Шафёр больш не задаваў Грыцку пытанняў, ды не было патрэбы яшчэ пра што пытацца. Зварот кавалерыста ў лагер вельмі крануў усіх байцоў. Хоць канкрэтна ён нічым не дапамог лагеру, хоць i цяпер яшчэ не было вядома, што рабіць, як ратавацца, але ў кожнага на душы з’явілася нейкае прасвятленне. Грыцко дапамог ужо тым, што прыйшоў сам.
— Дарэмна, выходзіць, я насілкі майстраваў,-— толькі і сказаў шафёр.
— Насілкі якраз спатрэбяцца,— задумліва прамовіў Машкін.—Баюся, што мала будзе адных.
Нейкую хвіліну ў лагеры панавала цішыня, быццам кожны абдумваў сваю важную прапанову. Ніхто пакуль што не мог сказаць нічога пэўнага, аднак усім было ясна, што перш за ўсё трэба адысці ад дарогі, бо да раніцы на гэтым месцы заставацца нельга.
— Пайсці нам са Святланай у вёску,— нібы сама з сабою пачала разважаць Зіна.— Паспрабаваць там знайсці людзей, каб пусцілі ў якую пуню, дапамаглі перанесціся? Але-ж дваццаць чалавек... Хто гэта пусціць?
— I Птлер у вёсцы,— дадаў Грыцко.
— У вёску наўрад ці можна,— усумніўся Машкін, і яго падтрымалі амаль усе байцы.
— Тады трэба выбіраць месца пакуль што тут,— сказала Зіна і неяк асабліва ўважліва паглядзела на Грыцка. Ёй было няёмка перад гэтым байцом. Хлопец можа нават малодшы за яе, нізкарослы, несамавіты на выгляд, а вытрымка ў яго такая, што кожны можа пазайздросціць. Дзяўчыне падумалася, што яна ўжо больш ніколі не гляне на свет так, як паглядзела некалькі хвілін таму назад.
Машкін устаў.
— Пайшлі!—сказаў ён шафёру, мабыць не жадаючы турбаваць Грыцка, як чалавека, напэўна, стомленага. Але Грыцко ўстаў хутчэй за шафёра, і ўтрох яны пайшлі выбіраць больш зручнае месца.
Над палеткам спусцілася ноч. Цёплая, каротйая, але густа-цёмная i крыху вільготная. Дзіўна было тое, што ноч прынесла і цішыню, хоць не надта ўтульную, ненадзейную, але ўсё-ж-такі цішыню. Нават на шашы стала спакойна.
Зіне не верылася ў гэтую цішыню, усё ёй здавалася, што гэта зман, што ў такі суровы час не можа быць цішыні ніколі, нават у самую глыбокую ноч. А Святлана нібы i чакала гэтага спакою: яна прыхінулася да Зіны, падагнула ледзь не да барады голыя каленкі i заснула. Адзін баец, паранены ў ногі, клапатліва заварушыўся, выцягнуў з-пад сябе шинель і накрыў ім дзяўчынку.
— Дзякуй вам,— сказала Зіна,— але-ж можа вам самім будзе холадна.
— А я вось саломкі пад сябе,— сказаў баец і працягнуў руку, каб вырваць некалькі жменяў зялёнага, але ўжо каласістага жыта.
— Я вам памагу,— сказала Зіна i асцярожна стала адхіляцца ад Святланы, каб пакласці яе галаву на снапок. Падаўшыся крыху ўбок, яна аберуч пачала рваць пругкае, але ласкавае, бо ўжо крыху роснае жыта. Некаторыя каліўі перагіналіся ў яе пальцах і заставаліся ў руцэ без кораня, большасць-жа вырывалася з коранем. Ад карэнняў пахла свежай зямлёй (які прыемны і знаёмы з дзяцінства быў гэты пах!), а зламаныя каліўі таксама пахлі, ды так, што хацелася ўдыхаць іх водар, глытаць яго, як ваду ў вялікую смагу.
— Я вам дам ножык,— прапанаваў баец. I голас яго быў ласкавы, спагадлівы. Відаць і да яго дайшоў гэты жыватворны пах, відаць i яму прынёс ён успаміны пра ўсё лепшае, што было ў дзяцінстве, у раннім юнацтве.
Зіна пачала зразаць каліўе ножыкам, і выходзіла ў яе нейкае цудоўнае і зусім незвычайнае жніво. Ціхі шоргат гэтага жніва радаваў душу, падаваў, здавалася, яшчэ больш прыемны пах. Хоць i шкада было зялёнага жыта, але хацелася зжаць яго больш. Гэта, мабыць, для таго, каб падмякчыць пасцель не толькі вось гэтаму байцу, які сам праявіў чуласць і размаўляе так ласкава, a і ўсім астатнім. Вядома, для гэтага. Але-ж было тут і нешта іншае. Каму не па сэрцу ў цяжкую гадзіну хоць на момант забыцца аб усім тым, што бачыш навакол, што гняце тваю душу? Жніво для Зіны — гэта ледзь не самае светлае, што засталося ў яе памяці з дзіцячых год, ледзь не самае чароўнае. Жніво для яе — гэта нават была i не работа, а толькі асалода, не той занятак, ад якога баліць і ные спіна, а суцэльнае хараство і ўцеха. Дзяўчынцы мала даводзілася і нагінацца, калі яна вучылася жаць. Нават і на той неўрадлівай палосцы, якую меў тады зінін бацька, жыта расло вышэй за яе. Яна жала заўсёды побач з матуляй. Бацька прыходзіў к поўдню, зносіў снапы і састаўляў іх у бабкі або ў мэндлікі і ішоў на іншую работу. Зіна ведала, што ішоў ён не на сваю работу, а на панскую, бо са сваёй палоскі нельга было пракарміцца. Ведала, што польскія паны маглі пакрыўдзіць тату, маглі замучыць яго на рабоце, і таму заўсёды з трывогай і ўцешнай надзеяй чакала вечара, каль бацька зноў прыйдзе на поле і зноў пачне насіць снапы. Любіла Зіна глядзець, як бацька зносіў снапы. Сама яна, калі i падыме. бывала, адзін сноп, дык ледзь цягне яго перад сабою, — кал асы абіваюцца аб іржышча. А бацька адной рукой ускідае снапы на плечы так лёгка, нібы гэта якія лялькі, а не снапы, абкладзецца гузырамі, што i сам не відзён. Крочыць тады бацька, падобны на жытнюю капу, і здаецца Зіне, што няма на свеце чалавека больш дужага, больш здатнага да працы.
Читать дальше