7. Хобі пана Бароўскага
Бароўскі выскачыў ад сына і ўбег у адзін з пакояў. З фатэля паднялася ўстрывожаная жанчына.
- Якія ў іх намеры? - спыталася яна. - Што яны кажуць?
- Дамісю, родная, бяда, - прашаптаў Бароўскі. - То прыехалі забіраць нашага Людовіка. Паспрабую затрымаць, забалбатаць жандара і спраўніка. Лёдзя ў варыўні? Няхай нясе наліўкі. Я стану частаваць гасцей кавай, паспрабую падпаіць, буду цягнуць час, як можна...
Жонка спуджана кіўнула, Бароўскі пабег шукаць пакаёўку Лёдзю.
А тым часам у вітальні ўстрывожаныя Фогель і спраўнік пачапілі шаблю на месца і з нецярпеннем чакалі гаспадара. Бароўскага ўсё не было. Спраўнік пазіркваў на партрэт. Яму здавалася, што вусаты ягамосць не зводзіць з яго пільных вачэй.
- Стары род, - адзначыў ён. - Стары і прыгожы. Шкада, што ўсе палякамі парабіліся.
- Яны такія палякі, - адказаў яму на гэта Фогель, - як і мы з вамі. Яны тутэйшыя, ліцвінамі ўсё жыццё сябе лічылі. Толькі што каталікі. Паслухайце, а ці зручна тую каву нам тут піць, - стаў сумнявацца Фогель. - Вып'ем каву і арыштуем сына?!
- Хм, сапраўды нядобра... - хмыкнуў спраўнік. - А нападаць на канвой добра?! Гэтак званая польская гжэчнасць. Да ўсяго - абавязак ёсць абавязак, пане Фогель. Калі дбаць пра гжэчнасць, то трэба выводзіць з гэтага краю войска, даваць тутэйшай шляхце канстытуцыю ці свайго караля няхай выбіраюць. Можа, вас і сумленне яшчэ будзе мучыць, што вы адправіце бунтаўшчыка, крушыцеля дзяржаўнага парадку, ворага імперыі ў Сібір?!
- Не, - варухнуў плячом Фогель, памацаў гузік. - Я прысягаў цару, але непрыгожа, згадзіцеся: гаспадар вас частуе ад шчырага сэрца, а вы ягонага сына за шкірку ды ў каталажку.
- Вы, капітан, малады чалавек... Вас мучыць пачуццё абавязку... Не думайце, што вы ліцвін ці нейкі там кімсьці выдуманы беларус. Думайце, што вы рускі. Нават не расеец, але рускі. Вы ж рускага веравызнання, так?
- Так, - згадзіўся жандар.
- Калі думаць, што вы рускі, то гэта значыць Расея - ваша... наша айчына. Адчуйце, як соладка гэта гучыць - Расейская імперыя. Ад Варшавы да Японскага мора. Шостая частка Зямлі. Такіх імперый не было і ніколі не будзе.
Фогель недаверліва зірнуў на спраўніка.
- Дапусцім, - сказаў ён, - я стану думаць, што я рускі, маральна мне будзе лягчэй піць чужую каву, а потым арыштоўваць сына гасціннага гаспадара?
Спраўнік быццам не слухаў яго.
- Імперыю збіралі таксама і выхадцы з нашага краю, з Літвы. Збіралі кавалак да кавалка, цагліна да цагліны, служылі Раманавым як мае быць. Усе служылі і служаць: і ліцвіны, і палякі. Каўказ, Азія, Далёкі Ўсход - усё заваявана нашымі, падкрэсліваю, нашымі продкамі: і ліцвінамі, і палякамі ў тым ліку. А гэта, выбачайце за ўтылітарызм, гэтулькі паліцэйскіх акалоткаў нашым нашчадкам...
- Бачу, у вас сапраўднае імперскае мысленне... А наконт нашчадкаў... Выбачайце, баюся, каб на тым жа Далёкім Усходзе так званыя нашы нашчадкі па-кітайску не загаварылі.
Увайшоў Бароўскі са сподам, над якім з філіжанак кулдыячкамі вілася пара.
- Што гэта, пане Бароўскі, у вас такая за птушка, - каб не маўчаць, спытаўся Фогель і даў лёгенькую пстрычку ў дно клеткі.
- Ціха вы, ціха, не стукайце, - замітусіўся Бароўскі. - Шчыглы баяцца стукату. Асабліва вучоныя...
- Вучоныя? - здзівіўся спраўнік.
- Дзёндзік, - ласкава паклікаў Бароўскі, - ану пакажы, як ты ўмееш насіць ваду.
Гаспадар прасунуў паміж прутамі клеткі маленькае, з напарстак, сярэбранае вядзерца, якое вісела дагэтуль збоку клеткі, падліў з бутэлькі, якая стаяла пад этажэркай, вады ў адно з карытцаў у клетцы.
Шчыгол паглядзеў адным вокам на гаспадара, ухапіў дзюбай дужку вядзерца, набраў вады з карытца і, высока падымаючы вядзерца, перанёс яго ў другое карытца.
- Брава! - ціха паляскаў у далоні Фогель.
- Я адсадзіў сюды гэтага шчыгла, бо ён у мяне са здольнасцямі. У вялікай, панове, залі ў мяне шмат яшчэ птушак, але малінаўкі задзірлівыя. Ведаеце малінавак, панове? Мусіць, ведаеце, хто не ведае спеваў малінаўкі вясною, калі пасля дзённай утомы сядзеш спачыць, а бярозавыя пупіхі толькі што здымаюць з сябе смалістыя каптурыкі...
Спраўнік і жандар пабралі філіжанкі, пілі каву і пасміхаліся. Бароўскі заўважыў усмешкі.
- Вы, панове, выбачайце, тут такі пах, бо птушак шмат у мяне, я зараз пакажу, - стаў апраўдвацца пан Бароўскі. - Вунь фортку прачыню.
Спраўнік незаўважна падміргнуў Фогелю - сапраўды Бароўскі хоча ўтаіць, што ў доме пахне ёдаформам.
Гаспадар адчыніў фортку, і адразу на яе села маленькая птушачка з іржава-чырвонай грудкай, з чорным горлечкам і белым лобікам.
Читать дальше