Яны проста не ведаюць, які ўдзел рыхтуе лёс таму чалавеку, які пазбавіўся мовы. А каб ведалі, то жахнуліся б. Толькі ж нават гэтага не дадзена іхнім бедным мазгам.
…Старая хроніка данесла да нас жудасную і горкую гісторыю. Тэўтоны захапілі землі прусаў, і старая пруская мова паступова знікла, і вось на турнір мейстэрзінгераў прыйшоў апошні прускі спявак і паэт — вайдэлот. Ён спяваў дзівосныя песні пра подзвігі продкаў, пра каханне і смеласць, пра вернасць і дружбу. Ён апяваў прыгажосць сваёй зямлі, але ніхто яго не разумеў. Яму не далі скончыць, бо рыцары рагаталі, як ашалелыя. І паднеслі старому вайдэлоту прыз… сто гарэхаў свістуноў.
Глыбокі сэнс гэтай гісторыі ясны, як божы дзень: нямы той чалавек, які забыў мову продкаў, і не можа ён спаўна выліць сваю душу, выявіць сябе. Па пальцах можна пералічыць выпадкі, калі, напрыклад, пісьменнік стварае на чужой мове нешта нават не геніяльнае, а проста вартае друкавання, а не сметніка (скажам, паляк Кажанеўскі стаў англійскім пісьменнікам Джозефам Конрадам). Але нават геніяльны Пушкін, дасканала ведаючы французскую, пісаў на ёй дужа пасрэдныя вершы. Тое самае можна сказаць пра польскія вершы Лучыны і рускія — Багдановіча. А яны ж таксама большую частку жыцця чулі рускую і польскую.
Нібы нейкі лёс неўблажымы кіруе рукою таго, хто піша. Нібы цень маці, прамаці ўсіх продкаў, што прайшлі па зямлі з дня з'яўлення на ёй людзей і народаў. І калі пачынаеш пісаць не так, як думалі і гаварылі яны, — немінуча пачынаеш фальшывіць.
У старадаўнія часы, калі яшчэ не склаліся нацыі, мова магла зрабіцца мёртвай мовай, як латынь. Але і тады мовы былі практычна неўміручыя. Тая ж самая латынь не толькі нарадзіла ўсю сям'ю раманаўскіх моў — ад Аргенціны да Румыніі, - не толькі, будучы ўжо мёртвай, цэлымі стагоддзямі была мовай паэзіі і навукі, але і зараз уплывае на нас творамі Катула і Вергілія, Гарацыя і Авідзія, прымушаючы нас смяяцца і плакаць. Што ўжо хадзіць далёка за прыкладам: новая беларуская літаратура пачыналася з пераробкі Вергіліевай "Энеіды", і той жа самы Вергілій вадзіў па пекле заснавальніка новай італьянскай паэзіі, першага паэта новага часу Дантэ.
У новы час скон немагчымы для кожнай больш-менш развітай мовы. Нават неразвітая ўладна ўплывае на сваіх сыноў. Ян Баршчэўскі ў мінулым стагоддзі напісаў па-польску "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях", але і зараз мала хто з такой выразнасцю паказаў быт беларуса, псіхічны склад ягонай душы, яго нацыянальны характар і самую Беларусь. Міцкевіч піша па-польску, але рэаліі яго твораў цалкам беларускія, але і старэйшыя і навейшыя яго даследчыкі лічаць, што сам склад яго мыслення быў беларускі, але творы ягоныя страката перасыпаны вялікім мноствам беларускіх слоў і тых беларуска-польскіх барбарызмаў, што былі ўласцівы шляхце беларускага паходжання. Нездарма ж у паэта Канстанты Галчыньскага ёсць верш, герой якога, чытаючы Міцкевіча, нападае на слова "свежоп", перагортвае ўсе, якія ёсць, слоўнікі польскай мовы, не знаходзіць такога і, не смеючы не верыць Міцкевічу, з'язджае з розуму.
Ужо шэпчуць вакол:
Што гэта зрабілася
з хлопца!
Дзякую, пане Адам!!!
Я ахвяра свежопа.
А на самай справе Міцкевіч проста "палянізаваў" звычайную беларускую "свірэпку" або "свірэп".
Не толькі беларусізмы былі ў яго творчасці. Чытаючы ў Парыжы лекцыі аб славянах, ён сказаў пра беларускую мову, што гэта найбагацейшая і найчысцейшая з усходнеславяскіх моў, адзначаная ўзнёслай прастатой.
Мова неўміручая. Воляю абставін ірландцы, напрыклад, амаль страцілі яе. Свіф, і Уайльд, і Шоў, і дзесяткі іншых людзей, што з'яўляюцца гонарам англійскай літаратуры, былі ірландцы, любілі свой народ, але пісалі воляю няшчасных абставін па-англійску. І вось цяпер ірландская, як і валлійская, баскская, іўрыт, як мовы народаў Афрыкі, якія сотні год ляжалі ў заняпадзе, усталі. Бо мова — душа народа, і толькі на ёй можа народ найбольш поўна выказаць сябе.
Наш лёс таксама быў такі. З часоў росквіту старажытнай беларускай мовы прайшлі стагоддзі вынарадавання, забыцця, свядомага забойства. Акрамя гушчы народнай толькі ў нешматлікіх прыватных школах з закуранымі бэлькамі, у школах, дзе настаўнічалі адстаўныя салдаты ці старыя дзячкі і дзе вучылі акрамя псалціры хіба начаткам пісьма і лічэння, гучала яшчэ беларуская мова. Але было гэта ад беднасці, а не ад багацця.
Кніганошы насілі кнігі з-за мяжы. І за гэтыя беларускія кнігі ім часта плацілі кулямі салдаты з кардонаў. Але ніхто ўсё адно не мог адштурхнуць народ ад сваёй кнігі.
Читать дальше