“Магчыма, гэта і вартая ідэя, — згадзіўся я. — Але ўсё гэта трэба было рабіць паўстагоддзя назад. Ці так ужо і важна, хто тут цяпер будзе весці рэй, а хто вылізваць талеркі? Я ўжо даўно не даю веры чалавеку”.
empty* * *empty
Мойра чакала мяне. Яна даўно сабралася. Усё, што было можна, я занёс у машыну. Урэшце, у флігелі мала чаго засталося. Ключы я пакінуў Беніце, хоць і ведаў, што яна імі распарадзіцца не на карысць. Урэшце, мне ўжо было напляваць.
Ужо на выездзе з паселішча фары майго джыпа на імгненне выхапілі белы аркушык налепкі на сцяне цёмнага, нежылога будынка з разбітымі праваламі акон. Пэўна, — падумаў я, — такія ж самыя налепкі з чарговай серыі былі расклеены і ў цэнтры.
Я спыніў машыну, адарваў налепку і паклаў яе ў кішэню, каб прачытаць пасля.
Ноч адыходзіла. Неба на ўсходзе пакрысе пачало ружавець, і я пераключыўся на бліжняе святло. Мой пазадарожнік даволі лёгка накатваў кіламетр за кіламетрам у бок поўначы. Не ведаю, як Мойра, а я не адчуваў ні стомы, ні жадання спаць, бо стан нервовай узбуджанасці апошніх дзён гнаў цяпер мяне наперад.
Там, на поўначы, дзе, як я ведаў, яшчэ захаваліся некаторыя з азёраў і нават рэчак, і казалі, што ля іх берагоў часам шчыльна растуць дрэвы, там мы ўрэшце спынімся і, так бы мовіць, скінем абароты: паселімся ў якой хаце і пастараемся запамятаваць усё, што адбылося з намі раней, — будзем, разважаў я ў думках, жыць дзеля самога жыцця, як натуральнага працэсу, працаваць па неабходнасці, есці, спаць уначы і прачынацца з сонцам, не бегчы некуды раніцай з вырачанымі вачыма, каб урэшце апынуцца ў якой канторы, запоўненай людзьмі, патыхаючымі таннымі дэзадарантамі, з патухлымі позіркамі, якія да таго ж ненавідзяць адзін аднаго, баяцца сказаць нешта не тое, што адразу будзе занатавана стукачамі ці праслухоўваючымі прыстасаваннямі, альбо праводзіць лепшыя гадзіны дня ў грукочучым тлуме якога-небудзь прамысловага цэха з азвярэлымі ад недаядання і п’янства “працаробамі”. Не шкадаваць пра Мегаполіс з яго знясільваючым рытмам, бяздомнымі ў падвалах, кватэраміклеткамі з тараканамі і пацукамі, бясконцымі святкаваннямі нейкіх перамог і чыноўнікамі, што суткамі балбочуць з экранаў пра маючую вось-вось спраўдзіцца бессмяротнасць.
“Вось і ноч адыходзіць — сказаў я жанчыне побач і абняў яе свабоднай рукой за плечы. — Доб-рай раніцы, Мойра!” “Нам яшчэ доўга ехаць?” — спытала яна.
“Гадзіны тры-чатыры. Калі можаш — паспі пакуль седзячы”.
“У дзяцінстве я вельмі баялася цемры. Адразу пасля
Напажаданых Падзей мы вярталіся са школы вечарамі, пасля захаду сонца, бо з раніцы ў класах інструктары па выжыванню займаліся з перасяленцамі. Потым іх вялі на розныя работы, а класы займалі дзеці. Але раптам яны, дзеці, пачалі масава знікаць, а потым школы ўвогуле адмянілі. Толькі вось застаўся страх тых вечароў у цемры. Я не хачу спаць, Берташ”.
Я скасіў вочы ад дарогі і зноў убачыў яе профіль, які нагадаў мне малюнкі старажытных мастакоў эпохі Адраджэння. Праўда, цяпер такі тып жанчыны не меў поспеху.
“Можа, праз некалькі гадзін мы нават пабачым дзікіх птушак, — сказаў я з доляй летуценнасці, — альбо рэчку ці возера”.
Але яна думала пра нешта сваё, бо раптам спытала: “Ёхан Цынк баяўся памерці?”
Я здзівіўся, але не падаў выгляду.
“Так. Але гэта было нядоўга. Ён проста не паспеў спужацца”.
“Але ж ці варта было тады яго забіваць? Яму зрабілі палёгку, бо смерць была нечаканая. Калі б ён нават доўга жыў і далей, то больш пакутаваў бы: ад хвароб, маразму, пролежняў, катэтараў, нетрымання мачы і — страху смерці”.
“У цябе з’явіліся сумненні, Мойра?” “Навошта ты карыстаешся ягонымі грашыма?”
Я паціснуў плячыма: я чакаў гэтага пытання. Вось, значыць, чаму яна камплексуе, падумаў я.
“Тут маральнасць — умоўная рэч. Усё, што яму падобныя нажылі, здабывалася хітрасцю, под-ласцю, хцівасцю, а то і сілай”.
“Я больш не хачу нікога забіваць”.
“І я б з задавальненнем абмежаваўся ўпыром, якога мы працялі асінавым колам, але ёсць людзі, якія на парадак больш небяспечныя: з-за такіх ты і зараз баішся цемры. “Людзі-цені”.
Але цяпер, мяркую, мы пачнём сваё жыццё, як кажуць, з чыстага аркуша. Я спачатку прадам сваю стужку, а потым здабуду яшчэ грошай”.
“А нас там чакаюць, куды мы едзем? Хіба не робім мы ўсё наўздагад?” “Я быў раней у тых месцах. Мяне пасылалі па службовых справах. Уладкуемся, тым больш, што заставацца — больш не выпадае”.
“А як даўно ты там быў?”
“Некалькі год таму. Але я не думаю, што там нешта адчувальна змянілася. Я бачыў азёры і нават рэчку, а ў ёй рыбін. За рэчкай стаяў лес і ў ім спявалі птушкі. Ты ж, пэўна, чытала пра такое ў старажытных кнігах і бачыла старыя відэаі кінастужкі?” “А мятлікі там лёталі?”
Читать дальше