Дык вось, самае трагічнае ў гэтым цыкле. Там адна песня называецца «Вясновы сон». Герой бачыць цудоўны сон: яму сніцца май, прырода, птушкі. Але крычыць певень, і ён прачынаецца: навокал цёмна, халодна, чутны крыкі крумкачоў. Замест кветак, якія яму сніліся, — намаразь на вакне. Яму становіцца вельмі крыўдна і горка, але ён зноў засынае. У другім сне герой бачыць сваю каханую, яна яго абдымае і цалуе, яму зноў добра. Певень крычыць яшчэ раз, і герой вяртаецца ў суровую рэальнасць.
І зноў жа — трэба чуць музыку, яна вельмі значна ўзмацняе эфект. У сне музыка светлая, лёгкая, пяшчотная, а ў рэальнасці — мінорная, нейкая калючая, цяжкая. Відавочна, Шуберт адлюстраваў у ёй не толькі кантраст сну і рэальнасці, але і кантраст вясны і зімы. Карацей, ведаеш, я думаю, што гэты матыў, напэўна, і ёсць самае трагічнае ў літаратуры. І, магчыма, у жыцці ўвогуле. Калі насамрэч у цябе нічога і нікога няма, навокал толькі цемра і холад, але пры гэтым сніцца нешта добрае і светлае... Такі сон — не суцяшэнне, гэта жорсткі здзек. Зноў-такі, не ведаю, магчыма, у маім пераказе ўсё не так красамоўна, як у самім творы, аднак, калі ўявіць такую сітуацыю — сапраўды страшна. Сапраўды жудасна.
Маявер замаўчаў і паглядзеў на Даяведа так, быццам толькі што агучыў нейкую непрыемную навіну. Даявед быў сур'ёзны — Маяверу нават здалося, што той сапраўды паспрабаваў уявіць сабе апісаную сітуацыю і паставіць сябе на месца галоўнага героя. Праз некалькі секунд цішыні Даявед сказаў:
— Цікава. Але прыём кантрасту — рэч не новая. Нават прымітыўная. Аднак гэта жыццёва. З іншага боку, выкарыстанне такога прыёму ў літаратуры, магчыма, дзейсна, але не арыгінальна... «Зімовы шлях», кажаш? — Маявер адказаў станоўчым ківаннем. — Цікава, трэба будзе паслухаць. У прынцыпе, галоўнае ў любой сітуацыі — захоўваць самакантроль і цвярозы розум. Трэба прымаць сапраўдную рэальнасць, каб падсвядомасць не стварала альтэрнатыўную. Іначай атрымаеш суцэльнае расчараванне ці нават псіхічныя расстройствы. Таму я думаю, што насамрэч трагізм гэтага твора ў першую чаргу ў тым, што герой якраз не змог прыняць рэальнасць, а не ў самой сітуацыі, у якой ён апынуўся. Бо ўвогуле трагізм — рэч суб'ектыўная. Само па сабе нічога — нават смерць — трагедыяй не з'яўляецца, усё залежыць ад успрымання чалавека.
— А які ў цябе любімы твор?
— Я таксама не асабліва шмат чытаю. Шчыра кажучы, назва першай главы з «Майстра і Маргарыты» і іншае — гэта проста такая фішка, каб пачаць размову. Калі зусім шчыра — я даволі часта ёй карыстаюся...
— Дзейсна, але не арыгінальна, — Маявер з'едліва пасміхнуўся.
Даявед дэманстратыўна ўзняў вялікі палец, зрабіўшы адпаведны выраз твару, — маўляў, «падкальнуў, малайчына».
Успрыманне часу
Маявер запытаўся:
— А «Фауста» ты таксама не чытаў?
— Цалкам — не.
— А вось я калісьці чытаў. Памятаеш, што Мефістофель прапанаваў Фаусту?
— Спыніць імгненне, калі не памыляюся.
— Так. На мой погляд, гэта вельмі цікавая спакуса. Толькі спыніць хацелася б не пэўны момант, а пэўнае становішча, пэўную сітуацыю. Ведаеш, вось у дзяцінстве, напрыклад, жыццё падаецца статычным. Нараджаешся, і адразу, як толькі пачынаеш усведамляць сябе і наваколле, падаецца, што свет быў менавіта такім, якім ты яго бачыш, заўсёды. Разумееш, што жыццё было і да цябе, разумееш, што ўсё старое калісьці было новым, што ўсе дарослыя калісьці былі дзецьмі. Нават можаш глядзець старыя фотаздымкі, на якіх твае дарослыя сваякі яшчэ малыя. Табе тлумачаць, што некаторыя з людзей на гэтых фотаздымках ужо памерлі. Ты ведаеш, што ўсё нараджаецца, старэе і памірае, і гэта падаецца натуральным. Аднак яшчэ не разумееш гэтага насамрэч, а проста ўспрымаеш як факт. Усё, што было да твайго нараджэння, для цябе з'яўляецца небыццём, тым, чаго ніколі і не было, а калі і было, то вельмі-вельмі даўно. І па вялікім рахунку не мае значэння, калі канкрэтна нешта адбывалася — за сто, за дзесяць ці за адзін год да твайго нараджэння. Ці, дакладней, таго часу, калі ты пачаў сябе ўсведамляць і нешта дакладна запамінаць.
Існуе меркаванне, што чалавек фарміруецца як асоба і дакладна разумее сваё «я» ўжо ў тры гады. Дык вось, калі табе ўсяго тры-чатыры гады, тэрмін у дзесяць гадоў падаецца велізарным, бо ён ў некалькі разоў перавышае працягласць твайго жыцця. І пры гэтым ты разумееш, што ўжо шмат чаму навучыўся, шмат што засвоіў. І калі спрабуеш уявіць сабе адрэзак у дзесяць ці ў сто гадоў, табе здаецца, што за такі вялікі тэрмін можна навучыцца абсалютна ўсяму, можна знайсці адказы на ўсе пытанні. Сто гадоў падаюцца табе амаль бясконцасцю. Бо ты проста не разумееш, што большую частку жыцця будзеш вымушаны марнаваць не на самога сябе.
Читать дальше