Сямён Пятровіч прывітаўся з імі. Вера адказала стрымана, і яму здалося, што ў яе голасе штосьці абарвалася.
— Ты чаго гэта адзін тут пакутуеш? — засмяяўся Рыгор і спыніўся,—Ці мо чакаеш каго?
Кузняцоў адчуў, як дзесьці ў душы балюча запякла рэўнасць, але нічога не мог сказаць.
— Рыгор, пайшлі, сонца нізка...— гукнула раптам Вера і паскорыла крокі.
Сямён Пятровіч пазіраў ім услед і бачыў толькі шырокую Рыгораву спіну, што засланяла сабою Веру. «Не, з гэтай дзяўчынай я не магу расстацца,— думаў ён.— Гэта звыш маіх сіл».
Барвовае сонца павольна апускалася за верхавіну дуба. Рака стала пакрывацца туманам, ён папоўз з яру, дзе знікла Вера са сваім спадарожнікам.
Вяртаючыся назад, Сямён Пятровіч толькі кіраваў вяслом. Шпаркае цячэнне само гнала лодку.
13
Раніца была цёплая, ясная. Сонечныя праменні, што пранікалі ў залу судовага пасяджэння праз шырокія вокны, залівалі барвовым святлом блакітныя сцены, залацілі стол, вопратку i твары прысутных.
Сакратарка суда паклала на невялікім прыстаўным століку паперу, ручку i сядзела строгая, спакойная. Каля сцяны за высокім бар’ерам, згорбіўшыся, быццам застыў, на лаве падсудных сядзеў Андрэй Арэшка. У зале панаваў глухі, стрыманы гул.
— Устаць, суд ідзе! — загаварыла, бы падала каманду, сакратарка. Падсудны падхапіўся першы. А калі з дазволу суддзі ўсе селі, ён яшчэ больш выцягнуўся і стаяў бы па камандзе смірна. Яму ж усёроўна адразу ўставаць прыдзецца, дык навошта яшчэ садзіцца?
Сямён Пятровіч абвясціў аб пачатку судовага пасяджэння і толькі пачаў удакладняць анкетный даныя падсуднага, як у старожкай цішыні пачуў нейчае сіпенне:
— Пытае, быццам сам не ведае...
Суддзя разгублена паглядзеў у той бок. Што гэта, недавер’е, насмешка ці сапраўды наіўнае здзіўленне? Але адразу ж ён узяў сябе ў рукі, не спяшаючыся, растлумачыў падсуднаму яго правы. Пачуўшы ад суддзі, што падсудны мае права на адвод любога з суддзяў, Андрэй неяк торапка кінуў:
— Саставу суда давяраю.— I так выразна паглядзеў на Сямёна Пятровіча, што ад гэтага позірку суддзя крыху сумеўся. На нейкі момант яму здалося, што сядзіць ён не на сваім месцы. I ў тую мінуту пашкадаваў, чаму ён усё ж не рашыўся на самаадвод. А потым падумаў, што пасля такога самаадводу ўвесь час адчуваў бы сябе яшчэ горш.
Калі Сямён Пятровіч прапанаваў падсуднаму даць свае тлумачэнні па прад’яўленаму яму абвінавачванню, той абурыўся. У чым ён вінаваты? Нейкі злачынец абакраў краму, знайшлі сляды, а яго, крамніка, судзяць! Ніякай сімуляцыі кражы ён не ўчыняў...
Дзверы, што вялі з кабінета ў залу пасяджэнняў, пачалі павольна расчыняцца. Суддзя павярнуў галаву і ўбачыў Паўла Рыгоравіча. Пракурор не сцярпеў, таксама прышоў паслухаць.
— Следчы эксперымент паказаў, што пралезці праз разбітую шыбу i не патрывожыць пыл на раме акна — немагчыма. Дык як жа злачынец пралез i не чыркануўся нідзе? — вёў далей допыт суддзя.
— Мо i ён сцёр, не ведаю...
— Вы падпісалі пратакол агляду месца здарэння. А там напісана, што пыл не крануты...
— Падсунулі, дык і падпісаў,— буркнуў Арэшка.
Сямёну Пятровічу так i карцела павярнуцца да пракурора i кальнуць яго дакорлівым позіркам: «Памятаеш, у падрыхтоўчым пасяджэнні ты даводзіў, што Куксу нельга, а вось гэтаму можна верыць? I каму ты цяпер верыш, самому сабе ці гэтай сваёй даверанай асобе? Пратакол агляду месца злачынства, ты ж сам пісаў?» Але паглядзеў ён чамусьці не на пракурора, а на Веру, якая сядзела ў другім радзе каля акна побач з заплаканай жанчынай. Позіркі іхнія сустрэліся, i, быццам ад удару крэсіва, у Верыных раней такіх добрых, прамяністых вачах бліснулі пякучыя іскры.
— Колькі ў вас дзённая выручка ў сярэднім? — спытаў народны засядацель, бухгалтер па прафесіі, і, сціснуўшы сівыя калматыя бровы, зазірнуў у свой блакнот. Туды ён нешта занатоўваў, калі вывучаў справу перад пачаткам судовага пасяджэння.
— Паўтары — дзве тысячы.
— Апошнія дзесяць дзён перад кражаю вы здавалі ў касу па семсот— дзевяцьсот рублёў. Чаму так мала?—Засядацель дапытліва пазіраў на падсуднага, усё яшчэ трымаючы ў руцэ раскрыты блакнот.
Зала насцярожана прыціхла. Усе чакалі, што адкажа Арэшка. А ён, патупіўшыся, маўчаў і пазіраў у падлогу. Потым неяк натужліва, быццам непасільны цяжар, узняў галаву і прыжмураным позіркам уставіўся на засядацеля.
— Што вы гэтым хочаце сказаць? Што я ўкраў грошы? Дык дзе яны ў мяне? Пры вобыску перакалацілі ўсё — не знайшлі. Ніякія рэчы я за гэты час не купіў. П’яным мяне таксама ніхто не бачыў. Дык што, праглынуў я іх, ці што?
Читать дальше