— Ой, ну гэта нейкая тэорыя змовы. Відавочна ж, што ў людзей ад прыроды ёсць схільнасць падзяляцца на катэгорыі, утвараць іерархіі і ўсякае такое.
— Калі з грамадствам добра «папрацаваць», яго можна змяніць. Згадаць хоць бы камунізм, нацызм, культ асобы і шмат чаго іншага. Сам жа казаў: адміністратыўны рэсурс плюс грошы плюс каманда добрых піяршчыкаў. Калі б такім чынам культываваць любоў да бліжняга — можа вынік і быў бы. Але асабіста я прыкладаў такога кшталту ў гісторыі не ведаю.
— Не, тут справа ў тым, што камунізм, нацызм, культ асобы, усякія секты і гэтак далей трымаліся на нейкім ідэальным вобразе. У рэальнасці не быў пабудаваны Тысячагадовы Рэйх, не быў пабудаваны сапраўдны камунізм. Культавыя асобы былі далёкімі ад «простага» народа і з'яўляліся вобразамі, пра якія я казаў. А бліжні — не ідэальны, а рэальны. Са шматлікімі хібамі і мінусамі.
— Але ж людзі любяць родных і сяброў? А яны таксама не ідэальныя, таксама з хібамі і мінусамі. Думаю, што ўсё ж справа ў дэфініцыі свой/чужы. А што тычыцца грамадства — ёсць жа, напрыклад, амішы. Было б цікава паглядзець, як бы яны жылі, калі б мелі сваю незалежную дзяржаву.
— Ну, у амішаў таксама ёсць раздзяленне свой/чужы. Хто не аміш, хоць нават таксама хрысціянін, — чужы. Так, цікава было б паглядзець на дзяржаву амішаў. Думаю, у наш час такая дзяржава тэарэтычна магла б з'явіцца. У сэнсе, у ранейшыя часы гэта было ў прынцыпе немагчыма, бо яе хутка б знішчылі больш ваяўнічыя суседзі. Але ўвогуле, нездарма некаторыя кажуць, што жыццё — гэта вайна, вайна ў глабальным сэнсе: кожнага асобнага чалавека са светам. І я лічу, што ў гэтай вайне не бывае саюзнікаў, бываюць толькі тыя, хто пэўны час страляе ў той жа бок, што і ты. Незаўважна мы перайшлі ад літаратуры да вайны.
Маявер моўчкі паківаў, разумеючы, што гэта не проста канстатацыя факта. І насамрэч Даявед неўзабаве працягнуў:
— Вось ты кажаш, што мала чытаеш. Але ці ёсць у цябе любімы твор? Любімы пісьменнік?
— Не. Любімых няма. — Маявер заўважыў, што яшчэ некалькі хвілін таму радаваўся перспектыве паўдзельнічаць у «свецкай гутарцы», але цяпер у яго ўжо не было што сказаць па такой «свецкай» тэме, як літаратура.
Тым не менш ён разумеў, што яго ўжо крыху «панесла», — папярэднія маналогі пра дабро, зло, Бога і ідэальнае грамадства маглі здавацца суразмоўцы недарэчнымі і нейкімі дзіўнымі. А фразу пра незаўважны пераход ад літаратуры да вайны Маявер успрыняў як празрысты намёк на тое, што лепш размаўляць менавіта пра літаратуру. Таму ён вырашыў паспрабаваць весці гутарку ў адпаведнасці з фарматам, які, на яго погляд, імкнуўся навязаць Даявед. Бо той быў гаспадаром кватэры, у якой сам Маявер быў толькі госцем.
Зімовы шлях
Крыху падумаўшы, Маявер сказаў:
—...Але ёсць творы, якія моцна ўразілі. Магчыма, нават аказалі нейкі ўплыў. Вось, напрыклад, мяне вельмі моцна ўразіў цыкл песень «Зімовы шлях» на музыку Шуберта. Ты ведаеш?
— Не, я не аматар класічнай музыкі.
— Вершы напісаў нямецкі паэт. як жа яго прозвішча. Мюлер! Так, здаецца, Мюлер. Але цыкл стаў знакаміты менавіта ў якасці песень, ужо як музычны твор. Карацей, адносна ўласна літаратуры прыклад, магчыма, так сабе, але ўсё ж. Сам Шуберт назваў яго «вянок жудасных песень». І сапраўды, на мой погляд, гэта самы трагічны твор у свеце. Ніякія «Рамэа і Джульета» і побач не стаялі! Я ўжо дакладна ўсё не памятаю, апошні раз слухаў яго досыць даўно. Але гэты цыкл мяне вельмі моцна ўразіў. Сэнс у тым, што герой вымушаны сысці ад нявесты, якую вельмі кахаў. Калі не памыляюся, таму што ён быў занадта бедны для яе, і яго неўзабаве маглі выгнаць. І вось ён вырашыў не чакаць такой ганьбы і пайшоў сам. Але ісці яму няма куды, і грошай у яго няма. І вось ён блукае. Зіма, холад, пустата. Усё быццам мёртвае. У героя няма дома, няма грошай, няма ніводнага блізкага чалавека, няма сэнсу жыцця. Хоць яшчэ нядаўна — усё было. І ён проста ідзе, не ведаючы куды. У маім пераказе гэта, магчыма, не так уражвае, але музыка Шуберта робіць сваю справу: кожная песня надзвычай атмасферная. Можа падацца, што ўсё досыць трывіяльна і ніякай сур'ёзнай трагедыі насамрэч няма. Так, гэта рамантызм і ўсё такое. Але ўяві сябе ў такой сітуацыі. Калі задумацца, гэта ўсё вельмі страшна і сапраўды трагічна... І справа не толькі ў тым, што чалавек пасярод зімы стаў фактычна валацугай без дома, грошай і знаёмых, якія б маглі яму дапамагчы. Ён у адчаі, ён вельмі перажывае, яму кепска ў першую чаргу ў маральным плане, а не ў фізічным.
Читать дальше