— Дык восень… Які цяпер мак?.. — перасмыкнуў плячамі міліцыянер і здзіўлена паглядзеў на маёра, чакаючы, што скажа вышэйшы начальнік.
У гэтую самую хвіліну адзін з міліцыянераў паклаў Кузьму Самсонавічу руку на плячо і нясмела папрасіў:
— Дзядуля, адсунься, хачу печ агледзець…
— Глядзелі ўжо! — узарваўся стары і, гнеўна зірнуўшы на маёра, выпаліў:
— Калі памыліліся — прасіце прабачэння і едзьце… Людзей не мучце… Зрэшты, з мяне хопіць, дадому пайду… Мне па патрэбе…
— Мы ўсе стаміліся… Падпішыце пратакол і, калі ласка, ідзіце… — спакойна сказаў міліцэйскі начальнік і няспешна перагарнуў спісаныя дробным почыркам старонкі. — А калі патрэба ўзнікла, што натуральна, гаспадыню папросім, каб дазволіла тут схадзіць…
— Не-не! — замахаў рукамі дзед Кузьма. Ён інтуітыўна адчуў, што можа настаяць на сваім і пазбавіцца ад прымусу падпісваць паперы, няпэўныя, на ягоны погляд. — Усё, што трэба, я раблю толькі ў сваёй хаце.
— Ха-ха-ха, — зарагатаў насаты капітан. — Ты, дзед, унікум… Адмаўляешся пасядзець на пазалоце… А я схаджу… Па той самай прычыне… Грамадзянка Пятрова, ці дазволіш?..
— Рабіце, што хочаце… — гаспадыня пагардліва зірнула на міліцыянера і трошкі цішэй дадала: — Я вам не начальніца…
* * *
Дзед Кузьма, начапіўшы акуляры, чытаў пратакол вобшуку. Чытаў уважліва, з асцярогай, баяўся прапусціць нешта важнае. Працэдура зацягвалася, але яго не прыспешвалі, маўляў, няхай старэча пагуляе ў закон. Другому сведку торкнулі паперы ў рукі і загадалі: «Падпісвай, дзе птушачкі»… Хлопец паставіў на кожнай старонцы неразборлівыя размашыстыя загагуліны і знік гэтак жа няўлоўна, як і з’явіўся.
У нейкі момант насаты капітан і яго шыракаплечы начальнік пакінулі ўбаку тое, што робіць дзед Кузьма, засяродзіліся на сваім. Рэй вялі ціха і не бачылі, што дзед ужо не вычытвае, а навастрыў вушы, іх слухае. Капітан узбуджана, узахлёб расказваў пра тое, як наведаў лазню і прыбіральню:
— І сапраўды, лазня што трэба!.. Уклаўся чалавек… Убачыш — пазайздросціш… Шкада, што нічога не знайшлі… Канфіскат пралятае… А ўзяць ёсць што!..
— У другім месцы знойдзем… — незадаволена, скрозь зубы, працадзіў маёр.
Насаты азірнуўся на дзеда Кузьму, які старанна выводзіў подпіс на прачытанай старонцы, і радасна зашаптаў:
— І ўсё ж метку пакінуў!..
Кузьма Самсонавіч слухаў пра тую «метку» і не верыў сваім вушам, што гэткае можа быць… У жыцці ціхі, неканфліктны, ён раптам узбунтаваўся і нечакана для самога сябе вырашыў: мірыцца з беззаконнем не будзе!.. Ён хутка запісаў пачутую размову міліцыянераў у пратакол, балазе, на яго доўга не звярталі ўвагі і не прыспешвалі. Калі справа была зроблена, акуратна склаў паперы і аддаў маёру.
Цяпер маёр спяшаўся і не звярнуў аніякай увагі на дзедаву пісаніну. Ён бегла зверыў подпісы панятых на першай і апошняй старонках, паклаў пратакол у папку, напружана выдыхнуў:
— Прабачце, Кузьма Самсонавіч, за нязручнасці момант… Служба гэткая… І вы, грамадзянка Пятрова, выбачайце…
* * *
Надвячоркам таго ж дня да хаты Кузьмы Самсонавіча пад’ехала міліцэйская машына. Сярдзюк таропка прашмыгнуў у расчыненую брамку і подбежкам кінуўся да веранды. Калі ўчастковы ўбачыў замок на дзвярах, дастаў мабільны тэлефон, але патэлефанаваць не паспеў.
— Капітан, ты зусім не кульгавы, калі подбегам! — з альтанкі весела гукнуў дзед Кузьма.
Кузьма Самсонавіч разумеў, што па яго прыедуць… Як толькі прачытаюць напісанае ў пратаколе вобшуку, так і заявяцца… Праўда, чакаў «гасцей» у першай палове дня. Не дачакаўся… А пасля сямнаццаці гадзін сабраўся, замкнуў хату і ў поўнай гатоўнасці атабарыўся на вуліцы.
— Цьфу ты, чорт стары!.. Заварыў кашу і ў цяньку сядзіш, гультайнічаеш… — ускрыкнуў міліцыянер і схаваў тэлефон у кішэню. — Ужо не спадзяваўся цябе заспець… Думаў, у Расію да сына шуснуў… А Махляр круціцца, як вуж на патэльні… Па цябе паслаў…
— Ты хуткі, як чарапаха, — падыходзячы да міліцыянера, сказаў дзед Кузьма і, ссунуўшы бровы, перапытаў: — А Махляр, ён хто?.. Здаецца, некалі чуў гэтае прозвішча…
— Ага! Значыцца, ведаеш, у чым справа, — напружана сказаў Сярдзюк і паспешліва патлумачыў: — Махляр — мянушка капітана Малярэўскага. Толькі, Кузьма Самсонавіч, вельмі прашу — забудзь… Капітан злуецца, калі чуе пра Махляра… І помслівы… Даведаецца, ад каго пачуў, не спусціць… Злосць на мне спагоніць…
— Махляр… — стараючыся ўспомніць, дзе чуў гэтую мянушку, а можа, і прозвішча, некалькі разоў уголас паўтарыў дзед Кузьма. — Не, не прыгадаю… — ён абыякава махнуў рукой, быццам адмахнуўся ад назойлівай мухі, і з напускной бравадай падбадзёрыў Сердзюка:
Читать дальше