамамi на твары, выцягнуў з унутранай кiшэнi стары зашмальцаваны бумажнiк i з гордасцю паказаў яму парваную фотакартку.
- Ого, якая ў цябе красуня! - пахвалiў Леймары. - I табе не боязна вяртацца дадому?
- Боязна?.. Ды я ад радасцi скакаць гатоў. Чаму боязна?
- А таму, што яна прыгожая i адна, а навокал столькi ўсякiх розных...
- Глупства гародзiш! Для Марты iсную толькi я... Мы жылi разам так шчаслiва... I калi я табе пакажу яе лiсты за гэтыя пяць гадоў...
- Ат! Лiсты! Гэта нiчога не даказвае... Я таксама атрымлiваў добрыя лiсты... I ўсё ж мне боязна.
- Ты не ўпэўнены ў сваёй жонцы?
- Наадварот... Ва ўсякiм разе раней... Верыў ёй, можа, нават больш, чым хто iншы. Мы ўжо шэсць гадоў, як пажанiлiся, i хоць бы хмурыначка.
- Ну то чаго ж ты?
- Гэта залежыць ад характару, братка... Я з тых людзей, якiя не давяраюць шчасцю. Заўсёды я казаў сабе, што Элен мне не пара, што яна лепшая за мяне, i разумнейшая, i прыгажэйшая... Яна жанчына адукаваная i ўмее ўсё рабiць... За матэрыю возьмецца i такое плацце выштукуе - любата... Або хату абставiць, звычайную, сялянскую, - заходзiш, як у рай... Вось я i думаю, у часе вайны колькi ўсякiх бежанцаў у нас перабывала i сярод iх, мабыць, пападалiся хлопцы больш вiдныя, чым я. Дый чужаземцы, магчыма... саюзнiкi... Першая красуня на сяле, напэўна, трапiлася iм на вока.
- Ну i што з таго? Калi яна цябе любiць...
- Так то яно так, братка, але ты ўявi сабе, што значыць быць адной пяць гадоў... Шардэйль жа не яе радзiма, а мая. У яе там нi сваякоў, нi блiзкiх. Спакуса была вялiкая.
- Глупства гародзiш, яшчэ раз паўтараю! Ты нейкi кручаны... Дапусцiм, i было нешта такое... Дык што ж тады на сцяну лезцi, раз яна пра гэта забыла? Раз яна цябе сваiм мужам лiчыць? Каб мне, напрыклад, хто-небудзь нагаварыў пра Марту, я б яму адрэзаў так: "Маўчы i не плявузгай!.. Яна мая жонка, была вайна, яна была адна, а цяпер мiр i ўсё трэба пачынаць спачатку".
- Гэта не ў маёй натуры, - рашуча сказаў Леймары. - Калi я, вярнуўшыся, даведаюся, што яна мне хоць кропельку...
- Ну i што ты ёй зробiш? Заб'еш яе? У цябе ж, можа, яшчэ ёсць трошкi мазгоў у галаве?
- Не, я ёй нiчога не зраблю. Нават лiхога слова ад мяне не пачуе. Я проста знiкну. Знайду сабе якую-небудзь мясцiну i буду жыць пад чужым прозвiшчам. Пакiну ёй грошы, хату, маёмасць... Мне нiчога не трэба, у мяне ёсць прафесiя... Не прападу, наладжу жыццё... Можа, гэта i неразумна, але я такi: усё або нiчога.
Засвiстаў паравоз, заскрыгаталi стрэлкi, цягнiк наблiжаўся да станцыi. Двое падарожных спынiлi размову.
* * *
Мэр Шардэйля быў сельскiм настаўнiкам. Яго паважалi за душэўнасць i бацькоўскi клопат. Ранiцай, як толькi прыйшло паведамленне з мiнiстэрства, што дваццатага жнiўня ў маршрутным эшалоне Поўдзень - Захад разам з iншымi вяртаецца i Рэно Леймары, ён вырашыў неадкладна сам схадзiць да яго жонкi з гэтай радаснай весткай. Яна якраз працавала ў садзе. Цудоўны быў садок, у сяле самы лепшы, з кустамi духмяных чырвоных руж паабапал брамкi.
Читать дальше