Ох, як трэба быці ўважлівым да кожнага слова. Нават да "подпісу ў мастака" (с.153). Вось вялікі рамантызм літоўска-беларускага памежжа ў Чурлёніса. І раптам, у хвіліну слабасці (іначай не назавеш, бо самыя складаныя паняцці такі мастак, як Чурлёніс, мог перадаць праз фарбы і лініі, а тут вырашыў "абысціся танна", падмацаваць словам — а мастакі твораць рукой і душою, а ніяк не словам; гэта за іх, часта няўдала, робяць крытыкі), перадае на палатне (!) словы Бога (!) у момант стварэння сусвету (!): "Stan sie!"
Бог (а бацька мастака — касцёльны арганіст) самыя важлівыя свае словы (дзеля якіх яго і шануюць) сказаў на мове пераважнай большасці тых, што адпачывалі тады ў модных Друскеніках. Ну а на якой мове сказаў бы ён гэта зараз? Хто пераважае там зараз?
Не-е, тут нешта не тое. Бога ў гэтыя справы ўблытваць не варта. Але свае чалавечыя адносіны да створанага табою свету — можаш і павінны.
…Гучаць і гучаць дзесяткі розных, непадобных, часам супярэчлівых галасоў.
Паэтава супярэчлiвасць (с.204). Па-руску ёсць i iншае адценне сэнсу: "противо-речь-е". I адна "рэч" супярэчыць другой, а адна "речь" — iншая.
Мы верым гэтаму. Але, пакуль тое, "нямыя радкі" выказваюцца… па-беларуску.
У кнізе маса глыбокіх і цікавых думак. Цікавых, бо новых і ўпершыню ў такім аб'ёме сабраных у адно. Думак, якія карысна ведаць і дзеячу вытворчаці, і дзеячу культуры, і дзяржаўнаму дзеячу. І за кожнай думкай жывая душа, і многім такім душам спачуваеш. Бо гэта каструбаватая, з усіх бакоў узятая, голая праўда, падабаецца яна мне ці не.
Так думаюць людзі. А гэта заўсёды трэба ведаць.
Вось скардзіцца дзяўчына семнаццаці год. Ёй здаецца, што яна ў пытанні, якое ўздымае кніга, няшчасная. Дурненькая, сотні людзей пачыналі пазней за цябе. Той самы Купала. Ты яшчэ сто разоў можаш зрабіцца шчаслівай. Ніколі не позна.
…Настаўнікаў такіх сапраўды (с.40) ад школы, ад дзіцячай душы паганай мятлою трэба гнаць. Продкі мелі рацыю: "Здраду прымаюць, а здрадніка вешаюць". Як не прыняць, калі на тваю карысць? Але здрадзіў ён іншым — жорстка здрадзіць і табе. Абапірайся на цвёрдых, сумленных, хай непакорліва-самастойных, але непадкупных.
Прыехаўшы ў суседнюю краіну, я стараюся гаварыць на яе мове. Калі дужа захачу — бывае, што й досыць паспяхова. Бо не хадзі са сваім статутам у чужы манастыр. Хай кепска, але старайся гаварыць на мове гаспадара, тады ён цябе паважаць будзе: "Добры чалавек, стараецца хоць слова па-нашаму сказаць. Пэўна, і сваю мову паважае, пэўна, яна — вартая таго".
Мае рацыю настаўнік з Мядзельшчыны: "Людзі, якія забыліся сваё мінулае, сваю культуру, сваю мову, ператвараюцца ў табун, які жадае толькі аднаго — набіць бруха або кішэню". На жаль, праўда. І, на жаль, гэтая чарада сям-там расце. А верыць такім нельга. І паважаць няма за што. А наконт "у раи воздастся" — чулі мы гэтыя байкі пра райскую канюшыну.
Або вось жанчына "са сферы сервісу": "Калі мільёны адмаўляюцца — што ж тут адзінкі зробяць?" Псіхалогія адчаю і духоўнай ніцасці. Ну а каб А. С. Грыбаедаў не пытаў:
Воскреснем ли когда от чужевластья мод?
Чтоб умный, добрый наш народ
Хотя по языку нас не считал за немцев.
Каб уся інтэлігенцыя не спытала так — дзе была б Расія? Каб Месроп Маштоц тысячу пяцьсот год таму не прыдумаў алфавіта — дзе была б Арменія? Каб адзінкі з "блакітнай ружы" не гінулі — дзе быў бы гонар гётэўскай Германіі?
Адзінка толькі тады "нічога не можа", калі яна — амёба (ды й тое можа; скажам, можа, каб горад вымер ад дызентэрыі, калі ты амёба — носьбіт гэтай заразы). Або проста носьбіт рэптыльнай баязлівасці.
Ёсць там у кнізе адзін такі "вучоны за семдзесят год". Хаця — ну чаго табе баяцца? Табе за семдзесят, і нават калі б, крый Божа, нейкі звар'яваны гітлер здолеў бы на нейкую гадзіну захапіць уладу ў тваім доме — што ўжо асабіста табе? Хаця? Калі за семдзесят год не здолеў зрабіць нічога добрага і годнага, тады, мабыць, і хочацца зберагчы жалю вартыя рэшткі мала каму, акрамя цябе, патрэбнага жыцця. Бо пры жыцці хоць сусед ці пляменнік помняць (грошай пазычыць), а хто ўспомніць пасля смерці? І вось гэты "за семдзесят" б'е ў пастронкі і закачвае ад невытлумачальнага жаху вочы:
"Я не хочу к этой проблеме иметь никакого отношения!.. Я не хочу быть к этому делу причастен ни в коей мере".
"Сколько, например, общих слов в белорусском и русском языках — это проблема".
"Считайте, что я ничего не читал и что мы с вами ни о чем не говорили… Кому передать ваши "материалы"?"
Читать дальше