«I сапраўды, калі грошы ўкраў падсудны, дык куды ж ён падзеў іх?» — падумаў Сямён Пятровіч.
Па просьбе падсуднага Сямён Пятровіч неўзабаве абвясціў перапынак на дзесяць мінут. Абое засядацелі выйшлі на двор пакурыць, а суддзя хадзіў па кабінеце, перабіраючы ў памяці кожную дробязь з матэрыялаў папярэдняга следства. Але не, ніякіх даных для таго, каб меркаваць, куды падсудны падзеў грошы, следчы не ўстанавіў. А што, калі і ў судзе не ўдасца гэтага зрабіць? Тады зноў даследаванне? Сведкі за гэты час забудуць усё, што і ведалі...
Павел Рыгоравіч сядзеў на канапе, курыў і назіраў за суддзёй. А калі той узяў са стала справу, каб зноў пайсці ў залу, пракурор спыніў яго:
— Конюх Мацвей Бяляк ведае, дзе грошы. Калі ён тут, дапытай яго.
«I што за жарты»,— незадаволена падумаў Сямён Пятровіч, але нічога не адказаў, толькі глядзеў здзіўлена. Потым, слухаючы Куксу, які выступаў за сведку, адшукаў у зале вачыма Беляка. Конюх выцягнуў доўгую шыю і сядзеў крыху бокам, наставіўшы адтапыранае вуха, каб лепей чуць. Але ў наступную мінуту суддзя пачуў ад Куксы такое, што прымусіла яго адразу забыцца i пра Мацвея, i пра загадкавыя словы пракурора. Сведка заявіў, што ў камеры папярэдняга зняволення, дзе ён адбываў арышт за ўчыненае ў дзень фестывалю хуліганства, нейкі рыжы кірпаносы хлопец прызнаўся яму па сакрэту, што абакраў заспенскую краму. Але што яму было да таго? Што ён следчы ці міліцыянер? Ды, калі быць шчырым, і рашыў, што крамніку не пашкодзіць пасядзець за кратамі. Будзе ведаць, як на нявіннага чалавека вярнуць.
— А што вас цяпер прымусіла расказачь гэта? — запытаў суддзя.
— Сумленне,— i Кукса ўпершыню схаваў свой позірк, адвёў вочы.
Сямён Пятровіч заўважыў, як адразу пасвятлеў твар Веры. «Хтосьці, відаць, папрасіў Куксу. А хто? Няўжо яе работа?». Гэтая раптоўная думка была такая пакутлівая, што суддзя адчуў боль у галаве. «Не можа быць»,— намагаўся ён адагнаць ад сябе гэтае падазрэнне. I зноў супярэчлівая думка: «Мо Кукса і праўду кажа. Што яму за інтарэс выгароджваць чалавека, які хацеў звярнуць усё на яго?» А ў Верыным позірку, здавалася, было: «Бачыш? Брат жа не вінаваты».
— А якую гэта паперку перадала табе Андрэева жонка?
Суддзя не заўважыў, хто кінуў такую рэпліку, і шукаў таго чалавека. Кукса павольна павярнуўся і, пагрозліва бліскаючы бялкамі, працадзіў праз зубы:
— Хто ж гэта пільным такім аказаўся?
Не паспеў Мацвей Бяляк і слова вымавіць у адказ, як высокая хударлявая жанчына ўсхапілася з лаўкі і заверашчала натужлівым, сіплым голасам:
— Маўчы. Бачыў, не бачыў — маўчы. Навошта чалавека тапіць, ворагаў сабе нажываць?
— Не парушайце парадку, грамадзянка,— папярэдзіў жанчыну суддзя.
— Чула? — павярнуўся да жонкі Мацвей.— Гэта, брат, табе не дома...— I да суддзяў: — Я на свае вочы бачыў.
Суддзі параіліся і рашылі дапытаць Беляка.
— Стаю на вуліцы я, гляджу — Андрэя вядуць,—пачаў расказваць Мацвей.— Жонка яго крыху воддаль ідзе. Бачу, нагнулася, падняла нешта. Потым, калі разгарнула, я заўважыў, што гэта паперка. А Кукса на ганку стаяў. Тамара адазвала яго ўбок i перадала яе.
— Ён ілжэ, помсціць мне...— голасна пачаў апраўдвацца Андрэй.
— За што? — пацікавіўся народны засядацель.
— За тое, што радыёлу яму не прадаў...
— Як табе не сорамна, Андрэй. Дзе сумленне? — Голас Мацвея задрыжаў.
Кукса маўчаў і толькі неяк насцярожліва пазіраў то на аднаго, то на другога.
Суддзя выклікаў Тамару Арэшка. Падышла тая самая заплаканая жанчына, што сядзела побач з Верай. На пытанне суддзі, ці пацвярджае яна словы Беляка, жанчына нічога не адказала, толькі нервова кусала вусны.
— Язык у цябе адваліўся, ці што? — не сцярпеў Андрэй.
Але Тамара па-ранейшаму маўчала. Кукса недаўменна глядзеў на яе і думаў у гэты час: «Андрэй — яе муж. У іх ёсць дзеці. Дык чаго ж яна маўчыць, не выручае?» Так жанчына нічога i не сказала.
— Дапытай Беляка наконт аблігацый, Сямён Пятровіч,— раптам пачуўся з кабінета пракурораў бас.
«Пры чым тут аблігацыі?» — падумаў Сямён Пятровіч, але спытаў:
— Што вы, Бяляк, ведаеце пра аблігацыі?
— А што ведаю? Андрэй купляў іх у ашчадкасе. Я на свае вочы бачыў.— I Мацвей расказаў усё, пра што некалі паведаміў пракурору.
Пасля допыту Беляка судовае следства па сутнасці было ўжо скончана. Але Сямён Пятровіч разумеў, што эпізод з запіскай заставаўся яшчэ не высветлены як след. Што пісаў у той запісцы Арэшка — суду невядома. А як даведацца? Хто раскажа? Жонка падсуднага? Не, даказваць на мужа ў яе не хопіць адвагі. Мо Кукса гэта зробіць? Не, на яго таксама надзея малая. Паспрабуй, зразумей гэтага чалавека!..
Читать дальше