— Паслухай, Верачка, не хвалюйся. Суд разбярэцца як след, вось пабачыш...
— Не вінаваты Андрэй, зусім не вінаваты. Пра гэта ж i пракурор пісаў у газеце. Дык чаго тут разбірацца?
— Разабрацца трэба, як жа? — збянтэжана мармытаў Сямён Пятровіч,
— Вот з тым злодзеем Куксай дык ты хутка разабраўся. Ведаеш, Сеня, што я табе скажу: калі нявінны брат будзе пакутаваць у турме — разыйдуцца нашы дарогі...
Як толькі за Сямёнам Пятровічам зачыніліся дзверы, Вера адчула сябе вінаватай перад ім. Сама ж душою рвалася да яго, а калі прышоў — пакрыўдзіла. Ходзячы па хаце, яна то расплятала, то зноў заплятала касу. Нейкае пакутлівае пачуццё пякло ёй сэрца. «I навошта я пакахала цябе? Лепш не сустракаліся б мы ніколі»,— думала яна i бачыла перад сабой то вясёлыя, то лагодна-задумлівыя чорныя вочы Кузняцова.
12
Абласны суд адхіліў пратэст пракурора. Даведаўшыся пра гэта, Павел Рыгоравіч пазваніў абласному пракурору i, даводзячы яму, што калегія абласнога суда не разабралася як след у справе Куксы, прасіў яго апратэставаць яе азначэнне ў прэзідыум. Але абласны пракурор загадаў неадкладна даследавадь справу ў адпаведнасці з патрабаваннямі суда. Павел Рыгоравіч узгарэўся:
— Я настойваю не з-за ўпартасці. Я перакананы, што вінаваты Кукса,— крычаў ён у тэлефонную трубку.— А калі вы не згаджаецеся мяне падтрымаць, дык я адмаўляюся весці далейшае следства, Перадавайце справу, каму хочаце...
Мо другому каму гэты адказ не сышоў бы з рук. А Паўлу Рыгоравічу зважаў абласны пракурор і перадаў справу следчаму абласной пракуратуры. Як ішло следства, Павел Рыгоравіч не ведаў. Хоць гэта і вельмі яго цікавіла, але ён наўмысна ні ў кога не дапытваўся. Аднойчы, правяраючы камеру папярэдняга зняволення, ён сустрэў там крамніка Андрэя. Тады і даведаўся, што Арэшку прыцягнулі да адказнасці. Падвечар аднаго дня, ідучы дадому пасля работы, Павел Рыгоравіч сустрэў Кузняцова. Той быў нейкі задумлівы, пануры. Убачыў пракурора — прывітаўся і хацеў спыніцца, відаць, аб нечым пагаварыць, але Павел Рыгоравіч, быццам не заўважаючы яго намеру, прайшоў міма. А калі адышоў, азірнуўся і падумаў: «Па-ягонаму ж выйшла, а вось не радуецца чалавек. Ці мо сваяка шкадуе? Ну, пабачым, як жа ён будзе судзіць яго...»
Сямён Пятровіч сапраўды думаў аб справе Андрэя Арэшкі. Аб ёй і хацеў ён загаварыць з пракурорам, параіцца, як яму быць: ці разглядваць ці мо заявіць самаадвод. А Павел Рыгоравіч нават адвярнуўся. I што ён за чалавек такі?
Кузняцоў дайшоў да ракі, пастаяў крыху на сырым, спрасаваным, як плаўлены воск, прыбярэжным пяску і ўзяў на лодачнай станцыі лодку. Рака была спакойнай, хвалі мякка плёскаліся аб барты лёгкай паслухмянай пласкадонкі. Сямён Пятровіч і не заўважыў, як апынуўся на другім беразе. Тады ён павярнуў лодку і паплыў уверх па рацэ. Час-ад-часу, каб ямчэй было трымаць вёслы, ён змочваў рукі вадою і, згінаючыся, ківаўся, як маятнік. Толькі, калі адчуў на вуснах салёныя струменьчыкі, што сцякалі з ілба, кінуў вёслы і азірнуўся. Горад быў далёка. Рака падступала да лесу і, агінаючы яго, гублялася за павароткай. Кузняцоў падплыў да берага, выскачыў з лодкі i лёг, раскінуўшыся, на зялёным, пахучым дыване. У надвячэрняй цішыні былі чутны рэдкія спевы нейкай позняй птушкі ды ўсплёскі рыбы, што выскоквала на паверхню ракі.
Каб толькі ведала Вера, як хацелася Сямёну Пятровічу ў гэты час быць разам з ёю! Але нічога не зробіш, калі так складаюцца акалічнасці. Вера стала нейкая насцярожаная, недаверлівая...
Змакрэлая ад поту саколка прыліпла да плячэй i непрыемна казытала цела. Сямён Пятровіч устаў, распрануўся і паплыў. Плаваў доўга, потым зноў адпачываў на траве і ўсё думаў, думаў... Што яму рабіць? Як выйсці з такога становішча? А мо і сапраўды заявіць самаадвод? Другі суд разгледзіць справу, а ён будзе ўбаку. А што, калі і сапраўды так зрабіць?
3-за лазняка, што хаваў выгіб ракі, выплыў невялікі белы кацер. Данесліся пералівы гармоніка і дзявочы спеў.
I Сямёну Пятровічу раптам захацелася паплыць з вясёлай моладдзю туды, удалечыню, каб пазбыцца смутку, і мо тады без ваганняў, як патрабуюць пачуцці і сумленне, разблытаць гэты клубок супярэчнасцей у адносінах з Верай. Кацер прайшоў, пакінуўшы за сабою клінападобную палоску, якая доўга яшчэ трымалася на вадзе.
Ветрык прынёс з лугу мядовы пах траў. Сямён Пятровіч устаў і ўздыхнуў на поўныя грудзі. Раптам яго ўвагу прыцягнулі знаёмыя галасы. 3-за кустоў па дарожцы, што пятляла паміж дрэў у напрамку да Заспы, выйшлі Вера і Рыгор. Абое неслі звязкі кніг. Пераходзячы невялікую канаўку, размытую вадой, Рыгор узяў Веру пад руку.
Читать дальше