Гэта-ж страшэнная катастрофа! Цяпер зразумела, яна — вынік выбуху на Сонды, небывалай магнітнай буры.
А Плутон знаходзіўся ад Сонца на адлегласці 6000000000 кілометраў, дзе сіла сонечнага прыцяжэння вельмі нязначная. Адкрыты толькі ў 1930 годзе, Плутон нават у магутныя тэлескопы быў бачны з цяжкасцю, як слабая зорка без прыкметнага дыска.
Магчымасць выхаду Плутона з арбіты, адрыву ад Сонца даўно прадказвалася вучонымі. Планеты-ж, хоць марудна, але няспынна аддаляюцца ад знешняга свяціла. I, вядома, Плутон, знаходзячыся на самай крайняй граніцы сонечнай сістэмы, павінен быў адысці на такую адлегласць, дзе канчалася ўлада Сонца. Ён не дачакаўся гэтага часу. Гібель яго паскорыла ўзнікшая магнітная бура.
Вельмі шкада, што ўсё гэта здарылася. Сонечная сям’я планет збяднела.
Бывай, Плутон! Шкада, што ты пакінуў нас. Калі-б трохі раней былі вынайдзены фатонныя рухавікі, людзі-б абавязкова наведалі цябе. Былі-б загадзя ўстаноўлены аўтаматычныя радыёстанцыі, і ты не загубіўся-б у цёмнай пустыні неабсяжнага сусвету, пасылаў-бы сігналы на Зямлю, расказваючы людзям пра свой шлях у пошуках больш надзейнага прытулку.
27 чэрвеня. 10 гадзін 15 хвілін.
Мы ляцім! Не ляцім, а, здаецца, правальваемся ў бездань. Палёт па інерцыі — гэта своеасаблівае свабоднае падзенне, якое выклікае пачуцце бязважкасці. Лёгкасць рухау узбуджае нас, хочацца некуды ісці, бегчы, ляцець.
Не вельмі прыемна прывыкаць да такіх незвычайных абставін. За сабой даводзіцца пільна сачыць, каб часам не страціць роўнавагі, не адарвацца ад намагнічанай падлогі. Кожны тут па-свойму перасоўваецца па каюце.
Я, прызнацца, люблю адпіхнуцца ад падлогі і ў адзін моман дасягнуць патрэбнага месца. Праўда, часам здараюцца пралікі, і я трапляю ў смешнае становішча. Іншы раз, моцна адштурхнуўшыся ад падлогі, я ўжо не магу апусціцца на яе, сутыкаюся з супрацьлеглай сценкай i адскокваю, як футбольны мяч.
Бывае i наадварот: разгону не хапае, i я павісаю ў паветры. Размахваю рукамі, дрыгаю нагамі — нічога не дапамагае. Тады на выручку прыходзяць Дзянісаў ці Віктар.
Ужо мінулі суткі, як наш карабель узяў кірунак да Зямлі. Хоць мы ляцім з небывалай хуткасцю, карціна сусвету не мяняецца. Навакол дзівосны россып сузор’яў. Калі-б крыху не павялічыўся дыск Зямлі, нельга было-б нават сказаць, што мы рухаемся. Проста перад акном абсерваторыі ляжыць зіхатлівы бераг Млечнага шляху, да якога, як бы магутнымі штормамі, сагнаны кучаравыя туманнасці i буйная галька адшліфаваных у касмічным акіяне зорак.
3 Зямлёй карабель падтрымлівае пастаянную сувязь. Іван Іванавіч паведаміў у Маскву і ўсім замежным абсерваторыям аб лёсе планеты Плутон. Мы ўжо атрымлівалі паведамленні, што назіранні Дзянісава пацвердзіліся.
Асабліва цікавай была размова з Хлебнікавай і Вілі Рэндолам. Мы падрабязна расказалі аб умовах палёту ў час магнітнай буры, аб рабоце фатоннага рухавіка. Выпрабаванне пацвердзіла разлікі вучоных. Цяпер можна смела распрацоўваць трасы на Марс і Венеру, на Юпітэр i Сатурн.
Сёння ў нас свята. Аб ім мы даведаліся зусім нечакана. Калі Дзянісаў закончыў перадаваць на Зямлю вынікі сваіх астранамічных назіранняў, раптам на карабель прыйшла тэлеграма. Начальнік Маскоўскага касмадрома горача віншаваў Віктара Машука з днём яго нараджэння. Віктар быў уражаны: ён сам забыў, што гэты дзень — знамянальная ў яго жыцці дата.
Вядома, з выпадку такой урачыстасці, снеданне было асаблівае.
— Дваццаць пяць год — круглая дата,— гаварыў Іван Іванавіч з усмешкай.— Тут не абыйдзешся без выдаткаў.
Віктар расцвіў ад радасці. Яго дзень нараджэння адзначаецца ў космасе! Яму першаму з людзей выпала такое шчасце!
За сталом было ажыўлена, шумна. Дзянісаў наліў юбіляру поўную шклянку шампанскага. Я таксама хацеў выпіць, але Іван Івайавіч не дазволіў, бо мне заступаць на вахту. Ён прапанаваў мне піва. I, чокнуўшыся з усімі, сказаў, звяртаючыся да імянінніка:
— Помні, Віктар, дваццаць пяць год — гэта рубеж юнацтва і сталасці. Ты вырас, узмужнеў, загартаваўся. Зразумей: дрэва трымаецца за землю карэннямі, а чалавек за жыццё — праўдай. Віншую цябе, жадаю шчасця і ўдачы.
Я заўсёды захапляўся Дзянісавым, а сёння адкрыў новую рысу яго характару — бацькоўскую клапатлівасць, гонар за чалавека.
Я чакаў, што Віктар атрымае новыя тэлеграмы. I, вядома, баяўся, што адна тэлеграма будзе наташына. Трывога аказалася дарэмнай. Наташа маўчала. Яна не паяўлялася і ў студыі тэлецэнтра.
Як сумаваў я па ёй, па яе голасу і стрыманай ласкавай усмешцы.
Читать дальше