Разьдзел III
Прыгоды швэйка ў Кіраль-Хідзе
91-ы полк пераводзілі ў горад Мост на Літаве — у Кіраль-Хіду [43] У далейшым тэксьце сустракаецца таксама нямецкая назва гэтага гораду — Брук.
.
Швэйк прасядзеў пад арыштам тры дні. За тры гадзіны да таго моманту, калі ён павінен быў выйсьці на волю, яго разам з вольнапісаным завялі на гаўптвахту, а адтуль пад канвоем накіравалі на вакзал.
— Даўно было ясна, што нас перавядуць у Вэнгрыю, — сказаў Швэйку вольнапісаны па дарозе. — Там будуць формавацца маршавыя батальёны, а нашы салдаты тым часам налаўчацца страляць і паб‘юцца з мадзьярамі, пасьля чаго мы з песьнямі паедзем на Карпаты. У Будэйовіцах-жа разьмесьцяць мадзьярскі гарнізон, і пачнецца мешаніна плямён. Існуе такая тэорыя, што згвалчаньне дзяўчат іншай нацыянальнасьці — лепшы сродак супроць выраджэньня. У часы трыццацігадовай вайны гэта рабілі швэды і гішпанцы, пры Наполеоне французы, а цяпер тое-ж самае будуць рабіць мадзьяры ў Будэйовіцкім краі. Але, вядома, гэта ня будзе мець характару грубага згвалчаньня. Усё выйдзе само сабою. Адбудзецца просты абмен: чэскі салдат будзе спаць з вэнгерскай дзяўчынай, а бедная чэская дзяўчына прыме да сябе вэнгерскаса гонвэда. Глядзіш, праз некалькі стагодзьдзяў паўстане цікавае для антрополёгаў пытаньне: якім чынам у народа, што жыве на берагох Мальшы, зьявіліся пукатыя скулавыя косьці?
— Цікавая рэч — перакрыжаванае спаркаваньне, — заўважыў Швэйк. — Жыве ў Празе кэльнэр-нэгр, Хрысьціян. Бацька яго быў абісінскім каралём; у Празе, на Штваніцы [44] Востраў на Влтаве.
, у цырку, яго паказвалі. У гэтага караля закахалася адна настаўніца, якая пісала ў часопісі «Лада» вершыкі пра пастушкоў і раўчукі. Настаўніца пашла з ім у мэбляваныя пакоі і «аддалася распусьце», як гаворыцца ў сьвятым пісаньні. I як жа яна зьдзівілася, калі ў яе потым нарадзіўся зусім белы хлопчык! Аднак не прайшло і двух тыдняў пасьля нараджэньня, як хлопчык пачаў рабіцца шэрым. Шарэў, шарэў, а праз месяц пачаў чарнэць. Праз паўгода быў хлапчук чорны, як бацька — абісінскі кароль. Маці пашла з ім у клініку па скураных хваробах прасіць, ці нельга як-небудзь з яго фарбу вывесьці, але ёй сказалі, што ў хлапчука сапраўдная арапская скура і што тут нічога ня зробіш. Ад гэтага ўсяго настаўніца звар‘яцела і пачала пасылаць ва ўсе часопісі, у аддзел «Парады чытачом» запытаньні, які спосаб ёсьць супроць арапаў. Яе завезьлі да Картэжніка [45] Псыхіатрычная клініка.
, а хлопчыка аддалі ў сірочы дом. Вось была з ім пацеха, пакуль ён выхоўваўся. Потым ён вучыўся за кэльнэра і выступаў з танцамі ў начных кафэ. Цяпер ад яго з посьпехам нараджаюцца чэхі-мулаты, але ўжо не такія чорныя, як ён сам. Аднак, як тлумачыў нам фэльчар у шынку «У Келіха», справа з афарбоўкай зусім не такая простая: хоць далейшыя пакаленьні мулатаў ужо не адрозьніваюцца ад белых зусім, але праз некалькі пакаленьняў можа раптам зьявіцца нэгр. Уявеце сабе такі скандал: вы, напрыклад, жэніцеся з якой-небудзь паненкай. Белая, сучая дачка, абсолютна, і ў адзін прыгожы дезнь, наце! нараджае вам нэгра. А калі за дзевяць месяцаў перад гэтым яна была разок бяз вас у вар‘етэ і глядзела францускую барацьбу з удзелам нэгра то ясна, што такая акалічнасьць вас трохі зьбянтэжыць.
— Ваш выпадак з нэграм Хрысьціянам трэба абмеркаваць з пункту погляду сусьветнай вайны, — сказаў вольнапісаны. — Няхай, напрыклад, здарылася, што нэгра гэтага прызвалі і ён як пражанін, папаў у 28-ы полк. Як вы чулі, 28-ы полк перайшоў да рускіх. Уявеце, як зьдзівіліся-б рускія, узяўшы ў палон нэгра Хрысьціяна. У рускіх газэтах напэўна напісалі-б што Аўстрыя гоніць на вайну сваё колёніяльнае войска (якога ў яе няма) і што Аўстрыяй пушчаны ў ход чорнаскурыя рэзэрвы.
— Памятаю гаварылася, што ў Аўстрыі колёніі ёсьць, — сказаў Швэйк, — недзе на поўначы. Якаясьці там Зямля імпэратара Франца-Іосіфа.
— Кіньце лепш, хлопцы, — умяшаўся адзін з канвойных. — Цяпер заводзіць гаворку пра Зямлю імпэратара Франца-Іосіфа небясьпечна. Самае лепшае — не называйце імён.
— А вы гляньце пры выпадку на карту, — сказаў вольнапісаны. — Існуе сапраўды зямля нашага літасьцівейшага монарха імпэратара Франца-Іосіфа. Паводле вестак географічнай статыстыкі, там адзін только лёд, які і вывозіцца адтуль на ле даколах, што належаць парыскім халадзільням. Наша маладая ледзяная прамысловасьць заваявала сабе і за граніцай належную ацэнку і надзвычайную цікавасьць, бо прадпрыемства гэта вельмі прыбытковае, хоць і небясьпечнае. Найбольшаю небясьпекаю пры экспортаваньні лёду з Зямлі Франца-Іосіфа зьяўляецца пераправа лёду цераз палярнае кола. Уяўляеце сабе, вядома?
Читать дальше