Навокал цягнуліся раўніны, кальцавыя горы, конусападобныя вяршыні, — свет поўны кантрастаў, рэзка акрэсленых форм, ліній, але навек застыглы, нерухомы, на дзіва аднастайны.
Нерэшце, Сонца схавалася, і плоскае неба апусцілася і як-бы прыціснула ландшафт Месяца. Карагоды зор цясней сабраліся вакол зеленавата-блакітнага зіхатлівага шара Зямлі. Хоць яна свяцілася чужым, адлюстраваным святлом, але была вельмі прыгожай. Усім вядома, якія цудоўныя бываюць ночы, калі на бязвоблачным небе свеціць поўны Месяц. Яшчэ больш велічная, феерычная карціна ночы на самым Месяцы. У яго небе вісіць аграмадны дыск, папярочнік якога ў чатыры разы больш за знаёмы месячны дыск на зямлі.
Нарэшце падарожнікі спыніліся.
— Вось наша «Анаконда», — з сумам прамовіў Роб і паказаў рукою на бясформенную груду металу. Але Поль менш за ўсё цікавіўся падрабязнасцямі катастрофы.
— Дзе паветраныя балоны, вада, ежа?
— Вы хіба прагаладаліся, сэр? — ветліва спытаў Роб.
Поль зласліва паціснуў плячыма, потым, грэбліва скрывіўшы рот, сказаў:
— Твае пытанні зусім не да месца. Ведай, перад табой не прастачок. Мне патрэбны паветра, ежа i вада. Куды ты іх схаваў?
Робу здалося, што яго ўзялі за каўнер і апусцілі ў халодную ваду. Па ўсім целе прабеглі непрыемныя дрыжыкі. Які нахабнік! Ён ужо забыўся, што было некалькі гадзін назад, трымае сябе як плантатар з Джорджыі. Роб цяжка ўздыхнуў і стрымана сказаў:
— Містэр Поль, вы забыліся, дзе знаходзіліся. Месяц—планета свабоды. Тут негры такія-ж людзі, як і белыя. Мы цяпер роўныя і незалежныя адзін ад аднаго...
— Што? — вочы ў Поля зрабіліся круглымі, пукатымі, твар пабляднеў, выцягнуўся. — Што гэта за штучкі, Роб! — крыкнуў ён і гнеўна затупаў нагамі. — Не выдумляй, і без гэтага маркотна на душы.
— Я не выдумляю, сэр, — Роб горда ўскінуў позірк на свайго праціўніка. — Я толькі напамінаю, што варта вам кінуць старыя звычкі і апошнія чацвёра сутак пражыць так, як гэта i належыць чалавеку.
Роб чуў, як у адказ яму Поль злосна засоп. Вядома, для яго было дзіўна у былым пакорлівым слузе ўбачыць чалавека з характарам. Ён на хвіліну задумаўся, каб ацаніць становішча. Калі як след разважыць, выходзіць, што ў будучай барацьбе перавага можа быць на баку Роба, — ён дужы, з моцнымі вузлаватымі рукамі
«Але гэта не страшна, — рашыў Поль. — Выйграюць, як вядома, не сілай, а хітрасцю!»
— Такім чынам, ты зрабіў рэволюцыю? — насмешліва спытаў Поль. — Значыць, у нас комунізм?
— Няма чаго смяяцца...
Поль бачыў, што Роб не на жарты раззлаваўся. Ён ступіў некалькі крокаў назад.
— Аддай маю долю паветра, вады і ежы. I можаш ісці да д’ябла,— прымірэнча сказаў ён.
— Не будзе гэтага, — адказаў Роб. — Усе запасы ежы i паветра — агульныя. Іх будзем размяркоўваць кожны дзень пароўну. — Ён прыпыніўся, быццам нешта абдумваючы, потым сказаў: — На нашым сумленні ляжыць вялікі абавязак.
— Які гэта? — з несхаванай іроніяй перапытаў Поль. — Ці не памерці ў сяброўскіх абдымках?
— Няўжо вы не лічыце неабходным расказаць людзям аб нашым сумным лёсе?
— Хм! Якім-жа чынам?
— У каюце засталося некалькі блакнотаў. Ёсць і аўтаматычныя ручкі.
— Ну, дык садзіся і пішы. Гэта мой загад, загад капітана карабля, — паспешліва падхапіў Арноль і праз хвіліну дадаў: — А што датычыць тваёй непакорлівасці, дык аб гэтым будзе асобная размова. Цяпер трэба агледзець ракету, — ён павярнуўся і, абыходзячы з усіх бакоў глыбокую катлавіну, пачаў пільна аглядаць пакарэжаныя кавалкі ракеты.
Роб стаяў ля ўздыбленага гранітнага каменя і сачыў за Полем. Што-ж, няхай пазлуе. Яму па-ранейшаму хочацца ўлады. Але тут не Поўднёвыя штаты.
На ўсякі выпадак варта быць больщ пільным. Поль, вядома, ніколі не змірыцца са сваім становішчам. Ён не хоча, каб хто-небудзь пярэчыў яму.
Калі Поль наблізіўся да насавой часткі ракеты, у якой знаходзілася пасажырская каюта, Роб падышоў да яго.
— Я вам пакажу нашы запасы, — сказаў ён.
— Ці нельга без праважатых? — зласліва зірнуў на свайго кампаньёна Поль Арноль.
— На гэты раз нельга, сэр.
Першым праціснуўся праз нешырокую адтулііну Роб. Ён стаў ля ўваходу, запаліў электрычны ліхтар.
— Калі ласка!
Поль прамармытаў нейкае пракляцце, прасунуў у адтуліну галаву, зірнуў у бокі і толькі тады пераваліўся ўсім целам у каюту. Запаліўшы свой ліхтар, ён пачаў яе аглядаць.
Тым часам Роб дастаў з невялікай шафы блакнот, прымасціўся ля высокай металічнай скрынкі і пачаў запіс гісторыі падарожжа.
Читать дальше