Ускінуты ўверх рукі, разгон — і вось яна, цёплая, ласкавая, пяшчотная глыбіня. Набягае ў рот вада, звініць пырскамі і струменямі. Як хораша!
Роб глыбока ўздыхнуў і адчуў, як горла сціснуў пякучы боль, ён інстынктыўна падхапіўся на ногі, агледзеўся. Знікла прыгожае, як прывід, маленства.
Шкло скафандра зацягнула парай. Пануры, чужы свет адступаў, гойдаўся пад нагамі. Роб зрабіў некалькі крокаў, імкнучыся падысці да адтуліны, якая яшчэ ледзь-ледзь свяцілася перад яго вачыма. Нечакана ен пахіснуўся, упаў, і яго накрыла тонкая металічная сценка. У той-жа момант па ёй нешта пакацілася. Проста на шкляны скафандр зваліўся пукаты цыліндр. Роб толькі ледзь-ледзь заўважыў яго форму, але ўраз здагадаўся, што гэта. Паветраныя балоны! Калі яны коцяцца, значыць цэлыя, не парваныя.
Божа літасцівы! Няўжо гэта праўда?
Роб адчуваў, што ў яго не было сіл, ён ужо не ўсведамляў, што рабіў.
Мінула хвіліна — і скаванасці ў нагах і ва ўсім целе як не было.
Яго да жыцця вярнуў кісларод, паветра, якое так неспадзявана было знойдзена ў загінуўшай ракеце.
Роб уздыхнуў на ўсе грудзі, вылез з-пад тонкай металічнай сценкі. Ён нават добра не памятаў, як рукі схапілі адзін з паветраных балонаў, прымацавалі яго да касцюма замест скарыстанага, апусцелага.
Цяпер можна больш спакойна і пільна агледзець ракету. Ён запаліў ліхтарык і зірнуў на падлогу. Якое багацце — два, тры... сем... аж дваццаць балонаў! Гэта на восем дзён жыцця. Цэлая вечнасць!
Смерць адступіла. Робу хацелася крычаць, скакаць, спяваць.
Чуеш, Зямля! Роб яшчэ будзе глядзець на цябе, любавацца тваёй прыгажосцю!
Больш гадзіны аглядаў ён ракету. Пошукі аказаліся не дарэмнымі. Знайшлася вада, страва, запас гаручага для рэактыўных маторчыкаў. Можна цяпер спакойна жыць і нават напісаць аб усёй гэтай трагічнай гісторыі. Адно дрэнна: давядзецца ўвесь час быць у касцюме, а ён вельмі замінае ў час хадзьбы і работы.
Роб сеў на нейкую скрынку, каб падумаць аб тым, што рабіць далей. Ён выратаваўся, але што з Полем? Чаму маўчыць, не адказвае на сігналы? Можа ён цяпер недзе курчыцца ад болю, задыхаецца. У яго-ж толькі два паветраныя балоны.
Роб ад самага нараджэння не быў помслівы, злы чалавек. Ён усё дараваў у гэты час Полю: і яго пагарду, i злосць. Цяпер на Месяцы Поль — просты, звычайны чалавек. Калі ён дзе-небудзь не загінуў, яму пагражае смерць ад удушша.
Роб разважаў нядоўга. Ён зарадзіў палівам маторчык, узяў у запас некалькі балонаў і праз адтуліну выбраўся з ракеты.
Сонца зноў схавалася за небасхіл. Відаць была толькі палавіна дыска. Перад Робам раскінулася таямнічая, з незвычайным пейзажам далячынь. Нідзе ні дарогі, ні сцяжынкі. Куды, у які бок ісці, каб вярнуцца назад, не заблудзіцца. Тут неба больш знаёмае, чым мясцовасць. Поль пільна ўглядаецца ў вышыню: вунь Вялікая Мядзведзіца, Арыён i Зямля. Яна ніколі не сыйдзе з гэтага месца, будзе заўсёды вісець над галавою.
Заходзіла Сонца... Без вячэрняй зары, ружовага палыхання нябёсаў небасхіл быў чорны, як сажа.
А вось Сонца зусім знікла. Толькі ў далечыні, як дзівосныя ліхтары, палалі не прыкрытыя змрокам вяршыні невядомых гор.
Якая дзіўная зеленавата-блакітная далечыня! Робу здавалася, Hiбыта ён знаходзіцца на дне нейкага фантастычнага акіяна.
Але хопіць думаць! Павярнуўшыся тварам да Арыёна, Роб адштурхнуўся ад глебы і паімчаўся ў супрацьлеглы ад Сонца бок. Недзе там зрабіў пасадку Поль. Яго трэба знайсці.
Калі-б не тыя незвычайныя ўмовы, якія стварае паменшаная амаль у шэсць разоў у параўнанні з зямной сіла прыцягнення, ні аб якіх пошуках чалавека на Месяцы не магло-б быць і гутаркі. Паспрабуй прайдзі па камяністай, перасечанай глыбокімі шчылінамі мясцовасці, пералезь цераз стромкія скалы, цераз вуглаватыя калючыя ланцугі гор, што спляліся на небасхіле ў тугі вузел! Гэта звыш чалавечых сіл.
Але Роб важыў на Месяцы не больш 12 кілограмаў! Без асаблівага намагання ён мог пераскокваць рвы шырынёй 15 метраў. А ў дадатак, у яго яшчэ быў цудоўны рэактыўны маторчык. I не трэба было мець крылляў—Роб ляцеў, як птушка, легка мяняў напрамак, то ўзнімаючыся ў вышыню, то ледзь-ледзь дакранаючыся нагамі да камяністай глебы.
Час-ад-часу ён клікаў Поля ў мікрафон. Але безжыццёвая, сінявата-блакітная пустыня зацята маўчала.
— Поль, дзе вы? Адгукніцеся!
Няўжо Роб дарэмна траціць час, няўжо ён не знойдзе, не выратуе чалавека, які гіне?
Роб рашыў узняцца на крутую чорную скалу, што навісла змрочным прывідам над роўнай ззяючай далінай, i яшчэ раз паклікаць Поля ў эфіры.
Читать дальше