У люстэрцы задняга віду я пабачыў чорную кропку, якая імкліва павялічвалася ў памерах. Нехта на вялікай хуткасці рухаўся следам за намі. Я ўціснуў акселератар амаль да адказу, але кропка расла: нас даганялі. Безумоўна, гэта мог быць і быў, як я адразу пачаў пераконваць сябе, выпадковы аўтамабіль, але насцярожанасць і пачуццё трывогі ўжо запалі мне ў голаў. Я зірнуў на паказчык паліва — у мяне яго заставалася няшмат — кіламетраў на трыста, а заправачныя станцыі на трасах былі, як я ведаў, адзінкі, і тыя з-за нападаў ахоўваліся ўзброенымі жаўнерамі.
Мойра ўжо не драмала на маім плячы, а моўчкі разглядала пахмурныя краявіды па баках дарогі. Я зноў кінуў вокам у люстэрка і сказаў: “Па-першае, прысцягніся рамнём. Па-другое, вазьмі з задняга сядзення сумку, дастань адтуль аўтамат, устаў ражок і здымі з засцерагальніка”.
Яна таксама зірнула ў люстэрка, хутка зрабіла ўсё, што я загадаў, і толькі тады спытала: “Гэта за намі, Берташ?” “Пакуль не ведаю, — адказаў я, выцягнуў з-пад сядзення “берэту” і аддаў ёй. — Трымай. Не выключана, што гэта гарбузагаловыя”.
Цёмна-шэры БМВ старога ўзору выпуску, а новыя мадэлі аўтамабіляў, як я ведаў і казаў вышэй, ужо даўно ніхто не распрацоўваў, якраз падсядаў мне на хвост. Я прадумана збавіў хуткасць, каб ён пайшоў на абгон, — надзея, што гэта выпадковы спадарожнік у паўночны бок, не пакідала мяне, але прадчуванне небяспекі, пра якое ўжо сігналіла мне мая падсвядомасць, не падманула: ззаду замігалі фарамі — недвухсэнсава прапануючы спыніцца. У адказ я зноў націснуў на акселератар і папрасіў Мойру, каб прыгнулася, але яна не паслухалася. Між тым, праследавацелі ўклініліся на дарогу, злева ад майго “джыпа”, і ўрэшце зраўняліся: я павярнуў голаў і ўбачыў, што іх у машыне па меншай меры трое альбо чацвёра, і гэта былі не гарбузагаловыя: распісаныя тату твары, цупкі позірк вачэй, упэўненасць у сваёй беспакаранасці і паляўнічы азарт пагоні за ахвярамі, а такімі ахвярамі яны, пэўна, ужо лічылі мяне і жанчыну побач са мной — адназначна ўпэўнілі мяне ў тым, што гэта не хто іншыя, як бадзячая банда. Хваля холаду прайшла па маёй спіне — такіх бандаў, што палявалі на дарогах на безабаронных вандроўнікаў, дробных гандляроў, перасяленцаў, было ўжо шмат, і ўлады, заклапочаныя іншымі сваімі ворагамі, амаль не звярталі на іх увагі. Дзяржаўныя чыноўнікі, якія часам змушаныя былі наведваць населеныя пасёлкі і паселішчы, заўсёды бралі з сабой ахову, але нават іх гэта іншым разам не ратавала ад раптоўнага і бязлітаснага нападу, хоць, па праўдзе, на дзяржаўных асоб і функцыянераў бандыты спакушаліся вельмі рэдка. Затое астатніх яны жорстка рабавалі, а трупы альбо спальвалі, альбо, павыразаўшы з іх кавалкі цел, прадавалі потым апошнія шматлікім антропафагам.
Некалькі секунд мы з даволі вялікай хуткасцю рухаліся побач, я — па асноўнай, а іх машына — па сустрэчнай паласе. Я ўжо не меў магчымасці ні раздумваць над сітуацыяй, ні тым больш прааналізаваць яе, бо трэба было дзейнічаць. Бандыт, які сядзеў у БМВ справа ад вадзіцеля, укормлены жаўтаскуры апуцак, нешта выкрыкнуў мне — вецер знёс яго словы, і пачаў прасоўваць руку са зброяй праз апушчанае шкло.
“Трымайся!” — крыкнуў я Мойры і рэзка затармазіў.
Джып працягла завішчэў усімі калодкамі, і яго занесла ў бок. Бандыты праскочылі наперад, але адразу таксама пачалі тармазіць. Пэўна, яны вырашылі, што я ўжо саспеў, каб выконваць іх ка-манды. Тое, што ад іх не збегчы, я ўжо зразумеў: справа, метрах у ста ад дарогі, я мельгам убачыў рэшткі напаўразбуранага элеватара і яшчэ нейкіх хлявоў. Гэта магло быць нейкім выйсцем.
Не губляючы з віду машыну з бандытамі, якая таксама спынілася, праскочыўшы наперад метраў пяцьдзесят, я таропка сказаў: “Паслухай мяне, Мойра! Зараз, як толькі пачну страляць, ты выскачыш і пабяжыш да тых будынкаў. Я цябе прыкрыю. Не спыняйся і не азірайся. І сама страляй толькі напэўна”.
“Не!”
Яна выкрыкнула гэта ў адказ так рашуча, што я больш не рабіў спробы яе пераканаць. Дый не меў ужо часу.
“Адшпіліся ад рамня і трымай расчыненай дзвер!”
Я бачыў, як праследавацелі далі задні ход, а жаўтаскуры з аўтаматам высунуўся вонкі. Каб толькі ён не быў ляўша, — мільганула ў мяне ў падсвядомасці, — тады страляць з левай рукі яму будзе нязручна. Але гэта мая думка была апошняй у дараванай мне кароткай паўзе, бо ўслед за тым я рыўком выскачыў на дарогу і ўскінуў аўтамат. Страляць мы пачалі амаль адначасова, але мне пашанцавала больш, бо я патрапіў, і яго адкінула назад, запырскаўшы крывёю кабіну, а зброя выпала з рук і звалілася на дарогу. Яны выскачылі з машыны — спрытна, як тхары і па розныя бакі, рабілі ўсё правільна. У двух я ўбачыў у руках пісталеты, а ў трэцяга — аўтамат. Урэшце, у іх былі два аўтаматы на ўсіх, і тое, што адзін з іх уладальнікаў ляжыць забіты, — поўная для ўсіх іх нечаканаць, бо яны, пэўна, зусім адвыклі ад супраціву.
Читать дальше