«Богашанаванні і ўсе малітвы, раннія, вячэрнія і начныя, каб нам засталіся нязменныя па звычаі і абычаі, прынятым ва Ўсходняй царкве, а самыя пры Літургіі — Васіля Залатавуснага і Епіфанія, якая бывае ў часы Вялікага Посту з папярэдне асвечанымі дарамі, а таксама ўсе іншыя абрады і цырымоніі нашае Царквы, што імі дасюль карысталіся, падобна як і ў Рыме пад паслушэнствам найвышэйшага Архірэя: тое зберагаецца, каб тое ўсё мы выконвалі ў нашай мове » [95] (вылучанамною. — В. Г.).
Для казанняў прадугледжвалася народная гутарковая мова. Быў захаваны стары юльянскі каляндар (гэтак званы стары стыль). Святарам не навязвалася забарона ўваходзіць у шлюб. Царкоўная архітэктура магла развівацца ў традыцыйных формах.
Беларуская і ўкраінская царква, прыняўшы вонкавую залежнасць ад Апостальскага пасаду, зберагла нутраную свабоду. Яе гіерархі хацелі захаваць за Царквою тое, чым яна была пры першахрышчэнні нашых земляў — арганічнасць у Сусветнай царкве. Яны прынялі частку догматаў Заходняй царквы — пра зверхнасць папы ва ўсім хрысціянскім свеце, пра чысцец, а крыху пазней пра сыходжанне Святога Духа і ад Бога-Сына.
Гэта быў не бяздумны пераход на лацінства, а спроба сінтэзу ўсходняга абраду з заходняй дагматыкай. Гэты сінтэз культурных здабыткаў Захаду і Ўсходу, здзейснены ў Беларусі і Ўкраіне пры канцы XVI стагоддзя, у значнай ступені выконваў даўнюю мару эўрапейцаў аднавіць колішняе духоўнае адзінства грэцка-рымскага антычнага свету, але на новай, хрысціянскай, аснове.
А што патрыярх канстантынопальскі? Фармальна ў дачыненні да яго ёсць элемент «здрады». На саборы быў абвешчаны разрыў з канстантынопальскай патрыярхіяй. Паводле формы было так. А па сутнасці? Ці не Ерамія II, які кіраваў Усходняю царквою ў гады перад Берасцейскай вуніяй, першым здрадзіў сваім духоўным чадам у асобе беларускіх і ўкраінскіх епіскапаў і іх пастве? Ён жа за «шчодрую міласціну» (цэбры золата і вязкі сабалёў) уласнаручна высвяціў незалежнага Маскоўскага патрыярха, надаўшы яму тытул «патрыярха Маскоўскага І ЎСЯЕ РУСІ » (вылучанамною. — В. Г.). А менавіта апошняе прывяло ў адчай украінскіх і беларускіх епіскапаў, бо дасюль гэтакі тытул маглі ўжываць толькі кіеўскія мітрапаліты.
Ерамія II пасварыў украінскія і беларускія брацтвы з уладыкамі, бо даў некаторым з іх так званыя стаўрапігіяльныя (незалежныя ад духоўных пастыраў) правы. Выходзіць, што разрыў беларускіх і ўкраінскіх уладыкаў з дэмаралізаваным ва ўмовах турэцкага панавання цараградскім патрыярхам — гэта здрада. А разрыў з Канстантынопалем, які здзейсніла Масква ў 1589 годзе (калі там з'явілася асобная патрыярхія), — гэта праява найвялікшай дзяржаўнай мудрасці?
Для тых часоў характэрныя праявы культурна-нацыянальнага абуджэння: фармаванне самабытных нацыянальных культур, нацыянальных дзяржаваў, нацыянальных цэркваў. У Чэхіі гэта была гусіцкая царква, у Англіі — англіканская, у Нямеччыне — лютаранская, у Швайцарыі — цвінгліянская, у Францыі — кальвінісцкая, у Шатляндыі — прэсвітэрыянская, у Расеі з 1589 года — самастойнае патрыяршаства.
Цікава, чаму гэта чэхам, шатляндцам, ангельцам, швайцарцам, французам, немцам, расейцам можна было ствараць самастойныя нацыянальныя рэлігійныя арганізацыі, а беларусам і ўкраінцам нельга?
Пры гэтым Маскоўская царква не здабыла нутраной свабоды, а болей стала залежнай ад цароў, ператварылася з часам у дзяржаўную царкву, якой ад часоў Пятра І кіраваў обер-пракурор Сінода — свецкая асоба, залежная ад імператара.
Перайшоўшы ў вуніяцтва, праваслаўныя гіерархі атрымлівалі роўныя правы з каталіцкім клірам, шляхта і месцічы грэцкага абраду таксама мелі роўныя правы з каталіцкімі.
Грэцка-каталіцкія (вуніяцкія) цэрквы будавалі сваю арганізацыю па прыкладах, што браліся з Рыма. Шмат вуніяцкіх святароў атрымлівалі асвету ў рымскіх калегіях, вяртаючыся дадому, яны прыносілі сюды лепшыя арганізацыйныя формы. Вуніяцкія епіскапы рабілі перыядычныя візітацыі (аб'езды) сваіх парафій (прыходаў), дбалі пра падвышэнне культуры духавенства, закладвалі школы і шпіталі, правялі рэформу манастыроў. Сабор 1720 года ў Замосці ўвёў у жыццё беларускага і ўкраінскага грэцка-каталіцкага духавенства аднастайную арганізацыю. Асаблівае значэнне набыў з таго часу рэфармаваны ордэн айцоў базылянаў, які галоўную ўвагу аддаваў пашырэнню школаў і выданню рэлігійных кніжак. На капітуле (радзе пры біскупе) грэцка-каталіцкіх герархаў у Дубне (1783 г.) быў створаны адзін чын святых базылянаў, які арганізацыйна падзяляўся на правінцыі Літоўскую, Беларускую, Каронную і Галіцкую. Цэнтрам выдавецкай дзейнасці ў Беларусі быў Супрасль.
Читать дальше