— Вера, як ты думаеш, няўжо яго асудзяць? — парушыла Тамара няёмкае маўчанне.
— Я думаю, што як бы ні было, а праўда сваё возьме. I ты, Томачка, не сумнявайся ў гэтым, не бядуй дарэмна. Ну, дык я пайду, мне ж у бібліятэку трэба.
Тамара правяла Веру сумным позіркам і задумалася.
У суседнім пакоі было ціха. Яна асцярожна адчыніла дзверы. Хлапчукі, скурчыўшыся на канапцы, ужо спалі.
11
Сямён Пятровіч пасябраваў з Рыгорам Баравіком з тае пары, калі стаў упаўнаважаным у калгасе «Перамога». У вольную хвіліну яны схіляліся над шахматамі ці над невялікай з адмысловымі малюнкамі кніжкай — дапаможнікам па матацыклу. А ў добрае надвор’е выязджалі за вёску на шлях, і Рыгор вучыў Сямёна Пятровіча вадзіць матацыкл.
Аднойчы Сямён Пятровіч здаваў Рыгору «экзамен» на вадзіцеля. Стаяла ціхае надвор’е. Аднекуль з-за ўзгорку з поля даносіўся гул трактара. Высока ў небе трапятаўся, заліваючыся песняй, жаваранак. Вечарэла. Сябры, пакатаўшыся крыху, селі на абочыне дарогі. Непадалёку стаяў новенькі Рыгораў «ІЖ». Сямён Пятровіч пазіраў на яго з незахаваным замілаваннем.
— Збяру грошай і куплю сабе такую машыну. Абавязкова.
— А табе сабраць на матацыкл — як плюнуць. Суддзі ж і вязуць і нясуць...— Рыгор нават не ўсміхнуўся.
Сямён Пятровіч здзіўлена паглядзеў на яго, але змоўчаў.
— А што, хіба няпраўда? — прадаўжаў Рыгор.
— Ты і сапраўды так думаеш? — твар у Кузняцова раптам спахмурнеў.
— Ну, во, ужо і натапырыўся...— Рыгор зарагатаў.— Які ты далікатны. Нават пажартаваць з табой нельга.
— Такімі жартамі можна без нажа зарэзаць.
— А сапраўды, ніхто не спрабаваў падсунуць табе хабару?
— Ніхто.
— А каб адважыўся каторы, што б яму было за гэта?
— Судзілі б, вядома.
— Ну, а суддзя можа, скажам, па знаёмству скідку. якую-небудзь зрабіць? — усё дапытваўся Рыгор.
— Вось прычапіўся. Дык які ж ён быў бы суддзя пасля гэтага? — адказаў Сямён Пятровіч са злосцю.
— Во... Зноў зрэнкі заблішчалі. I чаго ты злуешся? Я ж проста так пытаюся.— Рыгор ускочыў на ногі і абцягнуў камбінезон.
— Паехалі. Ух, і праімчу ж я цябе! 3 хуткасцю гуку... I толькі так!
Гэтым «і толькі так» Рыгор заўсёды падкрэсліваў, што ён прыняў канчатковае рашэнне і ад свайго ўжо не адступіцца.
Узяўшыся за руль матацыкла, Рыгор з хвіліну пастаяў, да нечага прыслухоўваючыся. Гулу трактара ўжо не было чуваць, і Рыгор, здавалася, намагаўся разгледзець, што рабілася там, за ўзгоркам. Потым ён пасадзіў свайго «вучня» на задняе сядзенне, і матацыкл паімчаўся па роўнай разоры.
...Трактарыст Кукса, выціраючы пакуллем рукі, нездаволена буркнуў:
— У сеялцы рычаг зламаўся. Рамантуюць абы з рук, а тады прастойвай...
Рыгор пакруціў у руках зламаны рычаг.
— Зараз жа ў кузню трэба,— кінуў ён заклапочана.
— I толькі так,— гукнуў аднекуль з-за плячэй Кукса.
«Рыгораву звычку пераняў? — недаўменна азірнуўся на яго Сямён Пятровіч.— Ці мо пасмейваецца з брыгадзіра?»
— Паедзем, папрацуем, га?— прапанаваў Рыгор Кузняцову.
Каваля ў кузні яны ўжо не засталі. Рыгор сам распаліў горан і, паказаўшы вачыма на кавальскі мех, загадаў сябру:
— Дзьмі!
А калі выхапіў з агню распалены жалезны прут, зноў, кінуўшы на прыладу малатабойца, гукнуў:
— Удар!
Сямён Пятровіч размахнуўся і стукнуў па кавадлу, што ажно ў далоні закалола...
Позна ўвечары паставіў Рыгор у сеялку новы рычаг. Потым яны павячэралі з Сямёнам Пятровічам і выйшлі на вуліцу. У паветры панавала такая цішыня, што, здавалася, чуваць было, як дыхае зямля. Хлопцы стаялі моўчкі, прыслухоўваючыся ці то да гэтай цішыні, ці то да сваіх думак.
— Ну, дык я пайду,— сцішана, быццам вінавата, кінуў Сямён Пятровіч.
— Да яе? — яшчэ цішэй спытаў Рыгор.
— Да яе.
I зноў стаялі моўчкі. Рыгор пачаў прыкурваць, i Сямён Пятровіч заўважыў, як запалка задрыжала ў яго руцэ. Нічога больш не сказаўшы сябру, ён пайшоў.
Вера была дома. Убачыўшы Сямёна Пятровіча, яна здзівілася. Ніколі раней ён не быў у яе хаце. Уласна кажучы, нічога дзіўнага, што ён прышоў, тут не было. Але ж па вёсцы папаўзлі чуткі, што яна «закруціла з суддзёй любоў», каб той вызваліў яе брата з турмы. Вось чаму прыход Сямёна Пятровіча так уразіў яе. Дзяўчына ўсміхнулася яму шчырай, але нейкай трывожнай усмешкай. Потым яны пілі чай, размаўлялі пра кнігі, пра розныя навіны. Але абое адчувалі, што тут, паміж імі, нябачна прысутнічае нехта трэці. Раптам Вера, прыціснуўшы рукі да грудзей, горача загаварыла:
— Не магу, Сеня, проста не магу супакоіцца. Як можна трымаць у турме невінаватага чалавека? Ну, чаго ты маўчыш?
Читать дальше