Вельмі-ж боязна было, каб не выцяла што па галаве. Галава i так баліць, i на ёй ужо, мабыць, не будуць расці валасы. А ў таго чарнявага хлопца, што ляжаў ля кабіны, напэўна, яшчэ горш баліць галава. Дзе гэта ён цяпер? Там, дзе мы яго паклалі, у кювеце, ці можа адпоўз куды? Хоць-бы на дарогу не выпаўз, шукаючы паратунку ад болю. Нешта-ж не чутно яго стогнаў.
Святлана пачала думаць пра тых байцоў, якіх яны нядаўна знялі з машыны, пра тых, што пападалі тут на поўным хаду i недзе ляжаць цяпер ля дарогі, жывыя ці нежывыя. А колькі машын пайшло далей! Яны недзе ў вёсцы. Ляжаць на іх вось такія, як наш чарнявы, i з моманту на момант чакаюць смерці. Наўрад ці памог ім хто хоць як-небудзь зваліцца з кузава, бо не на кожнай-жа машыне едуць такія харошыя дзяўчаты, як наша машыністка.
Думкі пра іншых крыху супакоілі Святлану, у яе пачала з’яўляцца ўпэўненасць, што хутка ўсё скончыцца, што ніякі асколак яе не зачэпіць. Нават боль стаў нібыта меншы. Пройдзе яшчэ трохі часу, і ўсё загоіцца, бо Зіна вельмі добра перавязала ранку. I валасы будуць расці, як i раней.
Уявілася, як хутка пачнуць вылазіць з кювета і выпаўзаць з жыта пасажыры той машыны, што стаіць і чакае ўсіх на шашы. Два хлопцы, адзін аднарукі, а другі аднаногі, дапамогуць Зіне пакласці ў кузаў цяжка параненых, прыбяжыць з вёскі чубаты шафёр i паедудь яны ужо без усякіх перашкод аж да самага шпіталя. Сляпы кавалерыст будзе жартавадь у дарозе, а Зіна, магчыма, дазволіць распытадь у яго пра наш вайсковы гарадок.
Такімі былі святланіны ўяўленні. А калі гул самалётаў аддаліўся і Зіна сказала, што ўжо можна выходзіць на шашу, усё паўстала зусім іншым. Машына была нібы і цэлая, але на ёй не было капота, радыятара і стаяла яна значна ніжэй, чым раней, бо ўсе скаты былі прастрэлены. Аднаногі шафёр выкульгікаў з жыта на дарогу, агледзеў грузавік і безнадзейна махнуў рукой.
***
У першыя гадзіны Зіна ўсё яшчэ спадзявалася на нейкую магчымасць паехаць далей: чакала шафёра з гаручым, хоць няпэўна, але верыла, што чалавек знойдзе нейкую раду з машынай. Не здолее паставіць на ногі гэтую, дык, магчыма, адшукае другую. Але не прыйшоў шафёр у той адвячорак пасля налёту, не прыйшоў і ноччу, i на другі дзень. Хто ведае, што здарылася: можа раніла ці забіла чалавека, а можа не захацеў ён звязваць свой лёс з гэтымі параненымі, па сутнасці бездапаможнымі людзьмі, сеў на другую машыну і паехаў.
Нажаль, гэтак-жа паглядзелі на абставіны і некаторыя іншыя з тых, каго вёз чубаты шафёр. 3 усёй групы хадзячых хворых засталіся ў жыце пры цяжка раненых толькі той аднарукі, што меў два трохкутнікі на пятліцах, ды шафёр, хоць ён някепска мог кульгікаць на адной назе. Астатнія прыцёмкам падаліся на шашу і рушылі ў напрамку вёскі. Застаўся, праўда, яшчэ сляпы кавалерыст, але-ж гэты без павадыра не здолеў-бы i двух крокаў ступіць.
Першы дзень жылі амаль што зусім пры дарозе. Зіна прынесла з вёскі рыдлёўку, выкапалі шчыліну, каб хавацца ад налётаў. Прынесла яна таксама трохі спірту, што выпрасіла ў людзей. Удваіх са Святланай яны прамылі раны і налажылі новыя бінты ўсяму свайму шпіталю. Сляпы кавалерыст, калі яму добра працёрлі вочы, пазнаў Святлану. Выявілася, што пашкоджаны ў яго былі не самыя вочы, а ўсё надброўе і часткова павекі. Чалавек проста разануўся недзе, калі вылятаў з канюшні разам з коньмі, з цаглінамі падмурка і драўлянымі бэлькамі. Зразумеўшы, што сляпым ён не будзе, кавалерыст так павесялеў, што жартаваў нават i тады, калі ніякія жарты былі не да часу. Шпіталь таксама весела прыняў яго хуткую папраўку, бо ў лагеры прыбаўляўся яшчэ адзін працаздольны і вельмі карысны чалавек. Баяліся, праўда, каб ён не даў маху з жыта, як зрабілі некаторыя яго суседзі па кузаву. Аднак-жа ўсе хутка ўпэўніліся, што кавалерыст — чалавек не такі.
Увесь той дзень гурчалі на дарозе машыны, тарахцелі падводы, ішлі і беглі людзі. Зіна раз-по-раз выходзіла на шашу, галасавала, упрошвала шафёраў узяць раненых байцоў. Мала хто спыняўся, заўважыўшы яе паднятую руку, а калі і спыняўся, то рабіў спачувальны выгляд, паказваў на свой кузаў і зноў паспешліва ўключаў матор. Пад вечар яны выйшлі на дарогу ўчацвярых: кавалерыст, якога ўжо ўсе ў лагеры звалі Грыцком, аднарукі камандзір аддзялення, Зіна і Святлана. Яны амаль сілай пачалі спыняць машыны. Адзін чалавек у цывільнай вопратцы сам пачаў тарабаніць свайму шафёру, калі ўбачыў наперадзе такую грозную заставу. Ён стаяў у кузаве ля кабіны і прытрымліваў за вераўчаны залыгач карову.
Читать дальше