* * *
Людзі ў цывільным, здавалася, запаланілі вялікі дом Пятровай, хата стала цеснай і душнай. Службоўцы, з віду важныя і маўклівыя, моўчкі торкаліся ва ўсе пакоі, зыркалі ў цёмныя закуткі, зрэдку перашэптваліся, але рукамі нічога не чапалі, чакалі загаду…
Дзед Кузьма пераступіў невялікі парожак у залу і закашляўся. Зусім не пах цыгарэт і розных даўкіх адэкалонаў перахапіў дых, а трапяткая, шчымлівая трывога, што лунала ў паветры… Яна спазмай сціснула грудзі. Нябачнае напружанне ціхім халадком падкаціла пад сэрца, нервова затузалася, затрымцела левае павека, што здаралася, калі пачынаў хвалявацца. Сярдзюк наляцеў на аслупянелага старога, каб не паваліцца, абхапіў дзеда аберуч і, здалося, вынес на сярэдзіну пакоя. Участковы ўскінуў вочы на шыракаплечага, амаль квадратнага хлопца гадоў трыццаці, з тоўстым носам і чырвонымі шчокамі, узяў пад казырок:
— Таварыш маёр, паняты дастаўлены… З другім нявыкрутка, у вёсцы не знойдзем…
— Твая праблема… — рэзка перапыніў участковага шыракаплечы. — У цябе, капітан, на ўсё пра ўсё дзесяць хвілін…
Шыракаплечы зірнуў на дзеда Кузьму, торкнуў у твар паперу і гучным голасам абвясціў:
— Гэта ордэр на вобшук… Будзеце панятым… Вам давядзецца пісьмова засведчыць правільнасць і сапраўднасць вобшуку… Пакуль участковы шукае другога панятога, вы пачакайце… Вось тут… — ён падвёў Кузьму Самсонавіча да круглай, трошкі цёплай печы, нагой падсунуў табурэт, строга загадаў: — Сядайце… Спатрэбіцеся — паклічам…
— Не глухі, можна і цішэй… — незадаволены напорыстасцю следчага, абурыўся Кузьма Самсонавіч, але таўстаносы так зыркнуў з-пад ілба, што дзед плюхнуўся на табурэт, здалося, маёр прыкаваў да месца.
Насупраць у шыкоўным скураным крэсле сядзела гаспадыня. Перапалоханыя хлопчыкі пяці і шасці гадоў туліліся да маці. Заплаканая жанчына ласкава гладзіла меншага сына па ўскудлачанай, яшчэ соннай галоўцы і бесперапынна шаптала:
— Дзеткі, не бойцеся… дзядзі харошыя… у іх работа такая… яны хутка пойдуць…
Дзед Кузьма ўбачыў дзяцей, і нешта здрыганулася ў грудзях, зноў удушлівы камяк падкаціў да горла. Дзесьці ў падсвядомасці, у яе самых дальніх куточках, як бы нейкі голас прашаптаў, што ён памятае, павінен успомніць нешта важнае… Выява мільганула і знікла, толькі халодныя мурашы прабеглі па спіне… Імгненна нагадала пра сябе і хворае сэрца.
«Не!.. Гэтакі адрэналін не для мяне… Зрэшты, закона няма, каб паняты прысутнічаў пад прымусам… Пайду, няхай шукаюць маладзейшага…» — прыняў рашэнне Кузьма Самсонавіч і пацягнуўся да кішэні па таблетку валідолу.
— Вам кепска, можа, вады? — ціхім, прыязным голасам запыталася Наталля.
— Трошкі неспакойна… Сітуацыя незвычайная, — цяжка ўздыхнуў дзед Кузьма. Ён зірнуў на гаспадыню, убачыў шырока расплюшчаныя спакутаваныя васільковыя вочы і чамусьці пачаў апраўдвацца: — Прабач, дзетка…
Сярдзюк угаварыў… Сказаў, што калі не я, то Верку прывядзе з хаха… — ён на паўслове спатыкнуўся і, гледзячы на дзяцей, паспрабаваў усміхнуцца: — з сябрам прывядзе…
— Дзякую вам, Кузьма Самсонавіч… Вы харошы чалавек…
Гэтае «дзякую» як ацверазіла дзеда Кузьму, з вачэй быццам заслона ўпала.
«Ёй падтрымка патрэбна, а я, пень стары, уцякаць сабраўся», — падумаў ён, а ўголас паспрабаваў пажартаваць:
— Ты, дачушка, у галаву не бяры… Пра дзетак думай… А кепскае ў мех ды за плечы…
— Як жа не браць, калі тут гэткае!?.
— Мама… спаць хачу, — закруціўся на каленях меншы сын.
— Я таксама, — цяжка ўздыхнуў старэйшы і, ссунуўшы бровы, падаросламу сурова паглядзеў на плячыстага маёра.
* * *
Нарэшце аб’явіўся ўчастковы. Ён прывёў маладога хлопца, нетутэйшага, і адразу следчыя замітусіліся, зашчоўкалі фотаапараты, бліскавіцамі заміхцелі фотаўспышкі.
Службоўцы доўга абшуквалі пакоі, ператрасалі шафу і камоды, перагледзелі кніжныя паліцы, прастукалі сцены і падлогу. Хударлявы капітан, падобны да нейкай дзюбастай птушкі, і, відавочна, не з апошняга дзясятка службоўцаў, торкнуў свой доўгі нос у печ, каля якой сядзеў дзед Кузьма, і ператрос попел…
І печ, здалося, гэткай бесцырымоннасці не вытрымала, узбунтавалася…
Раптам загуло ў дымаходах, незадаволена скавытнулі засаўкі, здрыганулася хата, і адразу па вокнах шумна сыпанула дажджом. На нейкі момант запанавала напятая, ломкая цішыня. Хтосьці з міліцыянераў незадаволена прабурчаў:
— Тры гадзіны хату ператрасаем — і пуста… Відаць, памылачка выйшла…
Читать дальше