Які вузкі круг небасхілу! Здаецца, працягні руку — і ён перад табой. Дзе-ж Поль, чаму яго нідзе не відаць? А можа, ён разбіўся аб які-небудзь горны хрыбет?
— Містэр Арноль! Містэр Арноль! Вы чуеце мяне? Я зрабіў пасадку. Перадавайце, дзе вы,— загаварыў у мікрафон Роб.
Ён апусціўся каля глыбокага яру. Далей пачыналася горная мясцовасць.
Адказу ад Поля не было. Роб падумаў: «Ну вось... А сабраліся разам паміраць...»
Раптам у навушніках нешта зашумела. Да слыху даляцеў невыразны шэпт:
...На дзіва лёгка ўзмахваць рукамі... Героі «Анаконды»... Тэлеграму... Вы жывыя?..
Вочы Роба загарэліся. Гаварыла Зямля! Яна пасылала трывожнае запытанне ў змрочную глыбіню космаса, патрабавала адказу. Яшчэ некалькі слоў, незабыўных і апошніх. Гаварылі людзі, яны хваляваліся, пакутавалі ад невядомасці.
Потым далёкія галасы прапалі і ў навушніках зноў запанавала цяжкая, журботная цішыня.
Вось і ўсё! Ён, Роб, больш не пачуе людскіх галасоў! Зямля развіталася з ім.
Адчай агарнуў сэрца. Ён тут памрэ. I яго цела будзе ляжаць вечна. Калі-небудзь прыляцяць сюды людзі, даведаюцца аб вялікай загадкавай трагедыі.
— Зямля! Радзіма! Людзі! Не забудзьце мяне! — прамовіў ён.
Ці маглі яго пачуць там, на бледна-зеленаватым дыску, які называўся Зямлёй? Вядома, не, бо вельмі-ж была мізэрнай сіла электрамагнітных хваль яго перадатчыка.
Стомлены былі розум i цела. А Сонца палыхала агнём. Толькі чорны і цяжкі быў купал неба. Яго надвое падзяліла вялікая светлая сцяжынка Млечнага шляху. Ярка і непаўторна прыгожа свяціліся Марс i Юпітэр.
Сон закрыў вочы. Прыгрэты сонцам, Роб зусім па-зямному соладка захроп.
***
Абуджэнне было нечаканым i непрыемным. Усё цела скаваў холад. Расплюшчыўшы вочы, Роб нямала здзівіўся. Вакол панаваў зеленаваты змрок. Зіхацелі буйныя зоры. Краявід мясцовасці здаваўся спісаным з нейкай рамантычнай, казачнай карціны — зламаная лінія далёкага небасхілу, чорныя правалы цяснін, нагрувашчанае каменне,— і ўсё гэта асветлена пяшчотнымі промнямі скупога дзівоснага святла.
Цяпер Зямля не была нейкім прыдаткам неба, яна свяціла ярка і роўна. Усё было навокал поўна таямнічасці, трывожнай неразгаданасці.
Зямля! Ты свеціш, нібы стаўшы на ганаровую вахту перад сваімі пасланцамі, асуджанымі на смерць.
Хацелася есці. Роб знайшоў ротам эластычную гумавую трубку і некалькі хвілін смактаў. Каб пазбавіцца холаду, ён уключыў атамны награвальнік.
А цяпер — у дарогу! Трэба шукаць Сонца. Дзе яно, у якім баку? Вунь ярка палымнее нейкая прадаўгаватая зорка. Ды гэта-ж вяршыня высокай гары! Так яно і ёсць. Зорка з кожнай хвілінай памяншаецца ў памерах, а потым зусім тухне.
Напрамак вядомы. Роб на дзіва лёгка падхопліваецца з месца і, зрабіўшы разбег, уключае рэактыўны рухавік. I адразу ў фантастычным асвятленні ажыло, заварушылася наваколле. Роб да болю ў вачах углядаецца ў далячынь. Тут трэба быць пільным: ледзь не дагледзіш — і ўспамінай, як звалі. Усё далей адсоўваюцца панурыя шчыліны, цясніны, скалістыя кручы.
I вось на небасхіле зноў запалілася далёкая прадаўгаватая зорка. Роб даганяў яе! Праз некалькі хвілін на чорным аксаміце неба палалі пірамідальнця пікі і ўжо яскрава ўгадваліся пад імі абрысы гор.
Сонца... Яскравае і гарачае... Зноў яно глядзіць Робу ў твар, палае на нізкім небасхіле.
Непадалёку цясніна, крутая, стромкая. Роб наблізіўся да яе, пачаў пільна разглядаць, і ў яго моцна закружылася галава. Ён пахіснуўся і ледзь не зваліўся ў чорнае бяздонне. Добра, што побач тырчэў нейкі каменны слуп. Ён абхапіў яго рукамі і зняможана асунуўся на шэрую пустэльню.
Яго сэрца білася дробна і трывожна. 3 кожнай хвілінай цяжэй і цяжэй дыхаць. Нехапала паветра. Манометр паветранага балончыка паказваў ужо зусім мізэрны ціск.
Даволі падарожнічаць табе, Роб, па Месяцу, разглядваць панурыя кратэры, лётаць над імі імклівай фантастычнай птушкай. Вельмі-ж мала ў цябе засталося часу, каб ты мог любавацца гэтай каменнай застыглай пуетыняй. Трэба падумаць аб сваёй апошняй хвіліне.
У галаве мільганула лянівая, але яшчэ даволі яркая думка: «Можа дзе-небудзь непадалёку Поль? Трэба з ім развітацца».
— Містэр Поль! Капітан «Анаконды»! Ці чуеце вы мяне?
Няўжо гэта і прыходзіць смерць — без болю і пакут? Цела агортвае салодкая, млявая стома...
— Бывай, капітан! Мы сустрэнемся з табой у іншым свеце... Амін!
Роб выпрастаў ногі, і яны абсунуліся ў чорны правал цясніны. Не, так нязручна паміраць. Трэба выцягнуць ногі ў напрамку Сонца, глядзець на яго, покуль не пагасне зрок.
Читать дальше