Усё гэта можна было прадбачыць і нават папярэдзіць, дык калі адзін чалавек здольны на многае, то натоўп не варты нічога, — працягваў я свае спрошчаныя аналітычныя меркаванні, — але я не вельмі схільны да такога мудрагельства, бо, пэўна, не валодаю дарам тэарэтычнага мыслення. У мяне гэтага, як я ўжо казаў, няма, хіба што ёсць толькі інтуіцыя.
empty 10.
У свой час, як я і чакаў, з’явілася дадому Мойра. Яна была нечым заклапочаная, што я адразу заўважыў. Жанчына прынесла ежу: мне і Барбі. Выразны твар яе ад сонечнага загару быў карычневага колеру, як у мулаткі, а вочы прыкрывалі цёмныя акуляры.
Тут я павінен, хоць і запознена, расказаць пра тое, чым мы маглі харчавацца. Натуральных прадуктаў цяпер вырабляецца надзвычай мала і яны каштуюць вялікія грошы: каб з’есці на абед смажанага труса ці курыцу, Мойры варта працаваць на сваім заводзіку некалькі дзён. У ежу для ўсіх ідзе звычайная сумесь парашкоў, якія складаюць аснову так званых фастфудаў, слізістыя кашы са смакам шашлыку ці бекону, розныя пратэінавыя жэле.
Асабліва шырокі ўжытак набылі стравы з дажджавых чарвякоў, а таксама з сінтэтычнай ежы. Так, адна тона ўсялякіх адыходаў спараджала нарыхтаваць каля ста кілаграмаў чарвякоў, якіх высушвалі, змяльчалі, атрымліваючы муку з утрыманнем каля сямідзесяці адсоткаў бялку, астатнім былі тлушч і вугляводы. З чарвякоў выраблялі масла і паштэты. Прадукцыю сельскагаспадарчага кластэра, які тут існаваў, адразу забіраў
Мегаполіс.
Я бачыў, што Мойра ўвесь час імкнецца рыхтаваць мне большменш натуральную ежу, і разумеў, што доўга так працягвацца не можа. Альбо я раздабуду грошай, альбо залічу сябе ў ні на што не вартую асобу. Залічу, вядома, сам.
Я абняў яе, але трывога пасялілася ўва мне з раніцы, і я раптам спытаў Мойру, ці не баіцца яна заставацца адна ў гэтым ненадзейным флігельчыку; бо ў паселішчы нават хадзіць па вуліцах небяспечна — штохвілінна можна натрапіць на маньяка, гвалтаўніка, забойцу, антрапафага ці проста на якога гарбузагаловага, не кажучы ўжо пра службоўцаў бяспекі і “штучнікаў”. І я коратка патлумачыў ёй, што на плошчы напаткаў дэфарманта, які з усёй верагоднасцю нахабна сачыў за мной.
“Я высланая сюды не так і даўно, — сказала Мойра. — У мяне ёсць зброя, да таго ж, існуе своеасаблівае негалоснае пагадненне з гарбузагаловымі: мы на іх не наязджаем, а яны — на нас. Да таго ж, са мной быў Платон”.
“На каго гэта — на нас?” — адразу зацікавіўся я.
Нейкі час яна раздумвала, а потым села на канапу і сціпла патлумачыла, што тут існуе арганізаваная суполка самапомачы, куды ўваходзіць каля дзесятка мужчын і некалькі жанчын, і адна з задач гэтай суполкі — абарона сваіх людзей.
“Ну а “мачыць” здраднікаў — другая з задач?” — спытаў я.
“Так, — згадзілася Мойра пасля паўзы, — мы даўно прыглядаліся да цябе і зараз мне даручана пагаварыць з табой на гэты кшталт: існуе рух супраціву, да якога належу і я, належаў забіты Платон і яшчэ шмат людзей — ты сам пра гэта ведаеш. Ты павінен быць разам з намі, але пакуль што вырашаеш ты, а не мы.
Падумай”.
“Але ж я хачу аднаго, — пасля непрацяглага роздуму сказаў я, — адпрацаваць доказ, прадаць яго, набыць дакументы і з’ехаць адсюль разам з табой”.
“Магчыма. Але гэтая ідылія потым, бо яшчэ трэба адсекчы, так бы мовіць, некаторыя праблемы”.
“А мастак Юліус Гармата? — спытаў я. — Ён таксама з вашай суполкі? Ты ж з ім сябруеш?”
Тут Мойра нават усміхнулася і пакпіла з мяне, што я раўнівец, нібы які дзікун з мінулага стагоддзя. А што тычыцца
Юліуса, то яна сапраўды сябруе з ім, але ў яго ў Мегаполісе засталіся жонка з дачкой, і ён да іх прывязаны. Да таго ж, дадала яна, Юліус больш значны, чым ты, Берташ, яна сама, ці мы абодва разам, бо ён — таленавіты мастак, а мастакі — вольныя ад усяго, і ў яго, пэўна, зусім іншыя задачы на зямлі, бо ён — свяшчэнны паразіт, накшталт скарабея ў старажытным
Егіпце.
“Няхай так, — неахвотна згадзіўся я, — але чаму ты лічыш, што можна нешта змяніць у гэтым свеце, асуджаным на самазнішчэнне? Якая розніца — што будзе плявузгаць з тэлеэкрана новы Ёхан Цынк? Хто — весці рэй у гэтым няшчасным гноеадстойніку, галадаць і хто — чакаць на звалцы адыходаў з завода медпрэпаратаў і потым “расшырацца” ў брудзе і гнілі?”
“Мяне ніхто не затрымлівае, але так бы мовіць, маральна, адпусцяць на ўсе чатыры бакі, як толькі мы выканаем апошнюю акцыю”, — зацята і неахвотна патлумачыла Мойра, — я пакуль яшчэ не маю права гаварыць табе пра гэта, але хачу, каб ты ведаў: як толькі будзе здзейснена тое, што загадана, я стану вольнай. Я і сама так вырашыла”.
Читать дальше