Дзед Язэп. Кватэра — як ток. Хоць жыта малаці.
Кацярына Карпаўна. Добрая кватэра. З выгодамі. І вада на месцы. І прыбіральня. І печкі цяпліць не трэба… Але колькі гора я з-за гэтай кватэры цяпнула. Як успомню, аж сэрцайка ападае.
Дзед Язэп. Была гісторыя?
Кацярына Карпаўна. О, яшчэ якая!.. Гэта ж як толькі пераехалі, жылі на ўскраіне, у сынавай хібарцы. Аднойчы сын і кажа: «Матка, я паеду ў камандзіроўку, а ты сходзіш у гарсавет і атрымаеш ордэр на новую кватэру». Сказаў так і паехаў. А я збіраюся ў гарсавет і думаю, што ж гэта за ордэр, што ж гэта за штука? Відаць, каштоўная, што з-за яго кватэру даюць. Узяла спачатку сумку, а потым перадумала: можа, не ўлезе ў сумку. Самы вялікі чамадан захапіла.
Дзед Язэп. Запас бяды не чыніць.
Кацярына Карпаўна. Ага, з'яўляюся я, значыцца, з гэтым вялікім чамаданам у гарсавет. Глядзяць на мяне так дзіўна: «Куды, бабка, далёка сабралася? Ці не ў Сібір?» Я і кажу: «За ордэрам прыйшла!» Старшыня, такі прыстойны, ветлівы чалавек, усміхнуўся, запрасіў у кабінет мяне і падаў нейкую маленькую жоўтую паперку, як для самакруткі на махорку. Кручу гэтую паперку ў руках і не ведаю, што з ёй рабіць. А потым набралася смеласці і пытаюся: «А дзе ж ордэр?» «Дык гэта ж ордэр і ёсць», — смяецца старшыня.
Дзед Язэп. Бач ты?!
Кацярына Карпаўна. Прынесла я гэтую паперку дахаты і не ведаю, дзе яе схаваць. Куды ні пакладу, усё здаецца, што дрэнна. І ўрэшце засунула пад настольнік. Вечарам дзеці са школы прыбеглі: «Бабка, пакажы ордэр!» Я цап пад настольнік, а там яго нямашака. Перавярнула, перакруціла — нідзе. Як карова языком злізала. І тут мяне цюкнула: гэта ж я настольнік вытрасала і рознымі паперкамі, якія пападалі з яго, грубку падцепліла. Стаю, як варам аблітая. Гэта ж спаліла кватэру новую. Хацела адразу пятлю на шыю накінуць. Не ведаю, як ноч перажыла. А раніцою хутчэй у гарсавет. Кінулася да старшыні ў ногі: «Чалавечак ты мой родны, залаты, ратуй! А то рукі на сябе налажу». Усадзіў ён мяне сілком у крэсла, выслухаў, пасмяяўся і выпісаў другую такую паперку. А ў мяне з той пары і рукі дрыжаць, і сэрца змітрэнжылася…
Дзед Язэп. Ого, колькі нам з-за гэтых паперак крыві папсавалі. Помніш, як Антосін Піліп згубіў квіток, што «шараварку» адбыў. «А, ты — скрыты вораг народа!» Заграблі мужыка. Толькі і бачылі. Як у ваду кануў.
Кацярына Карпаўна. Як яна там, Антося, зараз?
Дзед Язэп. А нічога. Сноўдаецца па доме. І парсюку замяшае, і карову падоіць.
Кацярына Карпаўна. Даўно я кароўку не даіла. І, відаць, не давядзецца ўжо… (Уздыхае.) Ды што гэта я пра сябе. Як ты? Усё ў вартаўніках ходзіш?
Дзед Язэп. Чапаю. Але, відаць, давядзецца кінуць.
Кацярына Карпаўна. Немач?
Дзед Язэп. Па немачы яшчэ б цягаўся… Сабачка ў мяне быў. Ды такі рахманы: злодзея за вярсту чуў. Хоць тэлевізар глядзі, хоць спі, а ён аб'яўку дасць у патрэбны момант. А ўжо як учэпіцца ў каго — не адарвеш! Гэта ж Хведзька, ну, бабыль з горада, ты ж павінна ведаць, бычка хацеў украсці. Дык ён за калашыну гэтаму бандзюгу ўпіўся, і што той ні рабіў — і біў, і нагой дрыгаў, і цягнуў за сабой — не адпусціў. Зуб пярэдні ён, бядак, выламаў, а не адпусціў.
Кацярына Карпаўна. Во гэта сабачка!
Дзед Язэп. Ого, быў як у Бога за пазухай. І вот жа, як на ліха якое, прапаў. Як у ваду кануў. У каго ні пытаюся — нічога не чулі пра яго. Прыйшоў вот да сына твайго, Караната. Ён жа ў міліцыі.
Кацярына Карпаўна. Ушыўся ў сабаччу скуру.
Дзед Язэп. Вось я і гавару: мо дапаможа.
Кацярына Карпаўна. Ён не па сабаках, ён па гэтых, як іх — анкаголіках.
Дзед Язэп. А можа, і пра сабачку прапытае.
Кацярына Карпаўна. Спытае. Во сёння раніцою да нас сабачку прыносілі. Надта падобную да тваёй.
Дзед Язэп (ажыўляецца) . А каб глянуць на яе?
Кацярына Карпаўна. Цяпер нямашака. На выгулку павялі ці яшчэ куды. (Кранае вузел.) Ты ўжо без мяне паглядзіш.
Дзед Язэп. А ў якія госці, Карпаўна, ты лыжы навастрыла?
Кацярына Карпаўна. А гэта я… у санаторыю!..
Дзед Язэп. У санаторыю — добра. Там і дактары, і дагляд, і клімат.
Кацярына Карпаўна. Я ж не хацела. Дык сын: едзь, матка, ды едзь.
Дзед Язэп. Правільна. У санаторыю гэту я б на пузе папоўз, ды які сабака мне пуцёўку дасць? А ў цябе, Карпаўна, сын харошы. Чалавек. Не тое, што дзеці ў Марылі.
Читать дальше