Швэйк падышоў да патэра Лаціны, павярнуў яго да сьцяны і з выглядам чалавека спрактыкаванага сказаў:
— Будзе пухнуць да самага Бруку… — і вярнуўся на сваё месца, пад адчайным поглядам няшчаснага капрала, які прамармытаў:
— Трэба было б пайсьці заявіць.
— Гэта прыдзецца вам пакінуць, — сказаў вольнапісаны. — Вы — начальнік канвою і ня маеце права пакідаць нас. Апрача таго, паводле статуту вы ня маеце права адсылаць нікога з канвойных, калі ў вас няма другога, які-б таго заступіў. Як бачыце, становішча беспараднае. Стрэліць у паветра, каб хто-небудзь прыбег, таксама нядобра — тут нічога ня здарылася. Але, з другога боку, існуе загад, што ў арыштанскім вагоне не павінна быць нікога, апрача арыштантаў і канвою; сюды ўваход пабочным асобам строга забараняецца. А калі-б вы захацелі замесьці сьляды свайго злаўчынку і няпрыкметным чынам паспрабавалі скінуць обэр-фэльдкурата на ўсім хаду з цягніка, то гэта таксама ў вас ня выгарыць, бо тут ёсьць сьведкі, якія бачылі, што вы ўпусьцілі яго ў вагон, у якім яму быць не належыць. Так, пан капрал, гэта пахне ня чым іншым як разжалваньнем.
Капрал нерашуча запротэставаў, што ён ня пускаў у вагон обэр-фэльдкурата, а обэр-фэльдкурат сам да іх далучыўся і як ні кажы — начальства.
— Тут адно толькі начальства — вы, — цьвёрда сказаў вольнапісаны, а Швэйк дадаў:
— Калі-б да нас хацеў прымазацца хоць сам гасудар-імпэратар, вы-б ня мелі права гэтага дапусьціць. Усёроўна, як-бы да навабранца, які стаіць на варце, падышоў афіцэр з інспэкцыі і папрасіў-бы яго зьбегаць па папяросы, а той-бы яшчэ стаў распытвацца, якога гатунку папярос прынесьці. За такія жарцікі саджаюць у крэпасьць.
Капрал баязьліва заўважыў, што Швэйк сам першы сказаў обэр-фэльдкурату, што той можа ехаць разам з імі.
— Я гэта сабе магу дазволіць, пан капрал, — адказаў Швэйк, — бо я ідыёт, але ад вас гэтага ніяк нельга было чакаць.
— Ці даўно вы на тэрміновай службе? — запытаўся як-бы між іншым капрал у вольнапісанага.
— Трэці год. Цяпер мне павінны даць годнасьць унтэр-афіцэра.
— На гэтай справе можаце паставіць крыжык, — цынічна сказаў вольнапісаны. — Як я ўжо сказаў, тут пахне разжалаваньнем.
— Урэшце ўсёроўна, — адгукнуўся Швэйк: — ці быць забітым у якасьці ўнтэр-афіцэра ці ў якасьці простага радавога. Праўда, разжалаваных, кажуць, пхаюць у самыя першыя рады.
Обэр-фэльдкурат заварушыўся.
— Пухне, — абвясьціў Швэйк, пераканаўшыся, што з обэр-фэльдкуратам ўсё ў парадку. — Яму, мусіць, жраньнё прысьнілася. Аднаго баюся, каб ён чаго-небудзь нам тут не нарабіў. Мой фэльдкурат Кац дык той, калі, бывала, нахлебчацца, дык у сьне зусім ня чуецца. Раз, уявеце…
І Швэйк пачаў расказваць пра здарэньні з свае практыкі ў фэльдкурата Отто Каца з такімі цікавымі падрабязнасьцямі, што ніхто не заўважыў, як цягнік крануўся.
Апавяданьне Швэйка было перапынена ровам, які даносіўся з задніх вагонаў. 12-я рота, якая складалася з адных крумлоўскіх і кашпэрскіх немцаў, гарлала песьні:
Wann isch kum, wann isch kum,
Waun isch wieda, wieda kum [50] Калі прыеду я назад…
.
З другога вагону нехта адчайна пеў романс, зьвяртаючыся з сваімі крыкамі да пакінутых Будэйовіц:
Und du, mein Schatz
Bleibst hier.
Holario, holario, holo [51] А ты, мой скарб, застаешся тут.
.
Сьпевака адцягнулі ад адчыненых дзьверцаў цялячага вагону яго сябры.
— Дзіўна, што сюды ня прышлі з праверкаю, — сказаў капралу вольнапісаны. — Паводле інструкцыі вы павінны былі далажыць пра нас камэнданту цягніка яшчэ на вакзале, а не валаводзіцца з некім п‘яным обэр-фэльдкуратам.
Няшчасны капрал упарта маўчаў і глядзеў, як беглі назад тэлеграфныя слупы.
— Гэта-ж варта толькі падумаць, што нікому пра нас ня было даложана, — кпіў далей хітры вольнапісаны, — і што на першай-жа станцыі да нас, як піць даць, улезе камэндант цягніка, як ва мне ўздымаецца кроў, кроў салдата Нібы мы якія-небудзь…
— Цыганы, — падхапіў Швэйк, — ці валацугі. Робіцца ўражаньне, нібы мы баімся божага сьвету, нібы мы ня хочам заявіць пра свае існаваньне ад страху, што нас арыштуюць.
— Апрача таго, — сказаў вольнапісаны, — на падставе распараджэньня ад 21 лістапада 1879 году пры перавозцы арыштантаў па чыгунцы павінны захоўвацца наступныя правілы: па-першае, арыштанскі вагон павінен быць забясьпечан кратамі — гэта зусім ясна, і ў гэтым выпадку першае правіла захована: мы знаходзімся за бездакорна моцнымі кратамі. Гэта значыць у парадку. Па-другое, у дадатак да распараджэньня ад 21 лістапада 1879 году ў кожным арыштанскім вагоне павінна быць прыбіральня. Калі ж яе няма, то вагон павінен быць забясьпечан пасудзінаю з накрыўкаю для выкананьня вялікай і малой патрэбы арыштантаў і канвою. У даным выпадку пра арыштанскі вагон з прыбіральняю і гаварыць ня прыходзіцца: мы знаходзімся проста ў адгарожаным купэ, ізоляваным ад усяго сьвету. Таксама няма тут і гэтай самай пасудзіны…
Читать дальше