Цішыню перарваў Даявед:
— Добра. Вось уяві, што ты на добрай машыне едзеш па аўтабане. Роўна, гладка і хутка. Прыгажосць. Але ты можаш з'ехаць на разбітую дарогу. І ехаць кудысьці ў іншы бок. Адразу ж знізіцца хуткасць. Машыну будзе значна трэсці, ехаць будзе вельмі нязручна. Задавальнення ад такога падарожжа значна меньш, чым ад язды па аўтабане. Будзе пыл і бруд. Машына можа забуксаваць ці ўвогуле зламацца. Але, з іншага боку, едучы па такой дарозе, ты можаш значна скараціць свой шлях. Магчыма, аўтабан робіць вялікую пятлю, а гэтая дарога ідзе напрамкі. Магчыма, наадварот. Вось і ўвесь выбар: ніякага падвоху няма. Можна спакойна ехаць па роўным аўтабане, а можна рызыкнуць і паехаць па разбітай дарозе. Трэба проста прааналізаваць кожны варыянт, а зрабіўшы выбар — весці сябе адпаведна. Бо забіцца можна ўсюды: справа не ў дарозе, а ў тым, як ты па ёй едзеш, — Даявед паглядзеў на Маявера так, быццам бы пытаўся: «Ну што, такім адказам ты задаволены?».
— Мая праблема ў тым, што я еду ў аўтобусе, — асаблівага імпэту ў Маявера ўжо не было, аднак яго ўзрадавала тое, што Даявед сам вырашыў працягнуць гутарку.
Цыгарэты забіваюць
Праз некалькі секунд цішыні Маявер няўпэўнена спытаў:
— Мне можна паліць?
— Я ж не доктар — адкуль я ведаю, — Даявед паспрабаваў пажартаваць, перайначыўшы стары анекдот. — Калі сур'ёзна, то пачакай, для чысціні эксперымента лепш абыйсціся без гэтага. І ўвогуле, цыгарэты забіваюць.
Маявер расчаравана ўздыхнуў — хацелася паліць:
— Цыгарэты забіваюць... Але колькі трэба выпаліць цыгарэт, каб яны цябе забілі?.. Тысячы, дзясяткі тысяч. І толькі тады можа ўзнікнуць рак лёгкіх, ці яшчэ нешта. І скажуць: «Яго забілі цыгарэты». Але калі за ўсё жыццё выпаліць усяго адну цыгарэту — нічога не будзе. Калі за ўсё жыццё выпаліць пачак і нават блок — нічога не будзе. Калі паліць усё жыццё па адной цыгарэце ў дзень — напэўна, таксама нічога не будзе. Разумееш? Цыгарэты забіваюць, толькі калі іх вельмі шмат і калі паліць іх сістэматычна. Тое ж самае і з любымі непрыемнасцямі, стрэсамі, крыўдамі, расчараваннямі. Калі яны дробныя і здараюцца нячаста — іх можна нават не заўважыць. Калі адбылося нешта насамрэч сур'ёзнае — гэта можна перажыць. Але калі яны ідуць суцэльным патокам, калі новая непрыемнасць наганяе цябе яшчэ да таго, як ты здолеў адысці ад папярэдняй, — гэта забівае. Забівае ў самым прамым сэнсе, як забіваюць цыгарэты ці іншая атрута. Гэта не вобразнасць і не перабольшванне. Дарэчы, на дапамогу прыходзяць тыя ж цыгарэты, бухло, яшчэ нешта. Чалавек мае неабходнасць у нейкіх транквілізатарах, у нейкіх антыдэпрэсантах, але ў нашых умовах самымі даступнымі з іх з'яўляюцца нікацін і этанол.
Паўсюдная незадаволенасць, якая ёсць ва ўсіх сферах, пачынаючы ад асабістага і завяршаючы нечым глабальным, нібы правакуе піць і паліць. Я разумею, што гэта не аргумент, што гэта — спроба перакласці адказнасць з сябе на вонкавыя фактары. Але ж нездарма гэтая краіна — у сусветных лідарах па колькасці алкаголікаў і суіцыднікаў.
Есці перад тэлевізарам
Даявед вырашыў паспрачацца:
— Ведаеш, я, як і многія іншыя людзі, люблю есці перад тэлевізарам. Там, праўда, звычайна паказваюць розную дрэнь. Цыцкі, дупы, жарты пра лайно. Неверагодна тупыя і прымітыўныя фільмы, у якіх акцёры нейкім чынам могуць і недаігрываць і пераігрываць адначасова. Паказваюць рэпартажы пра вайну, разруху, трупы, калек, галосячых жанчын, паміраючых дзяцей. А я ем. І ведаеш што? Мне смачна.
Разумееш, пра што я кажу? Трэба імкнуцца да нейкіх ідэалаў, да нейкай дасканаласці. Але разам з гэтым нельга прымаць блізка да сэрца ўсё тое, на што сам не можаш паўплываць. Так, калі паглядзець тэлевізар, а іншым разам — нават глянуць у акно, хочацца напіцца і забыцца ці выпаліць пару цыгарэт, каб супакоіцца. Але трэба прасцей да ўсяго ставіцца. Нават і ў асабістым.
— Гэта добра для тых, хто з'яўляецца насамрэч незалежным суб'ектам. Калі ў цябе ёсць уласны кавалак зямлі, гаспадарка, якая цябе цалкам забяспечвае, і ружжо, каб у выніку чаго пастаяць за сябе, — гэта адна справа. Пры такім раскладзе можна быць эгаістычным аднаасобнікам і смачна есці, гледзячы, як па тэлевізары паказваюць апакаліпсіс у жывым эфіры. Гэта сто гадоў таму можна было вось так вось жыць на якім-небудзь хутары паводле прынцыпу «мая хата з краю — нічога не знаю». Але нават і тады маглі прыйсці і ўсё забраць. Дарэчы, і прыходзілі, і забіралі. А цяпер усё яшчэ горш, бо ты не суб'ект, не гаспадар, а так — у лепшым выпадку арандатар. І калі што — нагой табе пад зад і ўсё. І праблема нават не ў тым, што так ёсць па сутнасці, праблема ў тым, што гэта ўсё навідавоку і немагчыма забыцца на такое становішча і жыць, пакуль жывецца. Бо кожны дзень усё гэта наваколле нагадвае, што ты тут ніхто і зваць цябе ніяк. Нават сам гэты горад.
Читать дальше