«Бацька, бацька... - падумаў Людовік. - Колькі замілавання і радасці прыносяць табе гэтыя стварэнні. Не туды пульсуе, ляціць твая, тата, энергія. Пра людзей трэба дбаць, пра незалежнасць краю... А то прыйдзе час, і свае ж, тутэйшыя, выракуцца мовы, і кнігаўкі стануць «чибисами», зязюлі - «кукушками», крыжадзюбы - «клестами». А на плісак стануць казаць «трясогузки». Не рускія, не расейцы, а свае янычары зробяць так, каб ніхто і не ведаў, што за птушка гівал ці задзярыхвост, забудуць назвы - цыранка, свіслук, хахатва... А з таго, хто чайку назаве кірляй, стануць смяяцца».
Высока над домам, у густой вяршыні ясеня пяяла туркаўка. Пяяла яна сумна, надрыўна, што аж хацелася плакаць.
Людовік кончыкам пісталета выцер слязіну. Дзверы стукнулі: адны, другія... Пайшлі.
Людовік увайшоў у залю, прысеў, каб яго не заўважыў жаўнер з вуліцы, дайшоў наўскарачкі да лесвіцы. Вычакаў момант, калі жаўнер сышоў з акна - гэта было відаць па штыку ружжа, - узлез па прыступках лесвіцы на гарышча.
Палавіна справы зроблена, але толькі - палавіна. Цяпер дзейнічаць у залежнасці ад абставін: або сядзець як мыш пад венікам на гарышчы, або вылазіць праз слыхавое акенца, скакаць у сад і праз кусты парэчак спрабаваць прабівацца ў лес.
4. Крык ластаўкі
На вуліцы пан Бароўскі на хвіліну замёр, быццам нешта абдумваючы, потым дастаў насоўку, выцер мокры лоб і зноў пачаў расказваць:
- Гляньце, панове, на шчыт. Ластаўка клеіць гняздо з гліны, робіць яго як невялічкую дыньку, шарыкам, з дзіркай у якасці ўвахода. Гэта, панове, гарадская ластаўка.
Фогель і спраўнік недаверліва зірнулі на гаспадара-птушатніка. Арніталагічная лекцыя відавочна зацягвалася.
- Не дзівіцеся, панове. Гарадскім ластаўкам не абавязкова жыць у горадзе, у месце. Ім проста патрэбны сцены, кручы, стромы. Нават на соснах лепяць свае гнёзды, не бачылі? Тут, на франтоне, у мяне вясковыя і гарадскія ластаўкі жывуць разам.
Ластаўкі, як гарадскія, так і вясковыя, якія заляталі праз адчыненае акенца, раптам выскачылі адтуль з трывожным крыкам. Жандар і спраўнік заклапочана перазірнуліся.
- Ведаеце што, панове, давайце паглядзім берагавых ластавак, - занадта паспешліва прапанаваў пан Бароўскі, але капітан Фогель падхапіў шаблю рукой і, не кажучы ні слова, рынуўся ў дом. Пэўна, яшчэ раз праверыць гарышча.
Гаспадар хацеў быў бегчы за ім, але спраўнік падхапіў яго пад руку.
- Пачакайце, - сказаў ён. - Ідзем, паглядзім вашых берагавулек.
У гэты час з акенца зноў з крыкам вылецелі ластаўкі. Потым праз хвіліну са слыхавога акенца, якое выходзіла ў двор, вызірнуў заклапочаны Фогель. Твар у яго выглядаў разгубленым. Неўзабаве ён вярнуўся. Вярнуўся ні з чым.
- Дык што, панове, паглядзім берагавулек? - спытаўся Бароўскі, калі Фогель вярнуўся з гарышча. - Рэчка недалёка... Там ёсць абрывісты беражок. Яны там жывуць - берагавулькі. Берагавулька адрозніваецца ад ластавак тым, што ў яе няма белага надхвосця. Што, панове, цікава, чым далей на ўсход, тым болей берагавулек. У Сібіры іх шмат.
- На што васпан намякае?.. - вырачыўся на Бароўскага Фогель.
- А ёсць яшчэ птушка свіргуль, - пачулася заміж адказу. - Свіргуль па-нашаму па...
- Па-руску, - ледзь не гыркнуў спраўнік.
Яны з Фогелем падпраўлялі гаспадара па чарзе.
- Свіргуль увесь чорны, як умазаны сажай, за выключэннем белаватага горлечка, крылы выгнуты сярпом. Яшчэ свіргуль пранізліва вішчыць, хоць вушы затыкай.
- Свіргуль гэта «стриж»? - спытаўся спраўнік.
- Так. Палёт ягоны своеасаблівы, - распавядаў, быццам чытаў лекцыю, Бароўскі. - Высока лунае, апісвае дугі. А калі нізка ляціць, то нясецца, як учадзелы. Свіргуль найлепшы лятун сярод ліцвінскага птаства...
- Рускага, - ляніва прамармытаў Фогель.
Яму надакучыла рабіць заўвагі. А Бароўскі ўжо і не папраўляўся.
- Ён не можа ўзляцець з зямлі, бо не дазваляюць пальцы. Узлятае толькі тады, як кінецца з якога прадмета ўніз. Ну, панове, калі не хочаце на бераг, тады зойдзем у клуню. Тут у мяне ляляк жыве і, самае галоўнае, - пугач! Па-маскоўску, па-руску - хвілін.
- Гм... Ф-ф-филин, - ледзь не прысвіснуў Фогель. Што-што, а ўласнае прозвішча з пачатковым «ф» ён па-руску ўмеў вымаўляць.
- Пугач, панове, - дзівосная драпежная начная птушка... - працягваў лекцыю гаспадар.
Выраз твару ў Фогеля з раўнадушна-скамянелага памяняўся на змрочна-ўнурысты. Амаль атупелы.
5. Уцёкі
Людовік праз шчылінку глядзеў з гарышча, як бацька завіхаецца каля жандара і спраўніка. А ці ходзіць жаўнер каля глухой сцяны? Людовік пайшоў да процілеглага франтона, нечакана страціў раўнавагу, пахіснуўся, узмахнуў рукамі. Апуджаныя лаўстаўкі закрычалі і з пранізлівым шчэбетам паляцелі прэч. Людовік прысеў.
Читать дальше