Калі-б у каюце было паветра, можна было-б чуць, з якім шаленствам і злосцю кідаў Поль сабе пад ногі розныя рэчы, якія трапляліся яму пад рукі, Ён агледзеў усё да драбніц, зазіраў у самыя патаемныя куткі, нечага настойліва шукаў і не знаходзіў. Нарэшце, ён са злосцю штурхнуў цяжкім чаравікам разарваны балон, той, як снарад, урэзаўся ў далькі дёмны кут і рыкашэтам закрануў скрынку, за якой сядзеў Роб.
Гэта было занадта. Роб устаў, павярнуўся да Арноля і, стрымліваючы гнеў, спытаў:
— Вам тут не падабаецца, капітан?
— Дзе мой пісталет? — выкрыкнуў той у адказ. — Я пакінуў яго ў скрынцы. Ты яго забраў?
— Навошта вам зброя? — вочы ў Роба звузіліся, у зрэнках бліснула нянавісць.
— Я шукаю рэчы, якія належаць мне. Калі ўзяў — аддай! — загрымеў Поль.
— Містэр Арноль, я вас не баюся. Калі вы будзеце лютаваць, я папрашу пакінуць каюту.
Поль не адважыўся мерацца сілаю. Ён фанабэрыста прайшоўся па каюце, потым, як-бы нешта ўспомніўшы, спыніўся перад Робам і сказаў:
— Ты хваліўся — у цябе ёсць папера. Дай блакнот i аловак.
Роб дапытліва паглядзеў яму ў твар і задаволена сказаў:
— Даўно-б так... Клянуся гонарам, работа супакойвае нервы. Да таго-ж, мы ў вялікім абавязку перад Зямлёй. Трэба спяшацца, сэр! Пішыце. Калі-небудзь вашы дзённікі будуць выдадзены мільённым тыражом...
Поль хацеў адыйсці ў бок, але нечакана спыніўся, i вочы яго заблішчэлі злосцю.
— Дарэчы, штурман, вы не адшукалі ў каюце сцяга Штатаў?
— Ён згарэў, містэр.
— Выдатна! — з нейкай робленай вясёласцю ўсклікнуў Арноль. — Я так і думаў... Цяпер усё зразумела.
Ён прымасціўся ў дальнім кутку каюты, паставіў каля сябе ліхтар і, хітравата прыжмурыўшыся, пачаў пісаць.
Аловак па блакноту бегаў хутка, амаль машынальна. Роб з хвіліну назіраў за сваім кампаньёнам, імкнучыся адгадаць, якія думкі выкладае на паперы капітан.
Мінула больш гадзіны. Роб крыху стаміўся, бо пісаць у касмічным касцюме было нязвыклай справай. Ад доўгага сядзення здрандвелі ногі. Ён адклаў блакнот і ўстаў са скрынкі.
Праз авальную зазубраную шчыліну віднеўся чорны кавалак космаса.
Як многа ў ім зор! А кожная зорка — гэта асобны вялікі свет. «Мабыць, у многіх кутках сусвету ёсць жыццё», — падумаў Роб. Як моцна захацелася яму ў гэты час даведацца, якое яно, жыццё, можа быць там. «Няўжо і ў іншых светах існуюць здзек і несправядлівасць у адносінах паміж людзьмі? Хто прыдумаў такія ганебныя парадкі: адным жыць у раскошы і багацці, другім — гібець ад голаду, холаду, пакут!»
Многа бачыў Роб за ўсё сваё жыццё гора і бяды. Ён уставаў разам з сонцам, а клаўся, калі яго на небе ўжо не было. Ён рэдка быў сыты. Ледзь-ледзь удавалася зводзіць канцы з канцамі. Потым паявілася сям’я. Нейкі водбліск шчасця мільгнуў перад ім і адразу згас. Спачатку жыццё нібы наладжвалася, але хутка жонка захварэла на сухоты. Ужо два гады пакутуе...
Цяпер лёс разлучыў іх навек. Што будзе з жонкай, з дзецьмі? Пяцьсот долараў, атрыманых ад кампаніі Уолтэра, вядома, не малыя грошы. Можа, Рывера выздаравее i, дасць бог, падгадуе дзяцей.
Пяцьсот долараў — гэта, фактычна, плата за яго жыццё. Як танна ацанілі жыццё чалавека...
На душы ў Роба стала журботна i горка. Хоць ён у апошні час змірыўся са сваёй асуджанасцю, душа ўсё-ж балела ад прадчування блізкай смерці. Яго крыху суцешыла знаходка балонаў i ежы. Думалася, разам з Полем ён правядзе тут апошнія чацвёра сутак, забудзецца ў доўгіх размовах аб усім на свеце, i яны смела сустрэнуць свой канец.
Але вярнуўся Поль... Страшна падумаць. Гэткі падлюга! Быў сам на краі магілы, а хоча спіхнуць туды другога.
Роб доўга стаяў, ціхі, задумлівы, ля выхаду з ракеты, глядзеў на Зямлю, на зорныя далёкія светы, якія вясёлым, дружным карагодам праплывалі над яго галавой. Мары... Мары... Якія вы далёкія і недасягальныя!
Нарэшце трапяткое ўзбуджэнне душы, выкліканае думкамі, змянілася спакойнай, дзелавітай разважлівасцю.
Мёртвая нудная цішыня, пустэча неба і наваколля надакучылі.
Роб рашыў прадоўжыць работу. Павярнуўшыся да скрынкі, ён збянтэжана заміргаў вачыма: за ёю стаяў Поль! Чаго ён сюды прышоў? Пацікавіцца, як Роб вядзе запіс гісторыі падарожжа? Відаць, зусім не дзеля гэтага.
Поль прыцягнуў да скрынкі невялікую шуфлядку і нешта імкнуўся з іх змайстраваць.
— Сэр, што вы робіце? — спытаў Роб са здзіўленнем.
— Трыбуну, — прамовіў абыякава Поль і, глянуўшы на Роба, дадаў: — Вы задаволілі сваю цікаўнасць?
— Мой мілы дружа, — у тон яму прамовіў Роб. — Мне здаецца, вас трэба лячыць. Вы пачалі забывацца...
Читать дальше