Кацярына Карпаўна. Сынок, не магу ніяк памерці, прабач…
Маёр Козлікаў. Не можаш, дык кладзіся ў труну жывой. (Вывалаквае труну на сярэдзіну пакоя.)
Кацярына Карпаўна. Можа б, ты са свайго рэвальверта падстрэліў мяне, сынок?
Маёр Козлікаў. Ну што ты, матка? Дадумалася. Хочаш роднага сына забойцам зрабіць? Залазь во!
Кацярына Карпаўна. Ой, не ўмею я. За ўсё жыцце ўсяму навучылася. А вось паміраць — не.
Маёр Козлікаў. Што тут умець? Глядзі, матка! (Забіраецца ў труну, складвае рукі, заплюшчвае вочы.)
Кацярына Карпаўна. Сынок, Каранатушка! Адумайся. Што ты робіш? Я сама!
У гэты момант дзверы ў пакой адчыняюцца. З'яўляюцца сяржант Дзюбаі дзед Язэп.
Сяржант Дзюба (не заўважаючы маёра Козлікава, рапартуе) . Таварыш маёр, загад вы… (Раптам бачыць маёра Козлікава ў труне.) Таварыш маёр! (Паўзе да яго на каленках.) Т-таварыш маёр! (Плача.) На каго ж вы мяне кінулі?! Што ж я без вас рабіць буду?..
Маёр Козлікаў (на сяржанта) . Цыц!.. Гарэлкі сюды!
Сяржант Дзюба (як бы не чуе) . Карміцель наш!
Маёр Козлікаў (грозна) . Гарэлкі, бязмен, мля…
Сяржант Дзюба (усхопліваецца) . Й-ёсць гарэлкі! (Падае бутэльку і шклянку.)
Маёр Козлікаў налівае ў шклянку гарэлку і выпівае прама ў труне.
Маёр Козлікаў (дзеду Язэпу) . А ты, дзед, прахвост. (Іншым тонам.) Здаць матчыны грошы, мля!
Кацярына Карпаўна. Сынок, я зраблю, як ты хочаш. Я лягу ў труну, памру зараз жа. Толькі хай грошы будуць у Язэпа.
Маёр Козлікаў (дзеду Язэпу) . Грошы!
Дзед Язэп (у роздуме) . Карпаўна, аддаць?
Маёр Козлікаў (спрабуе вылезці з труны, але набраўся настолькі, што не можа) . За зневажэнне асобы — пад суд!
Дзед Язэп. «Асоба».
Маёр Козлікаў. Я — маёр Козлікаў. Каранат Каранатавіч, ад слова «каранаваны»…
Дзед Язэп. Правільна. Каранаваны…
У пакой убягае Фяўроння Захараўна.
Фяўроння Захараўна (працягвае ў руцэ шнурок з залатым зубам) . Знайшоўся! Праглынуць хацела, падла. З горла ледзь выдрала…
Да дзеда Язэпа падбягае сабачка, вішчыць.
Дзед Язэп (лашчыць сабаку) . Тузік! Гэта ж мой Тузік. І зуба наперадзе няма. Якраз у тым месцы.
Маёр Козлікаў скрыгоча зубамі і пераварочваецца ў труне. Сяржант Дзюба паўзком дае цягу да дзвярэй. Трымаючыся за шыю, уваходзіць Лада.
(Да Кацярыны Карпаўны.) Хадзем, Карпаўна… У вёску! Табе тут больш нечага рабіць.
Лада. Забярыце і мяне. Інакш я такое зраблю, увесь раён уздрыгнецца. Уставай, ба… Ба!.. Ты што? (Тармосіць старую.)
Кацярына Карпаўна маўчыць. Дзед Язэп кранае яе і раптам змяняецца ў твары.
Дзед Язэп. Не тармасі яе… Няўжо не бачыш?
З'яўляецца чалавек у чорным.
Чалавек у чорным. Вянок для нябожчыка Козлікава.