Але ўсе гэтыя пярэчанні абапіраюцца на нашу мараль, а яна таксама мутабельная, думаў я. Ці жывём мы ў поўнасцю дэтэрмінісцкім свеце, у доказнай базавай цывілізацыі? Бо яшчэ больш складана даведацца пра нешта акрэсленае адносна апошняй, калі мы самі не з’яўляемся такой. Няма абсалютна ніякіх навуковых сведчанняў, якія б сцвярджалі ці адмаўлялі гіпотэзу аб сімуляцыі. Так, няма. Хіба мурашка можа даведацца пра існаванне акіянаў, Месяца, планет, ча-лавека, ў рэшце-рэшт? Адзінае, што застаецца вартым на нашым шляху да ведаў, — гэта ўсё тыя ж шматлікія доказы. Калі чалавек узнік сам па сабе ці быў штучна створаны, усё роўна ён заслугоўвае адзінага — таго, каб жыць не па хлусні, а ведаць ісціну, якой бы яна ні была.
Так, — меркаваў я, па дарозе назад, да дому, — і гэты шлях ведаў не пакідае нам выбару, бо трэба ісці па ім да канца. Хтонебудзь можа спытаць мяне ці маіх аднадумцаў: што з таго, калі доказаў назбіраецца дастаткова шмат, і праўда будзе агучана на ўсіх плошчах і скрыжаваннях? Па-першае, праўду адразу аб’явяць маной, па-другое, свядомасць недастаткова прасімуляваных — гэта значыць “людзей-ценяў”, магчыма, увогуле заблакіраваная ад падобных узрушэнняў, а па-трэцяе, калі большасць людзей сапраўды канчаткова ўпэўніцца ў тым, што наша Светабудова — гэта віртуальная рэальнасць (што ўпэўніцца — для мяне малаверагодна), сімуляцыя будзе спынена, магчыма, сцёртая імгненна, як камп’ютарны файл, і мы нават нічога не адчуем і не зразумеем. І каму мы тады сунем у нос нашу славутую бесмяротнасць? Але, хутчэй за ўсё, — думаў я, — мы ўвогуле кінутыя на волю лёсу, можа, нават больш — забытыя і непатрэбныя нікому. Інакш, чаму маўчаць, калі яны ёсць, Богі? Ну, далі б які знак, зачэпку, намёк. А замест гэтага тысячагоддзямі толькі маўчанне.
empty* * *empty
У маім флігельку было прыбрана. На стале я адразу ўбачыў аркушык паперы з почыркам Мойры і прачытаў: “Барбі накормлена”.
Якая яшчэ Барбі? Хто гэта? — прамільгнула ў маёй галаве, але шчанюк выкаціўся мне пад ногі і незадаволена забурчэў: дакараў, што застаўся адзін. Значыць, Барбі, падумаў я, ну, няхай сабе і так.
Я падключыўся да Сеціва і ўставіў у сістэмны блок флэшку з бацькавай навуковай, а калі больш дакладна, калянавуковай спадчыны. Праз некалькі хвілін пошуку я знайшоў тое, што мне было трэба.
Дык вось, да слова, анатомія з’явы, якая не адно стагоддзе нядобра ўражвала людзей, выклікаючы ў іх сваёй незразумеласцю і невытлумачальнасцю некантралюемы жах.
“Па невядомых прычынах асобны чалавек, хутчэй за ўсё мужчына, але і жанчына таксама па-чынае слабець, марнець і, урэшце, як кажуць у народзе, пруцянее. Яго аглядаюць, прызнаюць памерлым і хаваюць на могілках. Тут адразу ўзнікае пытанне: чалавек сапраўды памёр ці апынуўся ў летаргічным сне ці коме? Калі гэта вампірычная кома, то праз нейкі час над магілай нябожчыка назіраецца блакітнае ці больш яркае, чырвонае святло, іншым разам у выглядзе пары, якая контурамі можа нагадваць постаць чалавека. Дасягнуўшы неабходнай ступені канцэнтрацыі, гэтая “п’яўка”, лятун, ці як казалі ў нашай краіне, цмок — ляціць да свайго былога жытла і там спачатку з’яўляецца ў выглядзе прывіда, светлавога шара, калі-нікалі чагосьці пухнатага, а потым, пэўна, забіраючы ў жывых сваякоў энергію, матэрыялізуецца поўнасцю. Сваякі ж “п’яўкі”, у большасці выпадкаў спачатку дзеці, пачынаюць чахнуць і неўзабве паміраюць. Паколькі з’ява гэтая ў народзе вядомая (па Еўропе ў XVIII стагоддзі пракацілася сапраўдная эідэмія вампірызму), то магілу ўскрываюць і бачаць у ёй жывога і здаровага — кроў з малаком — вампіра, які, дарэчы, ляжыць у лужыне крыві, працінаюць яму сэрца (пры гэтым часта вампір стогне і раве), а потым адразаюць галаву ці ўсяго спальваюць. Больш гэтая “п’яўка” наяве не з’яўляецца, народ, як заўсёды, на ўсё забываецца, пакуль зноў не здараецца нешта падобнае.”
Апавядальнік лічыў, што вампірызм — адзін з класічных доказаў нашага існавання ў Вялікай Сімуляцыі. Чаму гінуць ахвяры спантаннага ці, наадварот, мэтаскіраванага візіту “п’яўкі” да сваіх родных? Чаму ў сваёй труне ўпыр літаральна плавае ў крыві? Ён п’е кроў? Не. Упыр хутчэй за ўсё напрамую спажывае праз Матрыцу ці яшчэ як, мінуючы складаныя ланцугі натуральных прыродных працэсаў, “софт” вады (а чалавек — гэта ў асноўным вада) у рамках тэорыі аб інфармацыйнай структуры свету. Пры вампірычным кантакце ўпыр не капіруе нешта на свой “софт” вады, а здымае з “софта” вады ахвяры інфармацыйныя даныя, якія забяспечваюць яму жыццё. Цела ж любога чалавека і кроў — гэта перш за ўсё інфармацыя.
Читать дальше