“Вось вынік, — сказаў я. — Ён, пэўна, запамятаваў, што існуюць тры запаветы, якія не варта парушаць: гэта выпрабоўваць на сабе атруту, сябраваць з каралямі і давяраццпа жанчыне. Апошняга было дастаткова”.
“А хіба ў цябе няма настальгіі па мінулым?” — спытала яна, не звярнуўшы ўвагі на мой пасаж.
“Чаму ж няма? Тады я быў маладзейшы, і кожны пражыты дзень абяцаў назаўтра лепшы. Але я рана зразумеў, што памыляюся”.
“Калі гэта — рана?”
Я сказаў, што ўяўляю сябе прыкладна з пяці год, праўда, не ўсё, а асобныя фрагменты з той па-ры, якія больш-менш дакладна зафіксавала памяць.
“А ты памятаеш, што было да Непажаданых Падзей?”
Я паціснуў плячыма.
“Мухі і гной. Тут, пэўна, заўсёды так”.
“І нічога светлага, радаснага, шчаслівага?”
Неспадзявана мяне нібы прарвала. Вось, гаварыў я, бацька да таго, як яго вылічылі і, так бы мовіць, сцёрлі з жыцця, успамінаў пра пярэчанне меншай каштоўнасці — гэта, калі наш свет, магчыма, не варта было штучна ствараць, каб не апынуцца ў горшым свеце, нават значна гор-шым за рэальнасць. Але, ці дзейнічае ў гэтым выпадку такое паняцце, як мараль? І што гэта та-кое? Хіба не найбольшая з асалод — магчымасць помсціць? Ты ж не запамятавала пра Ёхана Цынка? Не даравала яму? А калі пра нас увогуле забыліся? Вось мастак Юліус Гармата задаваў сабе тыя ж пытанні, якія не давалі спакою яго папярэднікам: і што? Да якой высновы ён прыйшоў? Пустата.
Нішто. І нават ставячы перад сабой мэты, як робяць Маркус і яго таямнічыя аднадумцы, — хіба не ствараюць яны чраговую ілюзію ў люстэркавай зале? І пра якую бессмяротнасць балбочуць увесь апошні час нашыя дзяржаўныя клапы? Цалкам верагодна, што ўпыры ў выглядзе цмокаў у прасторы з мухамі і гноем і ёсць самая рэальная з нашых рэальнасцяў. Але, цалкам верагодна, можа існаваць і сапраўдная — тая, куды мы наўрад ці калі трапім і дзе існуе зусім іншае, магчыма, новае, шчаслівае жыццё.
Світала. Адзінокі сустрэчны аўтобус з выбітым бакавым шклом, замест якога боўтаўся кавалак поліэтыленавай плёнкі, прамільгнуў побач, і зноў на дарозе было пуста. Смецця ў адгонах па-меншала, але вецер раз-пораз гнаў над зямлёй дым, брудныя пластыкавыя мяшкі, скамечаную паперу.
“Ты рады, што з’язджаеш?” — зноў спытала яна. “Канешне, бо далей заставацца там — на згубу”.
“Ведаць бы, што там зараз робяць Маркус, Васка Петкавіч, Андруш, іншыя нашыя сябры. Нас усіх рассыпалі, як друз”.
Я прамаўчаў, бо што, урэшце, мог ёй адказаць? Што, хутчэй за ўсё, там ліецца кроў: я ўспомніў палкоўніка Скута і яго напаўвар’яцкія сентэнцыі, замешаныя на падазронасці і нянавісці. Мне яшчэ пашанцавала, падумаў я, што ў сваім маніякальным недаверы да ўсіх і ўся, ён прыняў мяне за кагосьці іншага — засланага сакрэтнага агента з Мегаполіса, альбо ананімнага кантралёра ці зборшчыка падаткаў, хто ведае.
“Мы хутка звяжамся з кім-небудзь з нашых таварышаў праз надалоннік альбо праз Сеціва. Хоць гэта і небяспечна, бо на дарогах ідзе адсочка. І пра ўсё даведаемся.Толькі варта пачакаць”, — урэшце паабяцаў я.
Нягледзячы на адчувальна высокую для раніцы тэмпературу, жанчына побач са мной пачынала дрыжаць усім целам, нібы ад холаду, але я зразумеў, што гэта не так: зноў бадай што звычайны “адкат”. На ёй была новая лёгкая сукенка, старую, запэцканую “псеўдакрывёю”, яна раней, яшчэ ў паселішчы, выкінула ў сметніцу, і я абняў яе, а потым выбраў зручнае месца і звярнуў з дарогі ў бок — дзе ў рост чалавека зелянела паласа дзікага зарасніку вербалозу. Там нас імкліва штурхнула адно да аднаго і мы моўчкі заняліся любоўю: нібы паўтараўся даўні эпізод у маёй былой мансардзе ў Мегаполісе.
Потым я завёў рухавік і мы зноў апынуліся на дарозе. Мойра паклала галаву мне на плячо, яе валасы злёгку казыталі мне шыю, і праз нейкі час я са здзіўленнем адчуў, што яна нібы задрамала.
Бальшак на гэтым участку быў заасфальтаваны, і хоць часам пад коламі з-за калдобінаў грукала і рыпела, я дабавіў хуткасці. Дарожныя паказальнікі амаль паўсюдна адсутнічалі, і я вырашыў, як толькі Мойра адпачне, дастаць мапу і больш дакладна вызначыць, дзе мы знаходзімся.
Сонца паднялося ўжо на ўсходняй частцы неба, і пахмурны, задымлены далягляд афарбаваўся ў чырвонае. Забруджаныя смеццем, бязлесыя ўчасткі зямлі абапал дарогі зрэдку чаргаваліся з уробленымі палеткамі, на якіх, варушыліся постаці сельскагаспадарчых “працаробаў”. Пака-рэджаныя і паржавелыя касцякі былых трактароў і камбайнаў, пакінутых яшчэ ў час Непажада-ных Падзей, там-сям адзінока грувасціліся на пустэльнай раўніне.
Читать дальше