“Ты ж бачыў зусім нядаўна Платона, — перапыніла мяне Мой-
ра. — Ён быў моцны, здаровы і смелы, а вось цяпер яго няма, толькі недзе засталася жменя абгарэлых касцей. Спытаеш, можна яго параўнаць з тымі, каго ён знішчыў? Які сэнс, маўляў, што памрэ чарговы дзяржклоп і яго месца адразу зойме такі ж самы, бо іх процьма? Але сэнс ёсць. Гэта страх. Усё ў гісторыі выра-шалася праз яго”.
“Мы заробім грошай і з’ездзем адсюль: ты і я”.
“Ты ўжо вызначыў маршрут? А як жа мае аднадумцы, якія тут застануцца? І ўрэшце, ты ўпэўнены, што ў свеце ёсць месца, дзе няма гною?”
Я ледзь не сілай пасадзіў яе ў крэсла і нейкі час хадзіў, думаючы пра тое, як яе хутчэй пераканаць, потым пачаў гаварыць пра мясцовую антропафагію, гарбузагаловых, небяспеку хадзіць адной і не толькі ў іншых кварталах. Хоць тут і нядаўна, казаў я, але бачу, што робіцца ў паселішчы, і не толькі пад покрывам ночы. А можа — ўрэшце прарвало мяне, ты не ў стане выбраць паміж мной і мастаком Юліусам, які распісвае храм?
“Супакойся. Я не збіраюся жыць з вамі двума, — сказала Мойра. — пайду і ўсё яму скажу, як толькі ён скончыць сваю працу”.
“Скажаш, што?” “Што Платона няма і што ты заняў яго месца”.
Я знерухомеў і нейкі час абдумваў пачутае, а потым з таемным задавальненнем сказаў: “Ты прымусіш яго пакутаваць”.
“Ён стрывае. Тым больш, што я для яго не галоўнае, бо ён апантаны сваёй працай, і толькі”.
Я занёс у пакой вады, выліў яе ў ёмістасць на сцяне за шырмай з цыраты (гэта была самаробная душавая), зверху вісеў прыстасаваны распыляльнік, а стокавая гумавая трубка вяла на падворак, дзе была яма, і запрасіў Мойру прыняць душ. Спёка не адыходзіла, лёгкім маім не хапала кіслароду. Мухі больш не заляталі праз акно, але ў флігелі іх было шмат, і я вырашыў, што заўтра варта пазбавіцца ад іх, і як мага хутчэй.
Мойра, не саромячыся, распранулася і адкруціла ваду.
“Як добра, — данеслася з-за цыраты. — Хадзі сюды, Берташ.
Мы ж ужо бачыліся, хіба не так?”
Я скінуў кашулю, шорты і стаў з ёй побач. Вада лілася на нас, а з ёй прыйшла доўгачаканая прахалода, я абняў жанчыну і насуперак усяму адчуў, што шчаслівы.
9.
У паселішчы яшчэ некалькі тыдняў таму, як мне раней паведаміла Мойра, пачалі рыхтавацца да свята. У чым яно вызначалася, толкам ніхто не ведаў, але афіцыйна было на гэты раз прысвеча-на ТРАНСМОГУ — агульнай сусветнай мове. Па чарзе аналагічныя святы праводзіліся штогод у розных населеных месцах. Падрыхтоўка заключалася ў тым, што ў цэнтры і на будынках галоўных вуліц наводзіўся своеасаблівы касметычны макіяж: сцены і дахі фарбаваліся ў чырвоны і зялёны колеры (фарбы, вядома, з’яўляліся нізкай якасці і самыя танныя — праз тыдзень яны павінны былі немінуча аблезці), з цэнтральных вуліц прыбіралася і вывозілася смецце, бліжнія звалкі, якія падступалі да самых баракаў, прысыпаліся зямлёй, там-сям аднаўляліся зламаныя слупы ліхтароў і лаўкі. На сценах і шматлікіх расцяжках усталёўваліся і вывешваліся лозунгі і ўсялякія слоганы на так званым ТРАНСМОЗЕ і мясцовай змешанай гаворцы. Шматлікія брыгады “працаробаў”, наспех сфарміраваныя муніцыпальнымі ўладамі з дапамогай сілавікоў, з раніцы да захаду сонца завіхаліся на самых розных работах па добраўпарадкаванні тэрыторыі.
З-за недахопу пітной вады (тое, што прывозілася ў пластыкавых бачках на дзень, выпівалася ў лічаныя хвіліны), будаўнікі і дарожнікі, здаралася, раз-пораз літаральна валіліся з ног, непрытомнелі, млелі, і іх спехам адцягвалі куды-небудзь у зацень, дзе іх прыводзілі ў рабочы стан санітаркі-самакатчыцы. Многія проста збягалі з месцаў працы і іх лавілі чальцы спецыяльнага мабільнага мабілізацыйнага атрада, створанага ў апошні час муніцыпалітэтам. Урэшце, уся гэтая валтузня, як я палічыў, была мне толькі дарэчы, бо адхіляла асноўную ўвагу ўлад у суцэльны арганізацыйны будаўнічы штурм, і не дазваляла скіраваць больш пільныя захады на падзеі ў дваццаць першым бараку.
empty* * *empty
Дзень прыкметна зменшыўся, але спёка не адступала. Вецер сціх, і над дахамі дамоў звыкла вісеў задушлівы смог: там-сям дымілася звалка.
Наведванні ўпыра да сваякоў, як я разумеў, і ў бліжэйшы час не прыпыняцца. З дня маёй прысутнасці ў паселішчы, а пайшло ўжо на пятыя суткі, тут быццам нічога не змянілася ў лепшы бок — я прасядзеў частку ночы ў бараку, прывід пры мне чамусьці не з’яўляўся і камера не зафіксавала аніякіх бачных зрухаў, затое ў горшы — адбыліся дзве падзеі. Першая — раптоўная смерць сямігадовага пляменніка ўдавы (я быў упэўнены, што гэта вынік кантакту з “п’яўкай”), і другая — наведванне барака чыноўнікам з муніцыпалітэта, які цікавіўся, ці адпавядаюць рэчаіснасці чуткі пра тутэйшыя таямнічыя падзеі, і што пра гэта думаюць жыхары. Разам з чыноўнікам людзей дапытвалі двое маладых мурынаў, якія адрэкамендаваліся супрацоўнікамі санітарнай службы.
Читать дальше