- Сыне, навошта табе пісталет?! - спалохана зашаптала яна, убачыўшы ў руцэ сына зброю.
- Ціха, матуля, дзеля Бога, ціха... - Людовік на мігах паказаў, што ворагі побач. - Шапні бацьку, каб вывеў іх з залі... Я пакуль схаваюся...
- Дзе ты, сыне, схаваешся?! - ледзь прытомна прашаптала маці.
- Знайду...
Спалоханая матка пастаяла хвіліну, падумала, зайшла ў залу.
- Прашу прабачэння, панове, - пачуў Людовік ейны голас. - Можна мужа на хвілечку?!
Двух ці трох словаў ёй хопіць, каб бацька зразумеў, што ад яго патрабуецца. Вось маці выйшла, кіўнула сыну, маўляў, перадала. Людовік прыслухаўся да голасу бацькі.
- А на гарышчы, панове, у мяне жыве пячураўка-трашчотка. Яе яшчэ называюць цюкалка. Гэтым летам яна ўпершыню ў мяне адклала яйкі. Пазнавата, праўда. Панове, проша да лесвіцы...
Бацька свядома паказваў гарышча, вёў туды спраўніка і жандара, каб тыя пераканаліся, што на гарышчы нікога няма. Добра, татусь, добра. Тады можна будзе, як жандар і спраўнік выйдуць, пераседзець на гарышчы, нікуды не ўцякаць. Толькі каб пашэнціла.
- Давайце, панове, смялей, лесвіца моцная.
Ага, палезлі. Пэўна, у планы спраўніка і жандара акурат уваходзіла абшукаць і гарышча. Але як знайсці прычыну, каб туды залезці. А тут і галавы не трэба ламаць - гаспадар сам туды вядзе. Людовік пачуў, як над галавой затупалі, бацькаў голас зрабіўся прыглушаным. Цяпер бацька патрымае «гасцей» гэтулькі, што рады будуць уцячы адтуль.
3. На гарышчы
- Я не забаўлю вас, панове, - сказаў Бароўскі, калі спраўнік і Фогель апынуліся пад дахам. - Зазірніце сюды, у гняздзечка. Палюбуйцеся, калі ласка, як па белым тле пушчаны кравяна-чырвоныя, месцамі фіялетавыя плямкі. Гэта яйкі чарацянкі. Яна перасмешка. У ціхія цёплыя ночы другой палавіны чэрвеня і пачатку ліпеня, панове, калі змоўкнуць раскацістыя песні салаўя, панове, чуйнае вуха чалавека, што прывык прыслухоўвацца да галасоў прыроды, з любоўю спыніцца на гуках таямнічых спевакоў, што быццам сабраліся на начны канцэрт: то адна заспявае, то другая. А гэта, панове, усяго адна чарацяначка выспеўвае. Падрабляе слаўку-гаварунчыка, вялікую сініцу, зябліка. Усё ў адной чарацянцы-перасмешніку. Паглядзіце, панове, птушачка сціплая: зверху аліўкава-бураватая, знізу жаўтавата-белая. Мае светлыя палоскі над вачамі. Падобна на пеначак. Але ў іх, панове, выцягнутая ўперад галоўка і хвосцік кліночкам, панове. У пеначак хвост злёгку выразаны...
Спраўнік ні на птушак, ні на яйкі не глядзеў. Зазірнуў за стаякі комінаў, а жандарскі капітан рабіў выгляд, што ўважліва слухае.
- Я вас стаміў, прашу прабачэння, але проста вымушаны паказаць вам яшчэ адзін цуд прыроды. Згадзіцеся, што ў назове «лас-таў-ка» - сама пяшчота і любоў. У ім і сімпатыя і дабрыня, з якой адносіцца просты люд да гэтага мілага стварэння. Беларусы...
- Рускія... - хмура буркнуў Фогель.
- Няхай рускія, - ахвотна згадзіўся Бароўскі, - словам, тутэйшыя кажуць: хто раскідае гняздо ластаўкі, таго паб'е на рабацінне. Так бароняць гэта дзіця прыроды ад няўрымснікаў, якія могуць па неразуменню браць яйкі.
Пачуўся грукат, жандар, спраўнік і бацька злазілі з гарышча.
Бацька не спыняў сваёй мітуслівай гаворкі ні на секунду:
- Ластаўка, панове, любіць гнездаваць у хлявах, стайнях, прылепвае кубачкі гнёздаў да шчытоў, крокваў. Яна так лоўка прашмыгвае праз выбітую шыбу ў шчыце, праўда?
Ціха стукнулі дзверы. Жандар, спраўнік і бацька спыніліся ў калідорчыку. Тут, за шафай, прыкрыты скручаным у трубу старым дываном, сціскаў абедзвюма рукамі зараджаны пісталет Людовік.
- Ці ведаеце вы, панове, што нашая звычайная ліцвінская ластаўка... - пачуўся выразны голас бацькі.
- Руская, - упарта настойваў на сваім Фогель.
- ...руская ластаўка, - паправіўся Бароўскі, - зімуе ў Цэнтральнай Афрыцы? Як гэта міла, што ластаўкі, якія жылі ўсё дзяцінства пад саламяным дахам якога-небудзь селяніна, зімавалі сярод чорных мурынаў? У вачах гэтых Божых стварэнняў ёсць, гэтак сказаць, адбіткі жырафаў, сланоў, ільвоў... Не, панове, ідземце на вуліцу. Вы абавязкова павінны паглядзець на ластавак. Увогуле, панове, я сэнс жыцця ў птушках бачу, яны - маё замілаванне, аздоба сэрцу. Як можна жыць без радасці ў душы, панове?
Людовік у напружанні чакаў, калі спраўнік і жандар пойдуць. І тады адкрыецца шлях на гарышча. Першы страх перад прыхаднямі прайшоў. Цяпер Людовік цалкам валодаў сабой, ведаў, што яму рабіць, ацэньваў небяспечнасць свайго становішча. І страху за жыццё не было.
- Птушкі саграваюць душу, лагодзяць, паверце, нават суцішаюць у цяжкую часіну, - аж распінаўся бацька. - Жыць разам з імі лягчэй. Чаму, да прыкладу, садзяць злачынцаў у турмы? Каб не бачылі неба, травы, птушак...
Читать дальше