Лада (ціха, але выразна) . Мне сорамна?! (Паказвае пальцам сабе ў грудзі.) За што? Сорамна вам. Я б на вашым месцы згарэла з сораму. Вырадзілі дачку, а цяпер двое такіх ілбоў не могуць яе пракарміць.
Маёр Козлікаў. Мы — не мільянеры, каб раскідвацца сотнямі.
Фяўроння Захараўна. Лада, нашто табе столькі?
Лада. На кулон. Хачу залаты кулон!
Фяўроння Захараўна. У цябе ўжо ёсць залаты ланцужок. Дачка, мы не можам…
Лада. Не можаце, дык не трэба было раджаць мяне на гэты праціўны свет. А цяпер мне як быць? Ісці красці?.. А вы потым будзеце сваімі сабакамі лавіць родную дачку. Я думаю, чаго гэта мае продкі так улеглі ў сабакаводства?
Маёр Козлікаў (праз зубы) . Замаўчы!
Лада (іранічна) . Што-о?.. Вы сёння яшчэ не чулі майго голасу. Зараз я напомню! (Кудлаціць валасы, кладзецца на падлогу, б'е нагамі, крычыць.) Хціўцы!.. Здраднікі!.. Хачу залаты кулон!.. Памру!
Маёр Козлікаў і Фяўроння Захараўна мітусяцца каля Лады.
Маёр Козлікаў. Лада!
Фяўроння Захараўна. Доча!.. Зараз дадзім!.. Зараз…
Фяўроння Захараўна кідаецца да Кацярыны Карпаўны, абмацвае яе, ірве кофту. Лада спакваля супакойваецца, пачынае з цікавасцю сачыць за дзеяннямі маці.
(З істэрыкай адскоквае ад Кацярыны Карпаўны.) Людзі!.. Няма!.. Абманула!..
Маёр Козлікаў. Хто абмануў?.. Чаго няма?..
Фяўроння Захараўна. Грошай у старой няма.
Маёр Козлікаў. Во, мля, не можа быць.
Маёр Козлікаў і Фяўроння Захараўна тармосяць Кацярыну Карпаўну. Яна… войкае і ўстае. Фяўроння Захараўна моўчкі спаўзае на падлогу.
Кацярына Карпаўна. Дзе я? На тым свеце?
Маёр Козлікаў. Пакуль на гэтым, матка. Дзе грошы?
Кацярына Карпаўна. Якія грошы? А… Даруй, сынок… Божачкі, гэта ж я цябе забылася папярэдзіць. Во галава… Гэта ж я грошы на сваё пахаванне дзеду Язэпу аддала.
Маёр Козлікаў. Дзякуй, матка.
Фяўроння Захараўна (прыходзіць у сябе) . Во, я так і думала: нездарма валацуга стары, злодзей гэты прыцёгся. Сабака яму? Унюхаў грошы і вымантажыў у старой.
Кацярына Карпаўна. Ён не браў. Я ледзь упрасіла.
Лада (ускліквае) . Брава, баба! Здорава ты іх накалола!
З'яўляецца сяржант Дзюба.
Сяржант Дзюба. Таварыш маёр, надзвычайная сітуацыя! Старшыня Абцугайла вызвалены, але сваім ходам не можа рухацца. Дазвольце ўзяць машыну!
Маёр Козлікаў. Потым. Сяржант, дастаў зараз жа сюды дзеда Язэпа. Жывога ці мёртвага, мля!
Сяржант Дзюба. Ёсць! (Пакідае пакой.)
Лада. Можа, я не валаку, чаму баба павінна абавязкова аддаць канцы. Хай пажыве яшчэ. Што яна бачыла? У вёсцы, як крот, акапалася са свіннямі, курамі. У нас — таксама: і за няньку, і за лыжкамыйку, і за прыбіральшчыцу. Не, не дуба даваць трэба бабе, а пажыць, як сапраўднай «гёрл»: на курорт з'ездзіць, у кабак схадзіць, на відзікі. Магу арганізаваць, мазе?
Фяўроння Захараўна. Каранат, яна здзекуецца з нас.
Лада. Пяць кускоў на бочку! Лічу да трох! Раз… два…
Маёр Козлікаў. Замаўчы!
Лада. Баця, маўчаць якраз трэба табе. (Дастае газету, падае маёру Козлікаву.) На, чытай! Тут пра цябе напісана!.. Чао!
Ладазнікае.
Маёр Козлікаў (чытае) . «На працягу ўсіх сваіх свядомых гадоў Каранат Каранатавіч зарэкамендаваў сябе цудоўным работнікам. Не баяўся глядзець смерці ў твар. Прынцыповы да мозгу касцей, таварыскі. Ён карыстаўся вялікім аўтарытэтам у былых камуністаў раёна. Будучы ў апошнія гады на такім адказным месцы па барацьбе з п'янствам і алкагалізмам, як начальнік медвыцвярэзніка, ён заўсёды выконваў і перавыконваў план!..» (Задаволена.) Правільна, мля, пішуць. Справядліва. Ні разу я план не заваліў. Колькі чалавек даведзена было, столькі і прапускаў праз медвыцвярэзнік.
Фяўроння Захараўна (вырывае газету, глядзіць, войкае) . Божа, чаго ты радуешся, дурань. Гэта ж некралог на цябе! У чорнай рамцы.
Маёр Козлікаў. Мля, не можа быць.
Фяўроння Захараўна. Пратры вочы, калі заліў. (Чытае.) «З вялікім жалем паведамляем, што на пяцьдзесят першым годзе жыцця трагічна загінуў маёр міліцыі Каранат Каранатавіч Козлікаў…»
Маёр Козлікаў. Во, мля… Усё з-за паскуднай даведкі ў загсе.
Фяўроння Захараўна. Што яшчэ за даведка?
Читать дальше