“Не ведаю і ведаць не жадаю. Яго, на маю думку, варта было задушыць пры нараджэнні”.
“Кажуць, яго рыхтуюць да бессмяротнасці і адным з першых”. “Я чуў пра гэта. І быццам перад такой адказнай падзеяй яму надта закарцела пабачыць родныя мясціны”. Я зацікавіўся яшчэ больш.
“А вы скончылі пісаць партрэт таго дэфарманта, ну, Касіуса?” — спытаў я.
“Так. Ён нават скінуў мне крыху грошай, і я здолеў купляць фарбы і такую-сякую ежу”.
“Мне б хацелася даведацца пра дакладны час, ну, хоць бы прыблізна, калі сюды паедзе Ёхан Цынк”, — асцярожна вымавіў я.
“Навошта вам? ” “Маю невялікі інтарэс. Вы б як-небудзь пацікавіліся пра тое ў
Касіуса, і пажадана хутчэй, калі гэта вас не вельмі абцяжарыць”, — я ўпарта гнуў сваё.
“Я спытаю. Мяне, да таго ж, цікавіць, якія людзі імкнуліся наведаць ангар менавіта ноччу: можа яму і пра гэта вядома”.
“Што ён за асоба — Касіус”?
“Садыст па натуры. Непрадказальны. Але вельмі славалюбны.
Да наіўнасці”.
“А мясцовыя сілавікі? Яны не маглі зацікавіцца, што вы там малюеце ў будучым Храме?”
Мастак Юліус Гармата спахмурнеў.
“Мяркую, так яно і ёсць. Да мяне пачалі завітваць падазроныя людзі, ля ангара басцяецца штучнік, як кажуць — пасвіць. А яны горш за гарбузагаловых”.
“Сцеражыцеся. Вам цяпер, калі на чым пагарыце, шлях адзін — хіба толькі ў лагер. І нікому не давярайцеся”.
“Вы думаеце, я б з вамі быў шчыры, калі б Мойра не згадала мне пра вас? Гэта ж яна прывезла вас у Эдэм?” “Так”, — пацвердзіў я.
“І вы ведаеце пра Платона?”
Я кіўнуў.
“А што вы думаеце пра бессмяротнасць?”— нечакана спытаў ён.
“На мой погляд, гэта дурылка, якая ўзнікла тысячагоддзі таму і спрычынілася многіх бедаў...” “І навука тут не мае сілы?” “Упэўнены, што не мае. Навука? Хіба яна даўно не зайшла ў тупік?” “Але ж улады праз навукоўцаў сцвярджаюць адваротнае”.
“А вы што — ім верыце?” — усміхнуўся я.
“Дарэчы, — сказаў Юліус Гармата, — ходзяць чуткі, што ў дваццаць першым бараку ідзе пал-тэргейст. Мойра казала, што вы ў гэтым разбіраецеся”.
“Туды заявіліся навукоўцы з Мегаполіса. Але я сумняваюся, што яны на правільным шляху. Урэшце, няхай сабе бавяцца. Толькі справа, пэўна, глыбей, і там ужо ёсць ахвяры”.
“Глыбей — гэта як і ў чым?” “Калі што высветліцца — я вам раскажу. Толькі не запамятайце спытаць у Касіуса пра тое, калі сюды прыедзе функцыянер Цынк.
Дамовіліся?” “Згода. Я спытаю ў яго сёння ж”.
Побач з намі, задыхаючыся, прабег нейкі “каляровы” гадоў сарака і шлюмпер па знешнім вы-глядзе. За ім гнаўся малады гарбузагаловы мурын з нажом у руцэ. На нас яны не звярнулі аніякай увагі. Прайшлі некалькі нахабных падлеткаў: адзін з іх дэманстратыўна рыгнуў. Хмары, якія паспелі скупіцца на небе, разбегліся, і ў гэтую нішу адразу бязлітасна ўварваліся сонечныя промні.
“Вы кудысьці ішлі?” — спытаў я Юліуса Гармату.
“У бок плошчы”.
“Нам па дарозе”, — сказаў я.
Мы пайшлі. Некалькі самакатчыкаў з гіканнем абагналі нас, і ў паветры завіс пыл.
“Я чуў пра ўпыра, — зноў закінуў вуду Юліус Гармата. — Людзі кажуць, што ён прыходзіць па начах у дваццаь першы барак. Вы, мяркую, у курсе. Гэта па-вашаму, рэальна?” “Як тое, што мы зараз бачым адзін аднаго і размаўляем.
Тысячы сведчанняў і сотні тысяч сведкаў з мінулага тысячагоддзя сцвярджалі, што “п’ўяка” існуе. Чамусьці, па невядомых прычынах, асабліва ў сярэднявеччы, Еўропу напаткала сапраўдная эпідэмія вампірызму”.
“ Палтэргейст звязаны з той п’яўкай?” “Не абавязкова. Але ў нашым выпадку так яно і ёсць”.
Я збольшага расказаў яму частку з таго, што ведаў: пра фазы ўзнікнення вампіра — спачатку як святло над месцам захавання, потым стадыя “летуна”, наведванні сваякоў і, урэшце, матэрыялізацыя. Нават пра тое, што ўпырам уласціва жаданне полавай блізкасці са сваімі партнёрамі ў мінулым, якое яны часам спраўджваюць, са згоды ці без яе.
На плошчы мы з Юліусам развіталіся: я, пасля роздуму, паабяцаў яму, што назаўтра зайду ў Храм і з самымі шчырымі пачуццямі і намерам.
Нейкі час я назіраў за тым, што рабілася побач. Па-ранейшаму бязлюднымі выглядалі будынкі муніцыпалітэта і невялічкі двухпавярховік убаку ад іх, так званы ў простанароддзі “хітры домік”, дзе, як я ўжо ведаў са слоў Мойры, месцілася рэгіянальнае аддзяленне службы бяспекі. На абшарпаных і спісаных брыдкаслоўем лаўках там-сям распівалі проста з рыльцаў таннае віно, а пад нагамі валяліся скарыстаныя шпрыцы.
Я падышоў усутыч да Дошкі кандыдатаў на бессмяротнасць з прыхаванай надзеяй выявіць на звычайным месцы новую налепку, і не памыліўся.
Читать дальше