Гэта была сапраўдная маніфэстацыя. З вакон гасьцініцы супроць вакзалу нейкія пані махалі хустачкамі і крычалі:
— Heil! [48] Нямецкае прывітанне.
«Да крыкаў» «На здар!» прымешвалася «Heil». Якомусьці энтузіясту з натоўпу, які выкарыстаў гэты момант і крыкнуў:
— Nieder mit den Serben! [49] Далоў сэрбаў!
— падставілі ножку i зьлёгку прайшлі па ім нагамі ў імпровізаванай цісканіне.
«Ідуць!» — усё далей і далей, як электрычны ток, перадавалася ў натоўпе.
Канвой з арыштаванымі набліжаўся. Швэйк махаў натоўпу рукой з-пад штыхоў канвойных. Вольнапісаны з сур‘ёзным тварам аддаваў чэсьць.
Яны ўзышлі на вакзал і прайшлі да пададзенага ўжо воінскага цягніка. Капэля стралковага палка чуць была ня грымнула ім насустрач: «Сьцеражы нам, божа, гасудара», бо капэльмэйстар быў зьбіты з панталыку нечаканай маніфэстацыяй. Але на шчасьце ў пору пасьпеў у сваім чорным кацялку обэр-фэльдкурат з 7-й кавалярыйскай дывізіі, патэр Лаціна, і стаў наводзіць парадак.
Патэр Лаціна, страх усіх афіцэрскіх сталовак, абжора і п‘яніца, прыехаў напярэдадні, ў Будэйовіцы і, як быццам выпадкова, трапіў на баль афіцэраў, што ад‘яжджалі з палком. Напіўшыся і наеўшыся за дзесяцерых, ён у больш-менш нецьвярозым выглядзе пашоў у афіцэрскую кухню прасіць У кухароў астачы. Там ён праглынуў цэлыя талеркі падліўкі і кнэдлікаў і паабгрызаў усе косьці. Дарваўшыся нарэшце ў сьпіжарні да рому, ён нахлябтаўся да ванітаў, а потым вярнуўся на разьвітальны вечарок, дзе ўсіх перапіў.
У гэтай справе ён меў багатую практыку, і афіцэрам 7-й кавалярыйскай дывізіі заўсёды прыходзілася за яго расплачвацца.
Назаўтра рана яму ўздумалася наглядаць за парадкам пры адпраўцы першых эшалёнаў палка. З гэтаю мэтаю ён насіўся сюды і туды ўздоўж шпалераў і праяўляў на вакзале такую кіпучую дзейнасьць, што афіцэры, якія кіравалі адпраўкаю эшалёнаў, замкнуліся ад яго ў канцылярыі начальніка станцыі.
Дык вось ён якраз упору зьявіўся перад самым вакзалам і вырваў дырыжэрскую палачку з рук капэльмайстра, які ўжо замахнуўся грымнуць гімн: «Сьцеражы нам, божа, гасудара.»
— Стой! — крыкнуў обэр-фэльдкурат, — яшчэ рана. Я вам тагды падам знак. А пакуль што «зважай!» Я зараз прыду.
Пасьля гэтага ён увайшоў у вакзал, дагнаў канвой і спыніў яго крыкам: «Стой!»
— Куды? — строга запытаўся ён у капрала, які зусім ужо ня ведаў, што яму рабіць.
За яго адказаў Швэйк:
— Нас павязуць у Брук, пан обэр-фэльдкурат. Калі хочаце, можаце ехаць з намі.
— I паеду! — сказаў патэр Лаціна і, абярнуўшыся да канвойных, крыкнуў: — Хто кажа, што, я не магу ехаць? Шагам марш!
Апынуўшыся ў арыштанскім вагоне, обэр-фэльдкурат лёг на лаўцы, а добры Швэйк зьняў свой шынэль і падлажыў яго патэру Лаціне пад голаву.
Вольнапісаны, зьвяртаючыся да зьбянтэжанага капрала, на паўголаса заўважыў:
— He пакіньце фэльдкуратаў у літасьці сваёй.
Патэр Лаціна, выгодна разьлёгшыся на лаўцы, пачаў чытаць лекцыю:
— Рагу з грыбамі, панове, выходзіць тым смачней, чым больш паложана туды грыбоў. Але перад гэтым грыбы трэба абавязкова падсмажыць з цыбуляю і толькі пасьля гэтага палажыць туды лаўровага лісту і цыбулі.
— Вы-ж ужо палажылі цыбулю раней, — заўважыў вольнапісаны.
Капрал пры гэтых словах глянуў на яго поўнымі адчаю вачыма, бо для яго патэр Лаціна быў хоць, праўда, і п‘яным але ўсё-ж такі начальствам.
Становішча капрала было сапраўды адчайным.
— Пан обэр-фэльдкурат бясспрэчна мае рацыю, падтрымаў Швэйк обэр фэльдкурата: — Чым больш цыбулі, тым лепш. Адзін півавар у Пакамэржыцах заўсёды клаў у піва цыбулю, бо, кажуць, цыбуля выклікае смагу. Наогул цыбуля вельмі, карысная рэч. Печаную цыбулю прыкладваюць таксама на скулу.
Патэр Лаціна мармытаў далей як праз сон:
— Усё залежыць ад карэньняў ад таго, якіх карэньняў і колькі палажыць Але каб не пераперчыць, не… — ён гаварыў усё цішэй і цішэй: — не пераперчыць, не перагвазьдзічыць, не пералімоніць, не перакачаніць, перамуска…
Ён не дагаварыў і захроп, прысьвістваючы.
Аслупянелы капрал утаропіўся на яго.
Канвойныя сьмяяліся паціху.
— Прачнецца ня скора, — сказаў Швэйк. — Здорава налізаўся!
Капрал спужана замахаў на яго рукамі, каб ён змоўк.
— Чаго там, — казаў далей Швэйк, — п‘яны, як гразь, і ўсё тут. А яшчэ ў чыне капітана! У іх, у фэльдкуратаў, у якім-бы чыне ня быў, ва ўсіх, мусіць, ужо так самім богам вызначана: з кожнай прычыны напівацуа да няпрытомнасьці. Я служыў у фэльдкурата Каца, дык той мог свой уласны нос прапіць. Той яшчэ не такія штукі вырабляў. З тым мы прапілі дарахавальніцу, і прапілі-б, напэўна і самога пана бога, каб нам ў заклад пад яго што-небудзь пазычылі.
Читать дальше