Наш свет існуе з дапатопнай пары,
Льюць ліўні на бедных бадзяг.
Сягоння пацеху мы скончым, сябры,
А заўтра — глядзіце працяг.
( Выходзіць .)
Канец
ПеракладЯзэпа Семяжона
Дзейныя асобы:
ЛОРД, КРЫСТАФЕР СЛАЙ, КАРЧМАРЫХА, ПАЖ, АКЦЁРЫ, ЛОЎЧЫЯ і СЛУГІ } асобы ў Пралогу
БАПТЫСТА , багаты дваранін з Падуі.
ВІНЧЭНЦ’Ё , стары дваранін з Пізы.
ЛЮЧЭНЦ’Ё , сын старога Вінчэнц'ё, закаханы ў Б’янку.
ПЕТРУЧ’Ё , дваранін з Вероны, жаніх Катарыны.
ГРЭМ’Ё, ГАРТЭНЗ’Ё } жаніхі Б'янкі
ТРАНЬЁ, Б’ЁНДЭЛА } слугі Лючэнц'ё
ГРУМ’Ё, КЕРТЫС, НАТАНЬЁЛЬ, ДЖОЗЭФ, НІКЛАС, ФІЛІП, ПІТЭР } слугі Петруч’ё
ПЕДАНТ
КАТАРЫНА, Б’ЯНКА } дочкі Баптыста
УДАВА
КРАВЕЦ, КРАМНІК
СЛУГІ Баптыста і Петруч'ё.
Месца дзеяння: Падуя і загародні дом Петруч'ё.
Дзейныя асобы ў Пралогу:
ЛОРД
КРЫСТАФЕР СЛАЙ , меднік КАРЧМАРЫХА,
ПАЖ, АКЦЁРЫ,
ЛОЎЧЫЯ і СЛУГІ
СЦЭНА I
Перад карчмой за ваколіцай.
Уваходзяць КАРЧМАРЫХА і СЛАЙ.
СЛАЙ
Мне на цябе начхаць, і ўсё па ўсім.
КАРЧМАРЫХА
А на цябе — калодкі б, валацуга.
СЛАЙ
Дрэнь ты, дрэнь — скажу табе. Слаі не валацугі; Заглянь у летапісы: мы прыйшлі сюды з Рычардам Заваявальнікам. Адным словам — Paucas calabris — усё цюцелька ў цюцельку! Sessa — не на таго натрапіла.
КАРЧМАРЫХА
Дык за разбітыя куфлі так і не заплаціш?
СЛАЙ
Не, ні дзінарыка. Сказаў жа: «Праходзь, Сінкліта, пакуль не біта, кладзіся ў пасцель, пакуль нос цэл».
КАРЧМАРЫХА
Ну дык я ж ведаю, што з такімі рабіць: Я пайду ў паліцыю па асэсара! ( Выходзіць ).
СЛАЙ
Па асэсара, хоць і па самога кесара — я ўсім здолею адказаць па законе: не сыду з месца — і ўсё па ўсім. Вядзі, вядзі бяду на сваю галаву. ( Лажыцца на зямлю і засынае .)
Трубяць у рогі.
Уваходзяць ЛОРД з ЛОЎЧЫМІ і СЛУГАМІ .
ЛОРД
( да 1-га Лоўчага )
Дык не засудзься ж: перш за ўсё — сабакі:
Дагледзі і накармі. У Тарбахвата
Аслаб ашыйнік — ён прыстаў на гонах.
Лягавага звяжы з вяртлявым Басам.
Ты не заўважыў, як напаў мой Срэбны
На ранні зайцаў след ускрай прысады?
Ах, Срэбны — проста золата! Такога
Я не прадаў бы і за дваццаць фунтаў.
1-шы ЛОЎЧЫ
Мілорд, нічым не горшы і Званар.
Ён чуе след за мілю, а, крый божа,
Саб’ецца, так зазвоніць на ўвесь лес,—
За дзесяць міль чуваць. О не, Званар —
Паверце мне — найлепшы ваш сабака.
ЛОРД
Хвалько ты. Калі б Гук не быў гультай,
Ён каштаваў бы тузін гэткіх выжлаў,
Як твой Званар. Дагледзь і накармі,
I зараз жа! Хай адпачнуць да рання,
А заўтра выйдзем зноў на паляванне.
1-шы ЛОЎЧЫ
Усё зраблю як мае быць, мілорд.
ЛОРД
А гэта што? Мярцвяк? Правер, ці дыша?
2-гі ЛОЎЧЫ
Сапе, мілорд. Здаецца,— пад хмяльком.
Зямля — не ложак: не заснеш цвярозы.
ЛОРД
Быдляціна! Разлёгся, як свіння.
I быццам адубеў. Якая брыдасць!
Не грэх было б і правучыць п’янчугу.
Што, калі нам яго пакласці ў ложак,
Змяніць бялізну, хораша прыбраць,
Надзець пярсцёнкі, а пры ложку — столік
З усякімі прысмакамі, і ў спальню —
Паслаць прыслугу? Выспіцца нябога —
I сам сябе палічыць за другога.
1-шы ЛОЎЧЫ
Ды ён за нежывога спіць, мілорд.
2-гі ЛОЎЧЫ
Прачнецца — здзівіцца: ну што за чорт,
Я — і не я.
ЛОРД
I ложак тут не мой.
Падумае, што ў сне вярзецца прывід.
Бярыце ж і зрабіце ўсё, як трэба:
Пакладзіце ў маім пакоі спальным,
Там, дзе вісяць «скаромныя» карціны.
Само сабой — абмыеце старанна
З пахучым мылам, а падушкі у ложку
Духамі спырсніце. Калі праспіцца,
Адразу ж дайце знак — няхай музыкі
Чароўнай музыкай напоўняць спальню;
А гаварыць пачне, вы ў той жа момант
Пытайце: «Што жадае ваша міласць?» —
З пачцівасцю, вядома, і з паклонам,—
I тут жа слугаваць: адзін прыносіць
Сярэбраны ўмывальнічак з вадою,
Знарок падфарбаванаю, і кветкі,—
Другі — збанок з вадой гарачай, трэці —
Ручнік. Пытайцеся: «Мо ваша міласць
Жадае вымыць рукі?» А тым часам
Чацвёрты падрыхтоўвае адзенне,—
Вядома, не яго, а з гардэроба
Маіх убораў — самай лепшай моды,
I з рэверансікам: «Ці ваша міласць
Гатовы апранацца?» I размовы —
Паток размоў для марнатраўства часу:
Аб конях, аб сабаках, паляваннях,
Аб чорту-д’яблу, аб каханай лэдзі,
Што плача, як бабрыха, па ахвяры
Атрутнай вадкасці «шклянога бога».
Спытае пра хваробу,— адкажыце,
Што быў не ў розуме, а можа, стане
Расказваць пра сябе, дык вы даводзьце,
Што гэта ўсё не так,— адно трызненне,
Што ён — вяльможны лорд. Не трацьце ж часу,
Усё зрабіце так, як я вам раю,
Старанна, дзеля смеху і забавы!
Але ж глядзіце: не сапсуйце справы.
Читать дальше