ПАПРАЎКА XIII. 1865
Раздзел 1. У Злучаных Штатах ці ў якім-небудзь іншым месцы, якое знаходзіцца пад іх юрысдыкцыяй, не павінна быць ні рабства, ні кабалы, акрамя тых выпадкаў, калі гэта з’яўляецца мерай пакарання асобы за злачынства, за якое яна была належным чынам асуджана.
Раздзел 2. Кангрэс мае права ўстанаўліваць парадак прымянення гэтага артыкула адпаведнымі заканадаўчымі актамі.
ПАПРАЎКА XIV. 1868
Раздзел 1. Усе асобы, якія нарадзіліся ці натуралізаваліся ў Злучаных Штатах і падпарадкаваны іх юрысдыкцыі, з’яўляюцца грамадзянамі Злучаных Штатаў і Штата, у якім яны пражываюць. Ніводзін Штат не павінен выдаваць ці выкарыстоўваць законы, якія абмяжоўваюць прывілеі і імунітэты грамадзян Злучаных Штатаў; ніводзін Штат таксама не можа пазбавіць любую асобу жыцця, свабоды ці маёмасці без прадугледжанай у законе працэдуры альбо адмовіць любой асобе, якая знаходзіцца ў яго юрысдыкцыі, у роўнай абароне закону.
Раздзел 2. Прадстаўнікі размяркоўваюцца паміж асобнымі Штатамі адпаведна колькасці насельніцтва, што вызначаецца праз падлік усіх жыхароў Штата, за выключэннем неабкладваемых падаткам індзейцаў. Аднак, калі пры выбранні выбаршчыкаў Прэзідэнта і Віцэ-прэзідэнта Злучаных Штатаў, пры выбранні прадстаўнікоў у Кангрэс, службовых асоб выканаўчых і судовых органаў Штата ці членаў заканадаўчага сходу Штата, каму-небудзь з жыхароў гэтага Штата мужчынскага полу, якія дасягнулі ўзросту дваццаці аднаго года і з’яўляюцца грамадзянамі Злучаных Штатаў, адмаўляецца ў праве голасу ці гэта права абмяжоўваецца якім-небудзь чынам, акрамя выпадкаў абмежавання за ўдзел у паўстанні ці ў іншым злачынстве, норма прадстаўніцтва ад гэтага Штата павінна быць паменшана ў такой прапорцыі, у якой колькасць гэтых грамадзян мужчынскага полу суадносіцца з агульнай колькасцю грамадзян мужчынскага полу гэтага Штата, якія дасягнулі ўзросту дваццаці аднаго года.
Раздзел 3. Ніводная асоба не можа быць сенатарам ці прадстаўніком у Кангрэсе ці выбаршчыкам Прэзідэнта і Віцэ-прэзідэнта альбо займаць любую пасаду, грамадзянскую ці ваенную, на службе Злучаных Штатаў ці любога са Штатаў, калі яна з’яўлялася членам Кангрэса ці службовай асобай Злучаных Штатаў альбо членам заканадаўчага сходу любога Штата ці службовай асобай выканаўчага альбо судовага органа любога Штата і прымала прысягу падтрымліваць Канстытуцыю Злучаных Штатаў, аднак прыняла ўдзел у мяцежу ці ў паўстанні супраць Злучаных Штатаў альбо аказвала дапамогу ці падтрымку іх ворагам. Аднак Кангрэс дзвюма трацямі галасоў кожнай з палат можа ліквідаваць гэтае абмежаванне дзеяздольнасці.
Раздзел 4. Правамернасць дзяржаўнага доўгу Злучаных Штатаў, які санкцыяніраваны законам, у тым ліку даўгі, зробленыя для выплаты пенсій і ўзнагарод за службу ў час падаўлення мяцежу ці паўстання, не падлягае сумненню. Аднак ні Злучаныя Штаты, ні любы са Штатаў не павінен прымаць ці аплочваць ніякіх абавязацельстваў ці даўгоў, якія былі зроблены з мэтай дапамогі мяцежу ці паўстанню супраць Злучаных Штатаў, альбо прызнаваць любыя прэтэнзіі ў сувязі са стратай ці вызваленнем любога раба; усе гэтыя даўгі, абавязацельствы і прэтэнзіі павінны лічыцца незаконнымі і не маюць сапраўднай сілы.
Раздзел 5. Кангрэс мае права ўстанаўліваць парадак прымянення палажэнняў гэтага артыкула адпаведнымі заканадаўчымі актамі.
ПАПРАЎКА XV. 1870
Раздзел 1. Права голасу грамадзян Злучаных Штатаў не павінна адмаўляцца ці абмяжоўвацца Злучанымі Штатамі ці любым Штатам па прызнаку расы, колеру скуры альбо ў сувязі з ранейшым знаходжаннем у кабале.
Раздзел 2. Кангрэс мае права ўстанаўліваць парадак прымянення гэтага артыкула адпаведнымі заканадаўчымі актамі.
ПАПРАЎКА XVI. 1913
Кангрэс мае права ўстанаўліваць і збіраць падаткі з даходаў, якія атрымоўваюцца любым чынам, без размеркавання паміж Штатамі і безадносна ад афіцыйных падлікаў і любых перапісаў насельніцтва.
ПАПРАЎКА XVII. 1913
Сенат Злучаных Штатаў складаецца з сенатараў, па два ад кожнага Штата, якія выбіраюцца яго насельніцтвам на шэсць год; кожны сенатар мае адзін голас. Выбаршчыкі ў кожным Штаце павінны адпавядаць патрабаванням, якія прад’яўляюцца да выбаршчыкаў больш шматлікай палаты заканадаўчага сходу Штата.
Калі ў прадстаўніцтве якога-небудзь Штата ў Сенаце з’яўляюцца вакансіі, выканаўчая ўлада гэтага Штата выдае загад аб правядзенні выбараў для запаўнення гэтах вакансій. Пры гэтым прадугледжана, што заканадаўчы сход Штата можа ўпаўнаважыць выканаўчую ўладу зрабіць часовыя прызначэнні, пакуль насельніцтва не запоўніць вакансіі шляхам выбараў, якія праводзяцца ва ўстаноўленым заканадаўчым сходам парадку.
Читать дальше