Сяржант Дзюба. Але ж ён — не п'яны…
Маёр Козлікаў. Не п'яны, дык напаі, мля…
Сяржант Дзюба. Ёсць напаіць! (Знікае.)
Маёр Козлікаў зноў прыступае да выпіўкі. Кацярына Карпаўна моліцца.
Кацярына Карпаўна…І прашу Цябе, Божанька, не пакідай сына майго, Каранатку. Харошы ён у мяне, вучоны, талковы, павагу вялікую мае ў начальства. Надзея мая, зярнятка маё!..
Маёр Козлікаў слухае малітву Кацярыны Карпаўны і пачынае плакаць. З'яўляецца Фяўроння Захараўна.
Фяўроння Захараўна (ківае на Кацярыну Карпаўну) . Як яна?
Маёр Козлікаў (плача) . Рыхтуецца.
Фяўроння Захараўна. Нешта ж доўга.
Маёр Козлікаў. Такі рытуал. (Пускае слязу.)
Кацярына Карпаўна (моліцца) …І нявестку маю, Божанька, не пакідай. І добрая яна бывае. І за сынам глядзіць. Дай ёй, Божанька, здароўя. Я ёй усё дарую!..
Фяўроння Захараўна. Зрабіла б сапраўды падарунак хутчэй, а то цягне валынку.
Маёр Козлікаў (абдымае Фяўронню Захараўну) . Пачакай трохі, дарагая.
Фяўроння Захараўна. Я не магу больш чакаць. (Да залы.) Людзі! Надаела. Ванітуе. Кішкі пераварочвае ад шамкання, шоргання яе… Ой, не ведаю, што гавару. Пэўна, дрэнна гавару. Даруйце. Я сама хутчэй кончуся. (Плача.)
Маёр Козлікаў. Супакойся. Самагонкі хочаш?
Фяўроння Захараўна. Я пажыць хачу. Хачу, як усе нармальныя людзі, трымаць сабак у кватэры.
Маёр Козлікаў (прытульвае жонку) . Фяўроннюшка! Лапка!.. Маці сказала, што памрэ — значыць, памрэ! Ты ж яе ведаеш — безадказная старая… А сабаку яшчэ аднаго возьмем. Аўчарку. Такую — гарр-гарр-гарр!.. О, мля.
Фяўроння Захараўна (выцірае слёзы) . Ой, ці ўжывуцца яны?
Маёр Козлікаў. Абсалютная гармонія. У начальніка міліцыі такі ж састаў дома, мля.
Фяўроння Захараўна. Ага, я неяк бачыла іх на шпацыры. Сімпатычная пара.
Кацярына Карпаўна войкае і падае на бок, маёр Козлікаў падбягае да яе.
Маёр Козлікаў. Матка, ты чаго?
Кацярына Карпаўна (стогне) . А-а, па-мі-ра-аю!
Маёр Козлікаў. Не памірай, матка! Пажыві яшчэ!
Фяўроння Захараўна (маёру Козлікаву) . Ты што цяўпеш? Апомніся, Каранат!
Маёр Козлікаў (спахопліваецца) . Хаця… рабі, матка, як хочаш. Як табе лепш.
Кацярына Карпаўна. Ты, ужо, сынок, глядзі тут…
Маёр Козлікаў. Буду глядзець.
Кацярына Карпаўна. Запросіш на пахаванне маіх суседзяў з Цельпухоўкі: Лёню, Антосю, Мар'яна, Ціхана, Івана. Язэпа не забудзь.
Маёр Козлікаў. Не забуду.
Кацярына Карпаўна. Ты запішы, сынок!
Маёр Козлікаў (водзіць пальцам па далоні) . Запісана.
Кацярына Карпаўна. Грошай не шкадуй. Хай людзі памянуць добрым словам…
Фяўроння Захараўна. Кацярына Карпаўна, родненькая, даражэнькая, не хвалюйцеся. Справім памінкі багатыя і помнік мармуровы на магілцы паставім.
Маёр Козлікаў. Матка, я табе кожны дзень на магілку буду свежыя кветкі прыносіць.
У Кацярыны Карпаўны па шчацэ сцякае сляза. Твар яе як бы застывае.
(Паўшэптам.) Адыходзіць…
Фяўроння Захараўна (прыкладае палец да вуснаў) . Ціха. Не спалохай!
У пакоі — доўгая цішыня чакання. Раптам за дзвярыма чуваць грукат. Паказваецца сяржант Дзюба.
Сяржант Дзюба (ад парога, моцна) . Таварыш маёр, надзвычайная сітуацыя!..
Маёр Козлікаў (праз зубы) . З-зат-кніся!..
Кацярына Карпаўна (варушыцца) . Сынок, спытай яго, ці знайшоў сабаку дзеда Язэпа?
Маёр Козлікаў. Матка, ты гэта… Не звяртай увагі. Адключайся. Я разбяруся. Сабаку з-пад зямлі дастанем. (Падступае да сяржанта Дзюбы.) Вон, мля!..
Сяржант Дзюбаўцякае.
Фяўроння Захараўна (у роспачы) . У нас не кватэра, а прахадны двор. Дзе ж тут дадуць старой памерці?
Маёр Козлікаў. Я замкну дзверы. (Шчоўкае ключом.) Цяпер ніхто ні нагой.
Фяўроння Захараўна. Глянь, як там матка.
Маёр Козлікаў (узіраецца ў твар Кацярыны Карпаўны) . Вочы закрытыя, амаль не дыхае…
Фяўроння Захараўна. Гэта душа развітваецца з целам. Памаўчым.
Маёр Козлікаў і Фяўроння Захараўна садзяцца побач. Маўчаць. У пакоі такая цішыня, што калі б муха ляцела, то было б чутно.
Читать дальше